Жэнька… Жэнька мяне выратаваў… Я яго заўсёды чакала… У прытулку мы марылі: жывём тут, але гэта часова, а хутка будзем жыць, як усе, у нас з’явяцца сем’і — муж, дзеці. Будзем самі купляць сабе кексы, не на свята, а калі захочацца. Вельмі хацелася… Сямнаццаць гадоў… мне споўнілася сямнаццаць гадоў… Выклікаў да сябе дырэктар: «Цябе ўжо знялі з харчавання». І — маўчыць. Пасля сямнаццаці гадоў з прытулку адпраўлялі. Ідзі! А ісці не было куды. Працы няма, і наогул нічога няма. І мамы няма… Я патэлефанавала цётцы Надзі: «Напэўна, я да вас прыйду. З прытулку мяне ўжо адпраўляюць». Цётка Надзя… калі б не яна… анёл-ахоўнік… Гэта была не родная мне цётка, гэта цяпер яна стала раднейшая за родных і свой пакойчык у камуналцы мне адпісала. Зараз… так… Калісьці яна жыла з маім дзядзькам, але ён даўно памёр, яны не былі мужам і жонкай, жылі ў грамадзянскім шлюбе. Але я ведала, што яны кахалі адно аднаго. Да такога чалавека можна прыйсці… Калі чалавек зведаў каханне, да яго можна заўсёды прыйсці…
У цёткі Надзі ніколі не было дзяцей, і яна прывыкла жыць адна, ёй было цяжка жыць з кімсьці. Жах! Пакой — шаснаццаць метраў. Я спала на раскладушцы. Суседка, вядома, стала выказваць прэтэнзіі: «Няхай яна сыходзіць». Міліцыю выклікала. Цётка Надзя стаяла сцяной: «А куды яна пойдзе?» Напэўна, ужо год прайшоў… І цётка Надзя сама спытала: «Ты сказала, што прыедзеш на два месяцы, а ўжо год, як ты жывеш у мяне». Я маўчу… плачу… І яна маўчыць… плача… (Маўчыць.) Яшчэ год прайшоў… Неяк усе прывыклі да мяне… Я старалася… І суседка прывыкла… Цётка Марына неблагі чалавек, гэта жыццё ў яе благое. У яе было два мужы, і абодва ад п’янкі, як яна кажа, здохлі. Да яе часта прыязджаў пляменнік, мы з ім віталіся. Прыгожы хлопец. А гэта… Гэта было так: я сядзела ў пакоі, чытала кнігу, цётка Марына зайшла, узяла мяне за руку і павяла на кухню: «Давайце знаёміцца: вось гэта — Юля, а вось гэта — Жэня. А цяпер марш на вуліцу!» Мы сталі з Жэнькам сустракацца. Цалаваліся. Але нічога сур’ёзнага. Ён працуе кіроўцам, часта ездзіць у камандзіроўкі. Вярнуўся раз — мяне няма. Дзе? Што? А тут… У мяне даўно здараліся прыступы — то задыхаюся, то ўпаду ад слабасці… Цётка Надзя прымусіла пайсці да доктара, праверылі — знайшлі рассеяны склероз. Вы, вядома, ведаеце, што гэта такое… невылечная хвароба… Ад нуды яна, у мяне яна ад нуды. Я вельмі сумавала па маме. Вельмі. (Маўчыць.) Паставілі дыягназ і паклалі ў шпіталь. Жэнька знайшоў мяне там і стаў наведваць. Прыходзіў кожны дзень. То яблык прыгожы прынясе, то апельсін… Як тата калісьці… Гэта быў ужо май… З’яўляецца з букетам руж, я ахнула — такі букет, на палову ягонай зарплаты. У святочным касцюме… «Выходзь за мяне замуж». Я збянтэжылася. «Не хочаш?» Што мне адказаць? Падманваць я не ўмею, і я не хацела яго падманваць. Я ўжо даўно ў яго закахалася… «Я хачу выйсці за цябе замуж, але ты павінен ведаць праўду — у мяне інваліднасць трэцяй групы. Хутка я буду як хамячок, мяне на руках давядзецца насіць». Ён нічога не зразумеў, але занерваваўся.
На наступны дзень прыходзіць і кажа: «Нічога. Прарвёмся». Выйшла я з бальніцы, і мы распісаліся. Павёз ён мяне да сваёй мамы. Яго мама — простая сялянка. Усё жыццё ў полі. У хаце ніводнай кнігі. Але мне там у іх было добра. Спакойна. Я ёй таксама ўсё распавяла… «Нічога, дзяўчынка мая. — Абняла яна мяне. — Дзе каханне, там і Бог». (Маўчыць.)
Цяпер я вельмі-вельмі хачу жыць, таму што ў мяне ёсць Жэнька… Нават мару пра дзіцятка… Урачы супраць, а я мару… Хачу, каб у нас быў дом, я ўсё жыццё мару пра дом. Даведалася, што нядаўна выйшаў закон… Па гэтым законе можна вярнуць нашую кватэру. Я падала заяву… Мне сказалі, што такіх людзей, як я, тысячы, шмат каму дапамагаюць, але ў мяне вельмі складаны выпадак, нашу кватэру тры разы ўжо перапрадавалі. А тыя бандыты, якія нас абрабавалі, даўно ўжо ляжаць на могілках, перастралялі адзін аднаго… …Прыйшлі мы да маёй мамы. Там на помніку ейны партрэт, яна як жывая. Прыбралі ўсё. Пачысцілі. Доўга стаялі, я ніяк не магла сысці, і ў нейкі момант мне здалося, што яна ўсміхнулася… яна шчаслівая… Ці гэта сонца так падала…