Выбрать главу

ПРА ЧАС, КАЛІ БАНДЫТЫ ХАДЗІЛІ ПА ВУЛІЦАХ І НАВАТ НЕ ХАВАЛІ ПІСТАЛЕТЫ

Хто такія? З’явіліся нейкія незразумелыя людзі, яны былі ў курсе ўсяго: «Ведаем вашу бяду. Мы вам дапаможам». Патэлефанавалі кудысьці — тут жа прыйшоў урач і выдаў даведку пра смерць, і міліцыянт прыйшоў. І труну дарагую купілі, і катафалк быў, і шмат кветак, якіх толькі кветак там не было — усё як мае быць. Бабуля прасіла пахаваць яе на Хаванскіх могілках, але без хабару туды не праціснешся, могілкі старыя, вядомыя, але так і зрабілі, прывезлі бацюшку, ён памаліўся. Так прыгожа ўсё. Мы з мамай толькі стаялі і плакалі. Усім кіравала цётка Іра, яна была ў гэтай кампаніі галоўная, з ёй увесь час хадзілі хлопцы з біцэпсамі, ейная ахова. Адзін з гэтых хлопцаў ваяваў у Афганістане, і маму гэта чамусьці супакойвала, яна лічыла, што калі чалавек быў на вайне ці пры Сталіне сядзеў у лагеры, то гэты чалавек не можа быць дрэнным: «Як жа — ён так пацярпеў!» І наогул, у нас чалавека ў бядзе не кінуць — гэта было ейнае перакананне, мы ўспаміналі бабуліны аповеды пра тое, як людзі ў вайну ратавалі адзін аднаго. Савецкія людзі… (Маўчыць.) А ўжо былі нейкія іншыя людзі. Не зусім савецкія… Я кажу, як цяпер гэта ўяўляю, а не як тады… Нас узяла ў абарот банда, але для мяне тады яны былі дзядзькі і цёткі — пілі з намі гарбату на кухні, частавалі цукеркамі. Цётка Іра прывозіла прадукты, калі бачыла наш зусім пусты халадзільнік, падарыла мне джынсавую спаднічку — тады ўсе маліліся на джынсы! Можа, месяц яны так хадзілі, мы да іх прывыклі, і тут яны робяць маме прапанову: «Давайце прададзім вашу трохпакаёвую кватэру і купім аднапакаёвую. У вас будуць грошы». Мама пагадзілася… Яна ўжо ўладкавалася ў кавярню: мыла посуд, сталы працірала, але грошай катастрафічна не хапала. Пачалі ўжо абмяркоўваць, куды мы пераедзем, у які раён. Я не хацела мяняць школу. Шукалі што-небудзь паблізу.

У гэты момант аб’яўляецца іншая банда. Там верхаводам быў мужчына… дзядзька Валодзя… І яны з цёткай Ірай сталі паміж сабой змагацца за нашую кватэру. «Навошта вам аднапакаёвая? — крычаў маме дзядзька Валодзя. — Я куплю вам дом пад Масквой». Цётка Іра прыязджала на старэнькім «фольксвагене», а дзядзька Валодзя на шыкоўным «мерседэсе». У яго быў сапраўдны пісталет… Дзевяностыя гады… Бандыты хадзілі па вуліцах і нават не хавалі пісталеты. Усе, хто мог, ставілі сабе жалезныя дзверы. У нашым пад’ездзе прыйшлі з гранатай уначы да аднаго камерсанта… У яго быў кіёск — фарбаваныя дошкі, фанера, там усё разам прадавалася: прадукты, касметыка, адзенне, гарэлка. Вымагалі ў яго долары. Жонка не хацела аддаваць, дык ёй паставілі гарачы прас на жывот, яна была цяжарная… У міліцыю ніхто не звяртаўся, усе ведалі, што ў бандытаў шмат грошай, і яны кожнага купяць. Чамусьці іх паважаюць. Паскардзіцца не было каму… Дзядзька Валодзя чаі з намі не ганяў, ён маму застрашыў:

«Калі не аддасі кватэру мне, то я забяру тваю дачку, і ты яе больш ніколі не ўбачыш. Не будзеш ведаць, што з ёй». Мяне схавалі ў сябе нашы знаёмыя, я некалькі дзён у школу не хадзіла. Плакала дзень і ноч, баялася за маму. Суседзі бачылі, як па мяне два разы прыязджалі, шукалі. Лаяліся матам. Скончылася тым, што мама здалася… Назаўтра нас ужо выселілі. Прыехалі яны ўначы: «Хутчэй! Хутчэй!

Пажывяце ў іншым месцы, пакуль мы знойдзем вам дом». Прывезлі з сабой бляшанкі з фарбай, шпалеры, ужо ладзілі рамонт. «Пайшлі! Пайшлі!» Мама, спалохаўшыся, узяла толькі дакументы, свае ўлюбёныя польскія духі «Можа быць», якія ёй падарылі на дзень нараджэння і некалькі добрых кніг, а я — падручнікі і яшчэ адну сукенку. Нас запіхнулі ў машыну… Прывезлі, можна сказаць, на пустое месца: у кватэры — два вялікія ложкі, стол і крэслы. Строга загадалі нікуды не выходзіць і не адчыняць вокны, гучна не размаўляць. Не дай Бог суседзі пачуюць! У гэтай кватэры, мабыць, увесь час мяняліся людзі… Бруд! Некалькі дзён мылі ўсё, адмывалі. А потым памятаю: стаім з мамай у нейкім афіцыйным месцы, нам паказваюць надрукаваныя паперы… Падобна, што усё законна… Нам кажуць: «Вось тут вы павінны паставіць свае подпісы». Мама распісалася, а я расплакалася, раней неяк не даходзіла, а тут я зразумела — цяпер нас выправяць у вёску. Мне стала шкада сваю школу, сваіх сябровак, якіх я больш ніколі не ўбачу. Падышоў дзядзька Валодзя: «Хутчэй падпісвай, а то адвязём у дзіцячы дом, а мама ўсё роўна паедзе ў вёску. Застанешся адна». Нейкія людзі… я памятаю, што стаялі нейкія людзі, і міліцыянт быў… Усе маўчалі. Дзядзька Валодзя кожнаму даў хабар. Я дзіця… што я магу… (Маўчыць.)