— Я супраць антыпуцінскіх мітынгаў. Рух ідзе пераважна ў сталіцы. Масква і Пецярбург за апазіцыю, а правінцыя за Пуціна. Мы што, дрэнна жывём? Хіба не лепш стала жыць? Страшна гэта страціць. Усе памятаюць, як напакутаваліся ў дзевяностыя. Нікому неахвота зноў зламаць усё нахер і крывёю заліць.
— Я не фанат пуцінскага рэжыму. Надакучыў «царок», хочам, каб змяняліся кіраўнікі. Перамены, вядома, патрэбныя, але не рэвалюцыя. І калі шпурляюць асфальтам у паліцыю, мне таксама не падабаецца…
— Усё праплаціў Дзярждэп. Заходнія лялькаводы. Адзін раз па іх рэцэптах мы зрабілі перабудову, і што з гэтага атрымалася? Нас засунулі ў такую яму! Я хаджу не на гэтыя мітынгі, а на мітынгі за Пуціна! За моцную Расію!
— За апошнія дваццаць гадоў малюнак некалькі разоў цалкам змяняўся. А вынік? «Пуцін, сыходзь! Пуцін, сыходзь!» — чарговая мантра. Я не хаджу на гэтыя спектаклі. Ну сыдзе Пуцін. І сядзе на трон новы самаўладца. Як кралі, гэтак і будуць красці. Застануцца запляваныя пад’езды, кінутыя старыя, цынічныя чыноўнікі і нахабныя даішнікі… і хабар будзе лічыцца нормай… Які сэнс мяняць урад, калі мы самі не змяняемся? Ні ў якую дэмакратыю ў нас я не веру. Усходняя краіна… Феадалізм… Папы замест інтэлектуалаў…
— Не люблю натоўп… Статак… Натоўп ніколі нічога не вырашае, вырашаюць асобы. Улада пастаралася, каб наверсе не было яркіх асобаў. У апазіцыі няма ні Сахарава, ні Ельцына. Не нарадзіла «снежная» рэвалюцыя сваіх герояў. Дзе праграма? Што рабіць збіраюцца? Паходзяць, пакрычаць… І той жа Нямцоў… Навальны… пішуць у твітары, што паехалі на канікулы на Мальдывы або ў Тайланд. Захапляюцца Парыжам. Уявіце сабе, што Ленін у сямнаццатым годзе паехаў пасля чарговай дэманстрацыі ў Італію або пакатацца на лыжах у Альпы…
— Я не хаджу на мітынгі і не хаджу галасаваць. Я не маю ілюзіяў…
— А вы ў курсе, што апрача вас ёсць яшчэ Расія? Да Сахаліна… Дык вось яна не хоча ніякіх рэвалюцый — ні «аранжавай», ні «ружовай», ні «снежнай». Хопіць рэвалюцый! Пакіньце Радзіму ў спакоі!
— Мне пляваць на тое, што будзе заўтра…
— Я не хачу ісці ў адной калоне з камуністамі і нацыяналістамі… з нацыкамі… Вы б пайшлі на марш з Ку-клус-кланам у балахонах і з крыжамі? Якую б выдатную мэту гэты марш ні меў. Мы пра розную Расію марым.
— Не хаджу… Баюся, што дадуць дубцом па галаве… Трэба маліцца, а не на мітынгі хадзіць. Гасподзь паслаў нам Пуціна…
— Мне не падабаюцца рэвалюцыйныя сцягі за акном. Я за эвалюцыю… за будаўніцтва…
— Не хаджу… І не буду апраўдвацца, што не хаджу на палітычныя шоу. Танныя панты — гэтыя мітынгі. Трэба самому жыць, як вучыў Салжаніцын, не па хлусні. Без гэтага мы ні на міліметр не прасунемся. Будзем хадзіць па замкнёным коле.
— Люблю Радзіму і так…
— Я выключыў дзяржаву з зоны сваіх інтарэсаў. Мае прыярытэты — сям’я, сябры і мой бізнес. Ясна растлумачыў?
— А ці не вораг ты народа, грамадзянін?
— Нешта абавязкова адбудзецца. І хутка. Пакуль яшчэ не рэвалюцыя, але пах азону адчуваецца. Усе чакаюць: хто, дзе, калі?
— Я толькі жыць нармальна пачаў. Дайце пажыць!
— Спіць Расія. Не трэба марыць.
ДЗЕСЯЦЬ ГІСТОРЫЙ БЕЗ ІНТЭР’ЕРУ
ПРА РАМЭА І ДЖУЛЬЕТУ…ТОЛЬКІ ЗВАЛІ ІХ МАРГАРЫТА І АБУЛЬФАЗ
Маргарыта К. — армянская бежанка, 41 год
— Ой! Я не пра гэта… Не пра гэта хачу… Я ведаю іншае…
Я да гэтага часу сплю, закінуўшы рукі за галаву, звычка тых гадоў, калі было шчасце. Я так любіла жыць! Я — армянка, але нарадзілася і вырасла ў Баку. На беразе мора. Мора… маё мора! Я з’ехала, але я люблю мора, людзі і ўсё астатняе мяне расчаравалі, я люблю толькі мора. Мне яно часта сніцца — шэрае, чорнае, фіялетавае. І маланкі! Маланкі скачуць разам з хвалямі. Любіла глядзець удалечыню, глядзець, як увечары сядае сонца, яно да вечара такое чырвонае, што, здаецца, шыпіць, апускаючыся ў ваду. Камяні, нагрэтыя за дзень, цёплыя камяні, быццам жывыя. Я любіла глядзець на мора раніцай і днём, увечары і ўночы. Ноччу з’яўляліся кажаны, і я іх вельмі палохалася. Спявалі цыкады. Поўнае неба зорак… нідзе няма столькі зорак… Баку — найбольш дарагі мне горад… Найбольш дарагі, нягледзячы ні на што! У сне я часта гуляю па Губернатарскім садзе і Нагорным парку… падымаюся на замкавую сцяну… І адусюль відаць мора — караблі і нафтавыя вышкі… З мамай мы любілі заходзіць у чайхану і піць чырвоны чай. (На вачах слёзы.) Мама — у Амерыцы. Плача і сумуе. Я — у Маскве…