Выбрать главу

«Дзяўчынкі, смялей. Распранайцеся». Нам сорамна, мы ўжо абнасіліся… Пах вакзалаў… пад’ездаў… «Дзяўчынкі, смялей!» Селі піць чай. Дзядзька Віця распавёў пра сябе… Калісьці ён працаваў ювелірам, у яго была свая майстэрня. Паказаў нам чамадан з інструментамі, мяшэчкі з напаўкаштоўнымі камянямі, сярэбраныя нарыхтоўкі… Усё так прыгожа, цікава, дорага. Не верылася, што мы будзем тут жыць. Цуды пасыпаліся…

Атрымалася сям’я як сям’я. Я зноў пайшла ў школу. Дзядзька Віця быў вельмі добры, ён зрабіў мне пярсцёнак з каменьчыкам. Але бяда… ён таксама піў… І курыў як паравоз. Першы час мама на яго злавалася, а неўзабаве яны ўжо пілі разам. Насілі ў букіністычны магазін кнігі, я памятаю пах старых скураных пераплётаў… У дзядзькі Віці былі яшчэ рэдкія манеты… Пілі і глядзелі тэлевізар. Палітычныя праграмы. Дзядзька Віця філасофстваваў. Са мной ён размаўляў як з дарослай… Пытаўся: «Чаму вас, Юлечка, вучаць у школе пасля камунізму? Што цяпер рабіць з савецкай літаратурай і з савецкай гісторыяй — забыцца?» Праўда, я мала што разумела… Вам цікава? Вось… Я думала, што я ад гэтага далёкая, а вось… успамінаецца…

…Рускае жыццё павінна быць злым, нікчэмным, тады душа раскрываецца, яна ўсведамляе, што не належыць гэтаму свету… Чым больш брудна і крывава, тым больш для яе прасторы…

…Мадэрнізацыя у нас магчымая толькі праз шарашкі і расстрэлы…

…Камуністы… Што яны могуць? Увесці зноў талоны і адрамантаваць баракі ў Магадане…

…Нармальныя людзі выглядаюць сёння вар’ятамі… Гэтае новае жыццё такіх, як я і твая мама, яно нас выбракоўвае…

…На Захадзе стары капіталізм, а ў нас свежы, з маладымі ікламі… А ўлада — чыстая візантыйшчына…

Аднойчы ўначы дзядзьку Віцю забалела сэрца. Выклікалі «хуткую». Да бальніцы яго не давезлі. Шырокі інфаркт. Прыехалі сваякі: «А вы — хто? Адкуль узяліся такія? Вам тут рабіць няма чаго». Адзін мужчына крычаў: «Ганіце гэтых жабрачак адсюль! Прэч!» Праверыў нашыя сумкі, калі мы сыходзілі…

Мы на вуліцы…

Патэлефанавалі мамінаму стрыечнаму брату… Яго жонка ўзяла слухаўку: «Прыходзьце». Жылі яны непадалёк ад Рачнога вакзала ў двухпакаёвай «хрушчоўцы», жылі з жанатым сынам. Нявестка хадзіла цяжарная. Вырашылі: «Пажывяце ў нас, пакуль Алена народзіць». Маме ставілі раскладушку ў калідоры, а я спала на кухні на старой канапе. Да дзядзькі Лёшы прыходзілі сябрукі… з яго завода… Засынала я пад іхнія размовы. Усё паўтаралася: пляшка гарэлкі на стале, карты. Праўда, размовы былі іншыя…

…Усё прасралі… Свабода… А дзе тая свабода, блядзь? Ямо крупы без алею…

…Жыды… яны цара забілі, і Сталіна, і Андропава… Развялі ліберасцію! Трэба тэрмінова закручваць гайкі. Мы, рускія, павінны веры трымацца…

…Ельцын поўзае перад Амерыкай на пузе… Усё ж такі мы выйгралі вайну…

…У царкву пойдзеш — і там, здаецца, усе хрысцяцца, але стаяць як камяні…

…Яшчэ будзе горача і весела… Найперш ліберастаў павесім на ліхтарах за тое, што яны нам дзевяностыя гады наладзілі. Ратаваць трэба Расію…

Праз пару месяцаў нявестка нарадзіла. Нам месца ўжо няма.

Зноў мы на вуліцы…

…вакзал

…пад’езд

…вакзал

…пад’езд…

На вакзале… Дзяжурныя міліцыянты — і пажылыя, і маладыя: або марш на вуліцу, а гэта была зіма, альбо ідзі з ім у бакоўку… Там у іх за шырмачкай спецыяльны куток ёсць… канапка… Мама з адным міліцыянтам пабілася, калі ён мяне туды пацягнуў… Яе пабілі і арыштавалі на некалькі сутак… (Маўчыць.) Я… так выйшла… Я моцна застудзілася. Думалі-думалі… мне ўсё горш… Вырашылі, што я паеду да сваякоў, а мама застанецца на вакзале. Праз некалькі дзён яна мне тэлефануе: «Трэба нам сустрэцца». Я да яе прыехала, і яна кажа: «Я тут пазнаёміліся з жанчынай, яна мне прапаноўвае ў яе пажыць. Месца там хапае. У яе свой дом. Гэта ў Алабіне». — «Давай я з табой паеду». — «Не, ты лячыся. Прыедзеш потым». Я пасадзіла яе на электрычку, яна села каля акна і глядзіць на мяне, як быццам даўно не бачыла. Я не вытрымала і ўскочыла ў вагон: «Што з табой?» — «Не звяртай увагі». Памахала ёй, яна з’ехала. А ўвечары тэлефануюць:

«Вы — Малікава Юлія Барысаўна?» — «Я — Малікава». — «Вам тэлефануюць з міліцыі. Скажыце, а Людміла Малікава кім вам даводзіцца?» — «Гэта мая мама». — «Вашу маці пераехаў цягнік. У Алабіне…» Заўсёды яна была ўважлівая, калі ішоў цягнік… вельмі баялася… Трапіць пад цягнік яна баялася больш за ўсё. Сто разоў галаву паверне: ідзе — ці не йдзе? І вось… Не, гэта не выпадковасць… не няшчасны выпадак… Купіла пляшку гарэлкі… каб не так было балюча і страшна, і кінулася… Яна стамілася… проста стамілася… Стамілася ад такога жыцця… «ад самой сябе»… Гэта не мае, гэта ейныя словы. Я кожнае слова ейнае потым успамінала… (Плача.) Цягнік яе доўга цягнуў… Прывезлі ў бальніцу, гадзіну яна яшчэ праляжала ў рэанімацыі, але выратаваць яе было немагчыма. Мне так і сказалі… Убачыла я яе ўжо ў труне, ужо апранутую. Усё было жудасна… яшчэ Жэнькі ў мяне не было… Калі б я была маленькая, яна б мяне не пакінула. Ніколі… гэтага б не здарылася… У апошнія дні яна мне часта казала: «Ты ўжо вялікая. Ты ўжо вырасла». Навошта я вырасла? (Плача.) Я засталася адна… Так і жыла…. (Пасля доўгага маўчання.) Калі ў мяне будзе дзіця, я павінна быць шчаслівай… каб яно запомніла шчаслівую маму…