Выбрать главу

А гэты світанак… Нідзе ні душы, толькі мы. І туман з мора. Я іду басанож, з-пад асфальту туман паўзе, як пара. Ізноў — цуд! З’яўляецца раптам — сонца! Святло… асвятленне… як пасярод летняга дня… На мне імгненна высыхае мая летняя сукенка, вільготная ад расы.

«Ты такая прыгожая!» А ты… ты… (На вачах слёзы.) Іншым кажу: не трэба плакаць… А сама… Усё прыгадваецца… прыгадваецца… Але кожны раз усё меней галасоў, і сноў усё менш. Я марыла тады… я лётала! Толькі… Не было! Не было ў нас хэпі-энду: белай сукенкі, маршу Мендэльсона, вясельнага падарожжа… Хутка, вельмі хутка… (Маўчыць.) Нешта хацела сказаць… Нешта… Забываю самыя звычайныя словы… пачала забываць… Я хацела сказаць, што хутка, вельмі хутка… Мяне хавалі ў падвалах, я жыла на гарышчах, я ператварылася ў кошку… у кажана… Калі б вы маглі зразумець… калі б маглі… калі б вы ведалі, як страшна, калі ўначы нехта крычыць. Самотны крык. Закрычыць ноччу нейкая птушка, і ўсім страшна. А калі гэта чалавек? Я жыла адной думкай: я кахаю… кахаю і яшчэ раз кахаю. Па-іншаму б не змагла, не вытрымала. Як жа — такі жах! З гарышча спускалася толькі ўначы… шторы тоўстыя, як коўдра… Аднойчы гарышча адкрылі раніцай: «Вылазь! Уратавалася!» У горад увайшлі войскі…

Думаю пра гэта… Я думаю пра гэта нават у сне — калі ўсё пачалося? Восемдзесят восьмы год… На плошчы збіраюцца нейкія людзі, яны ўсе ў чорным, танчаць і спяваюць. Танчаць з нажамі і кінжаламі. Будынак тэлеграфа побач з плошчай, усё на нашых вачах. Абляпілі балкон — і глядзім. «Што яны крычаць? — пытаюся. — «Смерць няверным! Смерць!» Гэта працягвалася доўга, вельмі доўга… шмат месяцаў… Нас сталі адганяць ад вокнаў: «Дзяўчынкі, гэта небяспечна. Сядзіце на сваіх месцах і не высоўвайцеся. Працуйце». Падчас абеду звычайна пілі гарбату разам, і раптам у адзін дзень: азербайджанкі селі за адзін столік, армянкі — за іншы. Адразу, разумееце? А я ніяк не магла зразумець, ніяк. Да мяне яшчэ нічога не даходзіла. У мяне каханне… я занятая сваімі пачуццямі… «Дзяўчынкі! Што здарылася?» — «Ты не чула? Начальнік сказаў, што хутка ў яго будуць працаваць толькі чыстакроўныя мусульманкі». Мая бабуля перажыла армянскі пагром у пятнаццатым годзе. Я памятаю… Яна мне ў дзяцінстве распавядала: «Калі я была такая маленькая, як ты, майго тату зарэзалі. І маму, і цётку. І ўсіх нашых авечак… — Вочы ў бабулі заўсёды былі сумныя. — Рэзалі суседзі… Да гэтага нармальныя людзі, можна нават сказаць, добрыя. За сталом у святы разам сядзелі…» Я думала, што гэта было даўно… хіба гэта магчыма цяпер? Пытаюся ў мамы: «Мама, ты бачыла — хлопчыкі ў двары гуляюць не ў вайну, а ў разню армян? Хто іх навучыў?» — «Маўчы, дачка. Суседзі пачуюць». Мама ўвесь час плакала. Сядзела і плакала. Дзеці цягалі па двары нейкае пудзіла і тыркалі ў яго палкамі, дзіцячымі кінжальчыкамі. «Хто гэта?» — я паклікала маленькага Архана, унука мамінай сяброўкі Зейнаб. — «Гэта армянская старая.

Мы яе забіваем. Цётка Рыта, а хто ты? Чаму ў цябе рускае імя?» Імя мне мама прыдумала… Мама любіла рускія імёны і ўсё жыццё марыла ўбачыць Маскву… Тата кінуў нас, тата жыў з іншай жанчынай, але ўсё роўна гэта быў тата. Я пайшла да яго з навіной: «Тата, я выходжу замуж!» — «А добры хлопец?» — «Вельмі. Але завуць яго Абульфаз…» Тата маўчыць, ён хоча мне шчасця. А я палюбіла мусульманіна… у яго іншы Бог… Тата маўчыць. І вось… Абульфаз прыйшоў да нас у дом: «Хачу прасіць тваёй рукі». — «А чаму ты адзін, без сватоў? Без сваякоў?» — «Яны ўсе супраць, а мне ніхто акрамя цябе, не патрэбны». І мне… Мне таксама не патрэбны. Што рабіць нам з нашым каханнем?