Выбрать главу

Я доўга жыла і маўчала… Усё гэта схаванае, дрэннае, але яно схаванае. Не хочацца камусьці яго паказваць… Памятаю, як прывезлі мяне ў прытулак — гэта было пазней, калі я засталася ўжо без мамы, — прывезлі і прывялі ў пакой: «Вось твой ложак. Вось твае паліцы ў шафе…» Я аслупянела… Да вечара звалілася з тэмпературай… Гэта ўсё нагадала мне нашую кватэру… (Маўчыць.) Гэта быў Новы год… Ялінка гарыць… усе робяць маскі… Будуць танцы… Танцы? Якія танцы? Я пра ўсё гэта забылася… (Маўчыць.) У пакоі, апрача мяне, жылі яшчэ чатыры дзяўчынкі: дзве сястрычкі, зусім маленькія, восем і дзесяць гадоў, і яшчэ дзве дзяўчынкі старэйшыя — адна масквічка, яна сур’ёзна хварэла на пранцы, іншая была грабежніцай, сцягнула ў мяне туфлі. Гэтая дзяўчынка хацела вярнуцца на вуліцу… Пра што я? Пра тое, што заўсёды мы былі разам, днём і ноччу, але нічога пра сябе адна адной не распавядалі… Не, не хацелі. Я доўга маўчала… Я загаварыла, калі сустрэла свайго Жэньку… Але гэта ўсё будзе потым… (Маўчыць.)

Нашая эпапея з мамай толькі пачыналася… Пасля таго, як мы падпісалі паперы, нас павезлі ў Яраслаўскую вобласць: «Нічога, што далёка, затое ў вас будзе добры дом». Нас падманулі… Гэта быў не дом, а старая хата з адным пакоем і вялікай рускай печчу, якую мы з мамай да гэтага ні разу ў жыцці не бачылі. Не ўмелі паліць у печы. Хата развальвалася, куды ні глянь — усюды шчыліны. У мамы — шок. Яна зайшла ў хату і стала перада мной на калені, прасіла прабачэння за тое, што зацягнула мяне ў такое жыццё. Білася галавой аб сценку… (Слёзы.) Было ў нас трохі грошай, яны неўзабаве скончыліся. Працавалі ў людзей на гародах — хто кошык бульбы дасць, хто дзясятак яек. Спазнала прыгожае слова «бартар»… Свае ўлюбёныя духі «Можа быць» мама памяняла на добры кавалак масла, калі я моцна прастудзілася… Я так яе ўгаворвала гэтага не рабіць, таму што ў нас было мала рэчаў, якія нагадвалі нам пра дом. Гэта памятаю… Адзін раз загадчыца фермы, добрая жанчына, пашкадавала мяне, дала вядро малака, я баялася і ішла дадому агародамі, сустрэла адну даярку, яна пасмяялася: «Чаго ты хаваешся? Ідзі па вёсцы. Тут усе цягнуць, а тым больш, калі табе дазволілі». Цягнулі ўсё, што не прыкручана, а старшыня калгаса — больш за ўсіх. Машынамі да яго вазілі. Ён прыязджаў да нас… агітаваць: «Гайда да мяне на ферму! А то з голаду прападзяце». Ісці — не ісці? Галадуха прымусіла. На ранішнюю дойку ўставаць трэба было а чацвёртай раніцы. Яшчэ ўсе спяць. Я даіла кароў, мама мыла бакі, кароў яна баялася, а мне яны падабаліся. У кожнай каровы сваё імя… Дымка, Чаромха… У мяне было трыццаць кароў і дзве цялушкі… На тачках вазілі пілавінне, па калена было гною. Вышэй ботаў. Бідоны з малаком на калёсы падымалі… Колькі ж там кілаграм? (Маўчыць.) Плацілі нам малаком і мясам, калі якая-небудзь карова задушыць сябе ці патоне ў жыжцы. Даяркі пілі не менш за мужыкоў, і мама стала з імі папіваць. Паміж намі ўжо было не так, як раней, гэта значыць, мы сябравалі, але ўсё больш я на яе пакрыквала. Яна крыўдзілася. Рэдка, калі ў яе быў добры настрой, яна чытала мне вершы… Сваю любімую Цвятаеву:

«Красною кистью  Рябина зажглась.  Падали листья. Я родилась…»

Тады я пазнавала сваю ранейшую маму. Рэдка.

Ужо зіма. Адразу ўдарылі маразы. У гэтай хаце зіму б мы не перажылі. Сусед пашкадаваў і бясплатна давёз да Масквы…

ПРА ЧАС, КАЛІ ЧАЛАВЕК — ГЭТА ГУЧЫЦЬ НЕ ГОДНА, А ГУЧЫЦЬ ПА-РОЗНАМУ

Я разгаварылася з вамі і забылася, што баюся ўспамінаць… (Маўчыць.) Як я стаўлюся да людзей? Людзі не дрэнныя і не добрыя, людзі — і ўсё. У школе я вучылася па савецкіх падручніках, іншых яшчэ не было, нам чыталі: чалавек — гэта гучыць годна. А чалавек — гэта гучыць не годна, а па-рознаму гучыць. Я таксама ўсякая, ува мне ўсяго патрошку… Але калі я ўбачу таджыка — яны ў нас цяпер як рабы, другі гатунак — і калі ў мяне ёсць час, я спынюся з ім пагаварыць. У мяне няма грошай, але я з ім паразмаўляю.

Такі чалавек… Гэта мой чалавек, ён у маім становішчы — я ведаю, што гэта такое, калі ты ўсім чужы, ты зусім адзін. Я таксама жыла ў пад’ездах, спала ў падвалах…

Спачатку нас пусціла да сябе маміна сяброўка, прынялі яны нас добра, і мне там падабалася. Знаёмая абстаноўка: кнігі, пласцінкі, на сцяне партрэт Чэ Гевары. Як у нас калісьці… тыя ж кніжкі, тыя ж пласцінкі… Сын цёткі Волі вучыўся ў аспірантуры, днём не вылазіў з бібліятэкі, а ўначы разгружаў вагоны на станцыі. Есці не было чаго. На кухні стаяў мех бульбы — і ўсё. З’елі бульбу — адзін бохан хлеба на дзень. Цэлы дзень пілі гарбату. І больш нічога. Адзін кілаграм мяса каштаваў трыста дваццаць рублёў, а зарплата ў цёткі Волі была сто рублёў, яна працавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Усе кідаліся як ненармальныя, каб дзесьці падзарабіць. Разбіваліся ў блін… сапсаваўся стары кран на кухні, выклікалі сантэхнікаў, а яны выявіліся кандыдатамі навук. Смяяліся ўсе разам. Як казала нашая бабуля, журбою не пракормішся… Адпачынак — гэта раскоша, мала хто мог сабе дазволіць такую раскошу… Цётка Воля на час адпачынку з’язджала ў Мінск, там жыла ейная родная сястра, выкладчыца ўніверсітэта. Яны шылі падушкі са штучнага футра, набівалі іх сінтэпонам, але так, каб яны напалову заставаліся пустымі — і туды перад самым цягніком засоўвалі шчанюка, рабілі яму укол снатворнага. Ездзілі ў Польшчу… Шчанюкоў аўчарак так вазілі… і трусоў… На блышыных рынках — паўсюль руская гаворка… У тэрмасы налівалі гарэлку замест гарбаты, у валізках хавалі пад бялізнай цвікі і замкі… Дадому цётка Воля вярталася з торбай смачных польскіх каўбасак. Мы дурэлі ад гэтага паху!