Выбрать главу

Забылася… Забыла, дзе гэта адбывалася… у якім месцы? У перасылачным лагеры ці што? На карачках па вялікім двары поўзалі і елі траву. Дыстрофікі, пелагрыкі. Пры тату нельга было ні на што паскардзіцца, ён ведаў: «Каб выжыць, чалавеку трэба тры рэчы — хлеб, цыбуля і мыла». Усяго тры рэчы… усяго… Гэтых людзей ужо няма, нашых бацькоў… Калі хто застаўся, то іх трэба ў музей, пад шкло, рукамі не чапаць. Колькі яны ўсяго перажылі! Калі тату рэабілітавалі, яму выдалі дзве салдацкія зарплаты за ўсе пакуты. Але ў нас дома вельмі доўга вісеў вялікі партрэт Сталіна. Вельмі доўга… я гэта добра памятаю… Тата крыўды не меў, ён лічыў: гэта час быў такі. Жорсткі час. Будавалі моцную краіну. І пабудавалі, і перамаглі Гітлера! Татавы словы…

Я расла сур’ёзнай дзяўчынкай, сапраўднай піянеркай. Цяпер ва ўсіх такое меркаванне, што раней у піянерскую арганізацыю заганялі. Нікуды не заганялі. Усе дзеці марылі быць піянерамі. Хадзіць разам. З барабанам, з горнам. Спяваць піянерскія песні:

«Родной край, навек любимый,  Где найдёшь ещё такой»,
«У власти орлиной орлят миллионы, и нами гордится страна…»

На нашай сям’і ўсё-такі была гэтая пляма, што тата сядзеў, мама баялася, што мяне не прымуць у піянеры ці не адразу прымуць. А мне хацелася быць з усімі. Абавязкова, так… «Ты за каго: за месяц ці за сонца?» — ладзілі мне допыт хлапчукі ў класе. Тут трэба быць напагатове! «За месяц да спыну». — «Правільна! За савецкую краіну». А скажаш «За сонца» — «За клятага японца». Засмяюць, зацвеляць. Кляліся мы адзін аднаму так: «чэснае піянерскае» або «чэснае ленінскае». Найбольшая клятва — «чэснае сталінскае слова». Бацькі ведалі: калі я сказала «чэснае сталінскае», я не падманваю. Бог мой! Успамінаю не Сталіна, а ўспамінаю нашае жыццё… Я запісалася ў гурток і вучылася граць на акардэоне. Маму за ўдарную працу ўзнагародзілі медалём. Не адны толькі брыдкасці былі… і казарменнае жыццё… У лагеры тата часта бачыў адукаваных людзей. Больш нідзе ён такіх цікавых людзей не сустракаў. Некаторыя з іх пісалі вершы, і яны часцей выжывалі. Як і святары, яны маліліся… І тата хацеў, каб усе яго дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Мара яго. Мы ўсе — нас чацвёра дзяцей — скончылі інстытуты. Але ён навучыў нас і хадзіць за плугам, і касіць траву. Я ўмею падаць на воз сена, скласці стог. «Усё можа спатрэбіцца», — меркаваў тата. Ён меў рацыю.