Выбрать главу

ПРА ЧАС, КАЛІ ЎСЕ ЖЫЛІ АДНОЛЬКАВА

— Вы Маскву добра ведаеце? Кунцаўскі раён… Там мы жылі ў пяціпавярхоўцы, там у нас была кватэра, трохпакаёвая кватэра, яна ў нас з’явілася, калі мы з бабуляй з’ехаліся. Дзядуля памёр, яна доўга жыла адна, але пачала слабець, і мы вырашылі, што нам трэба жыць разам. Я ўзрадавалася, я любіла бабулю. Мы хадзілі з ёй на лыжах, гулялі ў шахматы. Выдатнейшая была бабуля! Тата… Тата быў, але тата жыў з намі нядоўга, ён зблажэў, стаў моцна выпіваць з сябрукамі, і мама папрасіла яго сысці… ён працаваў на закрытым ваенным заводзе… З дзяцінства памятаю, як тата прыходзіў да нас па выхадных, прыносіў мне падарункі, цукеркі і садавіну — заўсёды стараўся, каб гэта была вельмі вялікая груша, вельмі вялікі яблык. Хацеў мяне здзівіць: «Заплюшчы вочы, Юлечка — вось!!» Прыгожа так смяяўся… А потым тата кудысьці знік… Жанчына, з якой ён жыў пасля нас, — гэта маміна сяброўка — таксама яго прагнала, надакучылі ягоныя п’янкі. І я не ведаю, ці жывы ён, але калі б ён быў жывы, ён бы мяне шукаў…

Да маіх чатырнаццаці гадоў жылі мы бесклапотна. Да перабудовы… Нармальна жылі, пакуль не пачаўся капіталізм, тады па тэлевізары казалі «рынак». Усе мала разумелі, што гэта, і ніхто нічога не тлумачыў. А пачалося ўсё з таго, што стала можна ганіць Леніна і Сталіна. Ганілі маладыя, а старыя людзі маўчалі, яны выходзілі з тралейбуса, калі чулі, што нехта лае камуністаў. У нас у школе малады настаўнік матэматыкі быў супраць камуністаў, а стары настаўнік гісторыі — за камуністаў. Дома бабуля казала: «Замест камуністаў цяпер будуць спекулянты». Мама з ёй спрачалася: не, маўляў, будзе прыгожае, справядлівае жыццё, яна хадзіла на дэманстрацыі, захллынаючыся пераказвала нам прамовы Ельцына. Нашу бабулю пераканаць было немагчыма: «Абмянялі сацыялізм на бананы. На жуйку…» Спрэчка пачыналася ўранку, потым мама сыходзіла на працу, увечары яны працягвалі спрачацца. Калі Ельцына паказвалі па тэлевізары, мама хутчэй садзілася ў крэсла: «Вялікі чалавек!», бабуля хрысцілася: «Злачынца, даруй, Госпадзе». Яна была камуністка палымяная. Галасавала за Зюганава. Усе пайшлі ў царкву, і бабуля пайшла, стала хрысціцца і пасціцца, але верыла яна толькі ў камунізм… (Маўчыць.) Любіла распавядаць мне пра вайну… У сямнаццаць гадоў яна добраахвотна пайшла на фронт, і там у яе закахаўся наш дзядуля. Марыла быць тэлефаністкай, але ў той часці, куды яна трапіла, патрабаваліся кухары, і яна стала кухарам. І дзядуля быў кухарам, яны кармілі ў шпіталі параненых. Трызнячы, параненыя крычалі: «Давай! Давай! Наперад!» Шкада, яна так шмат распавядала, а я толькі фрагментамі памятаю… У медсясцёр заўсёды стаяла напагатове вядро з крэйдай, канчаліся таблеткі і парашкі, і яны рабілі пілюлі з гэтай крэйды, каб параненыя не злаваліся і не білі іх мыліцамі… Тады не было тэлевізара, і ніхто не бачыў Сталіна, але ўсе хацелі ўбачыць Сталіна. І мая бабуля таксама, да самай смерці яна яго ўшаноўвала: «Калі б не Сталін, мы б немцам задніцу лізалі». Яшчэ й мацюкнецца. А мама Сталіна не любіла, яна называла яго «злыднем» і «душагубцам»… Будзе няшчыра, калі скажу, што я пра гэта шмат думала… Жыла, радавалася. Першае каханне…

Мама працавала дыспетчарам у навукова-даследчым інстытуце геафізікі. Мы сябравалі. Я дзялілася з ёй усімі сваімі таямніцамі, нават тым, пра што звычайна мамам не гавораць. З маёй мамай гэта было можна, яна была зусім не дарослая. Як старэйшая сястра. Любіла кнігі… музыку… Жыла гэтым. А кіравала ў нас бабуля… Мама ўспамінала, што я ў дзяцінстве была залатая, ёй не трэба было мяне прасіць, угаворваць. Праўда, маму я любіла… Мне падабаецца, што я да яе падобная, і чым далей, тым больш. Амаль адзін твар. Мне гэта падабаецца… (Маўчыць.) Беднавата мы жылі, але неяк жылі. Усе вакол былі такія ж, як мы. Было нават весела, да мамы прыходзілі сябры, размаўлялі, спявалі песні. Я памятаю Акуджаву з дзяцінства:

«Один солдат на свете жил, красивый и отважный,  но он игрушкой детской был:  ведь был солдат бумажный…»

Бабуля ставіла на стол тазік бліноў, пякла смачныя пірагі. Да маці многія мужчыны заляцаліся, яны ёй дарылі кветкі, а мне куплялі марожанае, і яна адзін раз нават у мяне спытала: «А можна я выйду замуж?» Я не пярэчыла, бо мама была прыгожая, і мне не падабалася, што яна самотная, я хацела шчаслівую маму. На яе заўсёды звярталі ўвагу на вуліцы, то адзін мужчына павернецца, то другі. «Чаго гэта яны?» — пыталася я, маленькая. — «Пайшлі! Пайшлі!» — смяялася мама, неяк асабліва смяялася. Нязвыкла. Праўда, нам было добра. Я потым, калі засталася адна, прыходзіла на нашую вуліцу і глядзела на нашыя вокны. Аднойчы не вытрымала і патэлефанавала ў нашыя дзверы — там ужо жыла грузінская сям’я. Напэўна, яны падумалі, што я жабрачка, хацелі даць мне грошай і ежы. Я заплакала і ўцякла…