Я глядзела на яго, і ў мяне халадзелі кончыкі пальцаў, пачала ўжо разумець, што шчаслівай з ім не буду. Маленькая і дурная… Цяпер я б зафлажкавала яго, як ваўка на паляванні, я ўмею быць драпежніцай і пантэрай. Сталёвай ніткай! Тады я толькі пакутавала. Цярпенне — гэта танец, у ім і жэст, і плач, і пакора. Як у балеце… Але ёсць адзін сакрэт, просты сакрэт — непрыемна быць нешчаслівай… гэта прыніжае… У чарговы раз я ляжала ў бальніцы на захаванні. Тэлефаную яму раніцай, што мяне трэба забраць, да абеду выпішуць, а ён сонным голасам: «Не магу. Сёння не магу». І не ператэлефанаваў. У гэты дзень ён паляцеў з сынамі ў Італію, катацца на лыжах. Трыццаць першага снежня… Заўтра — Новы год. Выклікала таксі… Горад заваліла снегам, я йшла праз гурбы, трымаючыся за пуза. Ішла адна. Няпраўда! Удзвюх, мы ўжо былі ўдзвюх. З маёй дачкой… дачушкай… Маёй! Любімай! Я ўжо любіла яе больш за ўсіх на свеце! Ці кахала я яго? Як у той казцы: жылі яны доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень. Пакутавала, але не мярцвела: «Я не магу без яго жыць. Я без яго памру». Я, напэўна, яшчэ не сустрэла такога мужчыну… для такіх слоў… Такі так! Так-так-так! Але я навучылася прайграваць, я не баюся прайграваць…