У мяне была размова з маёй мамай… Яна хоча сысці са школы: «Уладкуюся гардэробшчыцай. Ці вартаўніком». Вось яна распавядае дзецям пра кнігі Салжаніцына… пра герояў і праведнікаў… У яе гараць вочы, а ў дзяцей — не. А мама прывыкла, што ў дзяцей раней гарэлі вочы ад ейных слоў, а сённяшнія дзеці ёй адказваюць: «Нам нават цікава, як вы жылі, але мы так жыць не хочам. Мы не марым пра подзвігі, мы хочам жыць нармальна». Праходзяць яны «Мёртвыя душы» Гогаля. Гісторыю падлюгі… Так нас у школе вучылі… А сёння сядзяць у класе іншыя дзеці: «Чаму гэта ён падлюга? Чычыкаў, як Маўродзі, пабудаваў піраміду з нічога. Гэта класная бізнес-ідэя!» Чычыкаў для іх станоўчы герой… (Маўчыць.) Маю дачку мама выхоўваць не будзе… Я не дам. Калі яе паслухаць, то дзіця павінна глядзець толькі савецкія мульцікі, таму што яны «чалавечыя». Але выключаеш мульцік — і выходзіш на вуліцу. У зусім іншы свет. «Як добра, што я ўжо старая, — прызналася мама. — Магу дома сядзець. У сваёй крэпасці». А раней яна заўсёды хацела быць маладой: маска з соку памідораў, валасы паласкаем рамонкам…
Маладая я любіла мяняць лёс, дражніць яго. Цяпер не, досыць. У мяне расце дачка, я думаю пра ейную будучыню. А гэта — грошы! Я хачу зарабіць іх сама. Не хачу прасіць, ні ў кога не хачу браць. Не хачу! Сышла з газеты ў рэкламнае агенцтва — там плоцяць болей. Добрыя грошы. Людзі хочуць жыць прыгожа, — гэта галоўнае, што сёння з намі адбываецца. І гэта хвалюе ўсіх. Уключыце тэлевізар: на мітынгі збіраюцца… ну хай некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, а прыгожую італьянскую сантэхніку купляюць мільёны. Каго ні спытаеш, усе перабудоўваюць, рамантуюць свае кватэры і дамы. Падарожнічаюць. Ніколі так у Расіі не было. Мы рэкламуем не толькі тавары, але й патрэбы. Вырабляем новыя патрэбы — як жыць прыгожа! Кіруем часам… Рэклама — люстэрка рускай рэвалюцыі… Маё жыццё запоўненае да канца. Замуж не збіраюся… Ёсць сябры, усе яны багатыя людзі. Адзін «патаўсцеў» на нафце, другі — на мінеральных угнаеннях… Сустракаемся, каб пагаварыць. Заўсёды ў дарагім рэстаране: мармуровы хол, старадаўняя мэбля, на сценах дарагія карціны. Швейцары з выпраўкай рускіх памешчыкаў… Я люблю знаходзіцца сярод прыгожых дэкарацый. Мой блізкі сябар таксама жыве адзін і не хоча жаніцца, яму падабаецца быць аднаму ў сваім трохпавярховым асабняку: «Уначы спаць удваіх, а жыць аднаму». Днём у яго галава пухне ад катыровак каляровых металаў на Лонданскай біржы. Медзь, свінец, нікель… У руках тры мабільныя тэлефоны, звоняць кожныя трыццаць секунд. Працуе ён па трынаццаць-пятнаццаць гадзін у суткі. Без выходных і адпачынкаў. Шчасце? Што такое шчасце? Свет змяніўся… Цяпер самотныя — гэта паспяховыя, шчаслівыя людзі, а не слабыя ці лузеры. У іх ёсць усё: грошы, кар’ера. Адзінота — гэта выбар. Я хачу знаходзіцца ў дарозе. Я — паляўнічая, а не пакорлівая дзічына. Я сама выбіраю. Адзінота вельмі падобная на шчасце… Гучыць, як адкрыццё… Так? (Маўчыць.) Я нават не вам, а сабе хацела ўсё гэта расказаць…
ПРА ЖАДАННЕ ІХ УСІХ ПАЗАБІВАЦЬ, А ПОТЫМ ПРА СТРАХ, ШТО ТАБЕ ГЭТАГА ХАЦЕЛАСЯ
Ксенія Золатава — студэнтка, 22 гады
На першую нашу сустрэчу прыйшла ейная мама. Прызналася: «А Ксюша не захацела са мной пайсці. Адгаворвала і мяне: «Мама, каму мы патрэбныя? Ім патрэбны толькі нашы пачуцці, нашыя словы, а мы самі ім не патрэбныя, таму што яны гэтага не перажылі». Яна вельмі хвалявалася: то падымалася, каб сысці: «Я стараюся не думаць пра гэта. Не хочацца паўтараць», то пачынала распавядаць, і яе нельга было спыніць, але больш маўчала. Чым я магла яе суцешыць? З аднаго боку, прашу: «Не хвалюйцеся. Супакойцеся», а з другога — хачу, каб яна ўспомніла той страшны дзень: 6 лютага 2004 года — тэракт у Маскве на Замаскварэцкай лініі метро паміж станцыямі «Аўтазаводская» і «Павялецкая». У выніку выбуху загінулі 39 чалавек і 122 былі шпіталізаваны.