Выбрать главу

— Я хаджу на мітынгі, таму што колькі можна трымаць нас за лохаў. Вярніце выбары, гады! Першы раз на Балотнай плошчы сабралася сто тысяч, ніхто не чакаў, што прыйдзе столькі людзей. Трывалі, трывалі, і ў нейкі момант хлусня і беззаконне зашкалілі: усё — досыць! Усе глядзяць выпускі навін або чытаюць навіны ў інтэрнэце. Гавораць пра палітыку. Быць у апазіцыі стала модна. Але я баюся…

— Я баюся, што мы ўсе балбатуны… Пастаім на плошчы, пакрычым і вернемся да сваіх компаў і будзем сядзець у інтэрнэце. Застанецца толькі адно: «Як мы класна патусаваліся!» Ужо я з гэтым сутыкнуўся: трэба было да чарговага мітынгу намаляваць плакаты, разнесці ўлёткі — усе адразу растварыліся…

— Я раней была далёкая ад палітыкі. Мне хапала працы і сям’і, я была пераканана, што па вуліцах хадзіць дарэмна. Мяне больш прыцягвала тэорыя малых спраў: я працавала ў хоспісе, улетку, калі гарэлі лясы пад Масквой, вазіла прадукты і рэчы пагарэльцам. Розны досвед быў… А мама ўвесь час сядзела каля тэлевізара. І яе, відаць, дасталі гэтыя хлусы і злодзеі з чэкісцкім мінулым, яна ўсё мне пераказвала. Мы пайшлі на першы мітынг разам, а маме маёй семдзесят пяць гадоў. Яна — акторка. Купілі на ўсялякі выпадак кветкі. Не будуць жа страляць у людзей з кветкамі!

— Я нарадзіўся ўжо не ў СССР. Калі мне штосьці не падабаецца, я выходжу на вуліцу і пратэстую. А не балабоню пра гэта на кухні перад сном.

— Я баюся рэвалюцыі… Ведаю: будзе рускі бунт, бязлітасны і бессэнсоўны. Але адседжвацца дома ўжо сорамна. Мне не патрэбны «новы СССР», «абноўлены СССР», «праўдзівы СССР». Са мной нельга так, што мы, маўляў, тут селі ўдвух і вырашылі: сёння — ён прэзідэнт, а заўтра — я. Піпл пракаўтне. Мы — не быдла, мы — народ. На мітынгах я бачу тых, каго ніколі раней там не бачыў: загартаваныя ў барацьбе шасцідзясятнікі-сямідзясятнікі і шмат студэнтаў, а нядаўна ім было напляваць на тое, што там, праз зомбаскрынку, у нас пхаюць… І дамы ў норкавых футрах, і маладыя хлопцы, якія прыехалі на мітынг на «мерседэсах». Нядаўна іх вабілі грошы, рэчы, камфорт, але выходзіць, што гэтага мала. Ім гэтага ўжо не хапае. Як і мне. Ідуць не галодныя, а сытыя. Плакаты… народная творчасць… «Пуцін, сыдзі сам!», «Я не галасаваў за гэтую сволач, я галасаваў за іншую сволач!» Мне спадабаўся плакат «Вы нас нават не ўяўляеце». Мы не збіраліся штурмам браць Крэмль, мы хацелі сказаць, хто мы. Сыходзілі і скандавалі: «Мы яшчэ вернемся».

— Я — чалавек савецкі, я ўсяго баюся. Яшчэ дзесяць гадоў таму я ні за што б не выйшла на плошчу. А цяпер ніводнага мітынгу не прапускаю. Была на праспекце Сахарава і на новым Арбаце. І на Белым кальцы. Вучуся быць свабоднай. Я не хачу памерці такой, якая я цяпер, — савецкай. Вычэрпваю з сябе сваю савецкасць вёдрамі… Я хаджу на мітынгі, таму што туды ходзіць мой муж…

— Я — чалавек немалады. Хачу яшчэ пажыць у Расіі без Пуціна.

— Дасталі габрэі, чэкісты, гомасэксуалісты…

— Я — левы. Я перакананы: мірным шляхам нічога нельга дамагчыся. Я прагну крыві! Без крыві ў нас вялікія справы не робяцца. Навошта мы выходзім? Я стаю і чакаю, калі мы пойдзем на Крэмль. Гэта ўжо не гульні. Крэмль даўно трэба было браць, а не хадзіць і крычаць. Дайце каманду ўзяць вілы і лом! Я чакаю.

— Я разам з сябрамі… Мне сямнаццаць гадоў. Што я ведаю пра Пуціна? Я ведаю, што ён дзюдаіст, атрымаў восьмы дан па дзюдо. І, здаецца, гэта ўсё, што я пра яго ведаю…

— Я не Чэ Гевара, я баязліўка, але я ніводнага мітынгу не прапусціла. Хачу жыць у краіне, за якую мне не сорамна.

— У мяне характар такі, што я павінна быць на барыкадах. Мяне так выхавалі. Мой бацька добраахвотнікам паехаў на ліквідацыю наступстваў землятрусу ў Спітаку. Праз гэта рана памёр. Інфаркт. З дзяцінства я жыву не з татам, а з фотаздымкам таты. Ісці ці не ісці — кожны сам павінен вырашыць. Мой бацька сам паехаў… а мог не ехаць… Сяброўка таксама хацела пайсці са мной на Балотную плошчу, потым патэлефанавала: «Разумееш, у мяне малое дзіця». А ў мяне старэнькая мама. Я сыходжу, яна смокча валідол. Але я ўсё роўна іду…

— Хачу, каб дзеці мною ганарыліся…

— Мне гэта трэба для самапавагі…

— Трэба паспрабаваць нешта зрабіць…

— Я веру ў рэвалюцыю… Рэвалюцыя — гэта доўгая і ўпартая праца. У 1905 годзе першая руская рэвалюцыя скончылася правалам і разгромам. А праз дванаццаць гадоў — у 1917 годзе рванула так, што разнесла царскі рэжым ушчэнт. Будзе і ў нас свая рэвалюцыя!

— Я іду на мітынг, а ты?

— Я асабіста стаміўся ад дзевяноста першага… ад дзевяноста трэцяга… Не хачу больш рэвалюцый! Па-першае, рэвалюцыі рэдка бываюць аксамітнымі, а па-другое, у мяне ёсць досвед: нават калі мы пераможам, будзе як у дзевяноста першым. Эйфарыя хутка скончыцца. Поле бою дастанецца марадзёрам. Прыйдуць гусінскія, беразоўскія, абрамовічы…