Васямнаццаць гадоў… Усяго хочацца: жанчын, віна, падарожнічаць… Загадкі, таямніцы. Я прыдумляў сабе рознае жыццё, уяўляў. І ў гэты момант цябе падпільноўваюць… Ё-маё! Мне і сёння хочацца растаць у паветры, знікнуць, каб нідзе мяне не знайшлі. Не пакінуць аніякіх слядоў. Пайсці куды-небудзь лесніком, бяспашпартным бамжом. Пастаянна цісне адзін і той жа сон: мяне зноў забіраюць у войска — пераблыталі дакументы, і зноў трэба ісці служыць. Крычу, адбіваюся: «Я ўжо служыў, быдлякі! Не чапайце мяне!» Губляю розум! Жудасны сон… (Паўза.) Я не хацеў быць хлопчыкам… Не хацеў быць салдатам, вайна мне была нецікавая. Тата сказаў: «Ты павінен, нарэшце, стаць мужчынам. А то дзяўчаткі падумаюць, што ты імпатэнт. Войска — школа жыцця». Трэба ісці і вучыцца забіваць… У мяне, у маім уяўленні гэта выглядала так: барабаны, баявыя шэрагі, добра зробленыя прылады забойства, свіст гарачага свінцу і… разбітыя галовы, выбітыя вочы, адарваныя канечнасці… выццё і стогны параненых… І крыкі пераможцаў… тых, хто ўмее забіваць лепш… Забіць! Забіць! Стралой, куляй, снарадам або ядзернай бомбай, але ўсё роўна забіць… забіць іншага чалавека… Я не хацеў. І я ведаў, што ў войску з мяне будуць рабіць мужчыну іншыя мужчыны. Ці мяне заб’юць, ці я кагосьці заб’ю. Брат сышоў з ружовай ватай у галаве, рамантыкам, а вярнуўся пасля службы спалоханым чалавекам. Кожную раніцу яго білі нагой у твар. Ён ляжаў на ніжніх нарах, дзед — наверсе. Цэлы год табе пяткай у зубы! Паспрабуй застацца такім, якім ты быў. А калі распрануць чалавека дагала — колькі можна ўсяго прыдумаць? Шмат чаго… Напрыклад, смактаць уласны чэлес, а ўсе будуць смяяцца. Хто не будзе смяяцца, сам будзе смактаць… А зубной шчоткай або лязом для галення драіць салдацкую прыбіральню? «Павінна блішчэць, як яйцы ў ката». Ё-маё! Ёсць тып людзей, якія не могуць быць мясам, а ёсць іншы тып, здольны быць толькі мясам. Чалавечыя аладкі. Я зразумеў, што павінен сабраць усю сваю загартоўку, каб выжыць. Запісаўся ў спартыўную секцыю — хатха-ёга, каратэ. Вучыўся біць — у твар, паміж ног. Як хрыбет пераламаць… Запальваў сярнічку, клаў на далонь і чакаў, пакуль яна дагарыць. Вядома, я не вытрымліваў… Плакаў. Я памятаю… памятаю… (Паўза.) Гуляе па лесе цмок. Сустрэў мядзведзя: «Мядзведзь, — кажа цмок, — у мяне а восьмай вячэра. Прыходзь — я цябе з’ем». Ідзе далей. Бяжыць ліса: «Ліса, — кажа цмок, — у мяне а сёмай раніцы сняданак. Прыходзь — я цябе з’ем». Ідзе далей. Скача заяц. «Стой, заяц, — кажа, — у мяне а другой гадзіне абед. Прыходзь — я цябе з’ем». — «У мяне пытанне», — падняў заяц лапу. «Давай». — «Можна не прыходзіць?» — «Можна. Я цябе выкрэсліваю са спісу». Але мала хто здольны задаць такое пытанне… Бляааа!
Праводзіны… Два дні дома смажылі, варылі, парылі, ляпілі, пяклі. Купілі дзве скрынкі гарэлкі. Сабраліся ўсе сваякі. «Да сораму не давядзі, сынок!» — падняў першую чарку бацька. І пайшло… Ё-маё! Знаёмы тэкст: «прайсці выпрабаванні»… «з гонарам вытрымаць»… «праявіць мужнасць»… Раніцай каля ваенкамата — гармонік, песні і гарэлка ў пластмасавых шкляначках. А я не п’ю… «Хворы ці што?» Перад адпраўкай на станцыю — агляд асабістых рэчаў. Прымусілі ўсё выкласці з сумак, нажы-відэльцы і ежу забралі. Дома далі крыху грошай… Мы іх запіхвалі глыбей у шкарпэткі і трусы. Ё-маё! Будучыя абаронцы Радзімы… Пасадзілі ў аўтобусы. Дзяўчынкі махаюць, мамы плачуць. Паехалі! Поўны вагон мужыкоў. Ніводнага твару не запомніў. Усіх пастрыглі «пад нуль», пераапранулі ў нейкія рызманы. На зэкаў былі падобныя. Галасы: «Сорак таблетак… Спроба суіцыду… Белы білет. Трэба быць дурнем, каб застацца разумным…» — «Бі мяне! Бі! Няхай я гаўно, мне напляваць. Затое я — дома, трахаюся з дзеўкамі, а ты — з вінтоўкай пайшоў гуляць у вайну». — «Гэх, хлопцы, зменім красоўкі на боты і будзем Радзіму абараняць». — «У каго «бабкі» ў кішэні, той у армію не ходзіць». Ехалі трое сутак. Усю дарогу пілі. А я не п’ю… «Бедалага! Што ты будзеш у арміі рабіць?» З пасцельнай бялізны — шкарпэткі і адзенне, што на нас. Знялі ноччу абутак… Ё-маё! Смурод! Сто мужыкоў знялі чаравікі… Шкарпэткі не змянялі хто двое, а хто трое сутак… Хацелася павесіцца ці застрэліцца. У прыбіральню хадзілі з афіцэрамі — тры разы на дзень.
Хочаш больш — цярпі. Прыбіральня зачыненая. А мала чаго… толькі з дому… Адзін усё роўна ноччу павесіўся… Ё-маё!
Чалавека можна запраграмаваць… Ён сам гэтага хоча. Раз-два! Раз-два! Зважай!! У войску ты абавязаны шмат хадзіць і шмат бегаць. Бегаць хутка і далёка, не можаш бегчы — паўзі! Сотня маладых мужчынаў разам? Звяры! Зграя маладых ваўкоў! У турме і ў арміі жывуць па адных законах. Беззаконне. Запаведзь першая: ніколі не дапамагай слабому. Слабога — бі! Слабы выбракоўваецца адразу… Другое: сяброў няма, кожны сам за сябе. Уначы: хто рохкае, хто квакае, хто маму кліча, хто пярдзіць… Але правіла для ўсіх адно: «прагінайся альбо прагінай». Усё проста — двойчы два. І навошта я столькі кніжак чытаў? Верыў Чэхаву… Гэта ён пісаў, што трэба выціскаць з сябе па кроплі раба, і ўнутры чалавека ўсё павінна быць прыгожа: і душачка, і адзеннечка, і думачкі. А бывае наадварот! Наадварот! Часам чалавеку хочацца быць рабом, яму гэта падабаецца. З чалавека па кроплі выціскаюць чалавека. Сяржант у першы дзень табе тлумачыць, што ты — быдла, ты — жывёла. Каманда: «Легчы! Устаць!» Усе падняліся, адзін ляжыць. «Легчы! Устаць!» Ляжыць. Сяржант стаў жоўты, пасля фіялетавы: «Ты што?» — «Мітусня гэта…» — «Ты што?» — «Гасподзь вучыў: не забівай, нават не гневайся…» Сяржант — да камандзіра роты, той да гэбэшніка. Паднялі справу: баптыст. Як у армію трапіў?! Яго ахоўвалі ад усіх, потым кудысьці павезлі. Ён фантастычна небяспечны! Не хоча гуляць у вайну…