«Аўтазаводская», «Рыжская»…
Я таксама ў гэтым натоўпе. Пытаюся — слухаю. Як мы з гэтым жывём?
Тэракты ў Маскве былі ў 2000, 2001, 2002, 2003, 2004, 2006, 2010, 2011 гадах.
— Ехала на працу, вагон, як заўсёды, быў перапоўнены. Выбуху не чула, але чамусьці ўсё раптам стала ў аранжавым колеры, і цела здранцвела, хацела паварушыць рукой — не змагла. Падумала, што ў мяне інсульт, і адразу ж страціла прытомнасць… А калі ачулася, бачу — па мне ходзяць нейкія людзі, ходзяць спакойна, як быццам я мёртвая. Спалохалася, што задушаць, і ўзняла рукі. Мяне нехта падняў. Кроў і мяса — такая была карціна…
— Сыну чатыры гады. Ну, як яму сказаць, што тата загінуў? Ён жа не разумее, што такое смерць. Баюся, каб не падумаў — тата нас кінуў. Пакуль тата ў нас у камандзіроўцы…
— Часта прыгадваю… Каля бальніцы стаялі цэлыя чэргі ахвотнікаў здаць кроў, з сеткамі апельсінаў. Прасілі стомленых нянечак: «Вазьміце ў мяне садавіну і перадайце якому чалавеку. Скажыце, што яшчэ ім прывезці?»
— Да мяне прыязджалі дзяўчынкі з працы, начальнік машыну ім даваў. А нікога бачыць не хацелася…
— Вайна патрэбная, можа, людзі з’явяцца. Мой дзед казаў, што людзей ён сустракаў толькі падчас вайны. Цяпер дабрыні мала.
— Дзве незнаёмыя жанчыны абдымаліся і плакалі ля эскалатараў, твары ў крыві, да мяне не даходзіла, што гэта кроў, я думала: фарба ад слёз размазалася. Увечары ўсё гэта яшчэ раз убачыла па тэлевізары, і вось тады да мяне дайшло. Там, на месцы, не разумела, глядзела на кроў і не верыла.
— Спачатку думаеш, што ты можаш спусціцца ў метро, заходзіш у вагон смела, але праязджаеш адзін-два прыпынкі і выскокваеш у халодным поце. Асабліва страшна, калі цягнік спыніцца на некалькі хвілінаў у тунэлі. Кожная хвіліна расцягваецца, сэрца пачынае матляцца на адной нітачцы…
— У кожным каўказцы бачыш тэрарыста…
— Як вы думаеце: рускія салдаты ў Чачні не ўчынялі злачынстваў? У мяне брат там служыў… Такое распавядаў пра слаўную расійскую армію… Трымалі чачэнскіх мужчынаў у ямах, як звяроў, патрабавалі ў сваякоў выкуп. Катавалі… рабавалі… Цяпер хлопец п’е і п’е.
— Дзярждэпу прадаўся? Правакатар! Хто ператварыў Чачню ў гета для рускіх? Рускіх выганялі з працы, адбіралі кватэры, машыны. Не аддасі — зарэжуць. Рускіх дзяўчат гвалтавалі толькі за тое, што яны рускія.
— Ненавіджу чачэнцаў! Калі б не мы, рускія, яны б і цяпер сядзелі ў гарах, у пячорах. Журналістаў, якія за чачэнцаў, — таксама ненавіджу! Ліберасты! (Глядзіць, поўны нянавісці, у мой бок — я запісваю размову.)
— Хіба судзілі рускіх салдат за забойства нямецкіх салдат у час Айчыннай вайны? А забівалі па-рознаму. Партызаны на кавалачкі палонных паліцаяў рэзалі… Паслухайце ветэранаў…
— Падчас першай чачэнскай вайны, гэта пры Ельцыне, па тэлевізары ўсё па-сапраўднаму паказвалі. Мы бачылі, як плакалі чачэнскія жанчыны. Як рускія маці хадзілі па сёлах і шукалі зніклых без вестак. Іх ніхто не чапаў. Такой нянавісці, як цяпер, яшчэ ні ў каго не было — ні ў іх, ні ў нас.
— Спачатку палымнела адна Чачня, цяпер увесь паўночны Каўказ. Паўсюль будуюць мячэці.
— Геапалітыка завітала ў наш дом. Расія распадаецца… Хутка ад імперыі застанецца адно Маскоўскае княства…
— Ненавіджу!!!
— Каго?
— Усіх!!
— Мой сын быў яшчэ сем гадзін жывы, яго запіхнулі ў цэлафанавы мех і паклалі ў аўтобус з трупамі… Прывезлі нам казённую труну, два вянкі. Труна з нейкага пілавіння, як кардонная, яе паднялі — яна развалілася. Вянкі бедныя, вартыя жалю. Усё куплялі самі. Дзяржаве на нас, смяротных, напляваць, хай і яна прыме мой плявок — хачу з’ехаць з гэтай ё…най краіны. Падалі з мужам дакументы на эміграцыю ў Канаду.
— Раней Сталін забіваў, а цяпер бандыты. Свабода?
— У мяне чорныя валасы, чорныя вочы… Я — руская, праваслаўная. Зайшлі з сяброўкай у метро. Нас спыніла міліцыя, мяне адвялі ўбок: «Здыміце верхнюю вопратку. Пакажыце дакументы». На сяброўку — нуль увагі, яна бландынка. Мама кажа: «Пафарбуй валасы». А мне сорамна.
— Рускі чалавек моцны на трох пблях — «авось», «нябось» і «неяк». Па першым часе ўсе трэсліся ад страху, а праз месяц я заўважыла ў метро пад лавай падазроны скрутак і ледзь прымусіла дзяжурную патэлефанаваць у міліцыю.
— У аэрапорце Дамадзедава таксісты-сукі пасля тэракту ўзнялі кошты. Страшэнна. На ўсім бабло робяць. Б…дзь, выцягваць з машынаў — і галавой аб капот!
— Адны валяліся ў лужынах крыві, а іншыя іх здымалі на мабілы. Пстрыкалі. Тут жа вывесілі фота ў ЖЧ. Офіснаму планктону перчыку не хапае.