Курс маладога байца: марш на прыгажосць, завучванне Статута на памяць, разборка і зборка аўтамата Калашнікава з заплюшчанымі вачыма… пад вадой… Бога няма! Сяржант — бог, цар і вайсковы начальнік. Сяржант Валерыян: «Дрэсіроўцы паддаюцца нават рыбы. Зразумелі?» «Песню ў страі трэба крычаць так, каб цягліцы на срацы дрыжалі». «Чым глыбей вы ў зямлю закапаецеся, тым менш вас пазабіваюць». Фальклор!! Жах нумар адзін — кірзавыя боты… Рускае войска толькі нядаўна пераабулі — выдалі чаравікі. Я яшчэ служыў у ботах. Для таго, каб кірза блішчала, яе трэба было змазваць шавецкім крэмам і расціраць ваўнянай анучкай унацяг. Крос — дзесяць кіламетраў у кірзачах. Спякота трыццаць градусаў… Пекла! Жах нумар два — анучы… Яны былі двух відаў — зімовыя і летнія. Руская армія адмовілася ад ануч апошняй… у дваццаць першым стагоддзі… Я не адзін крывавы мазоль імі нацёр. Намотваюць анучу так: ад наска нагі і абавязкова «вонкі», а не ўнутр. Пашыхтаваліся. «Радавы… чаму кульгаеце? Вузкіх ботаў не бывае, ёсць няправільныя ногі». Гавораць усе матам, не лаюцца, а гавораць, ад палкоўніка да салдата. Іншай гаворкі не чуў.
Азбука выжывання: салдат — гэта быдла, якое можа ўсё… Войска — гэта турма, у якой тэрмін адбываюць па канстытуцыі… Мама, мне страшна! Малады салдат — «салага», «дух», «чарвяк».
«Гэй, душара! Прынясі чаю». «Гэй… пачысці боты…» Гэй-гэй! «А ты, б…дзь, горды». Пачынаюцца рэпрэсіі… Ноччу чацвёра трымаюць, двое б’юць… Адпрацаваная тэхніка, і цябе б’юць без сінякоў. Без слядоў. Напрыклад, мокрым ручніком… лыжкамі… Адзін раз мяне адхерачылі так, што я не мог два дні размаўляць. У шпіталі ад усіх хваробаў адна «зялёнка». Надакучвае біць — «паголяць» сухім ручніком або запальнічкай, гэта надакучыць — накормяць фекаліямі, памыямі.
«Ручкамі! Ручкамі бяры!» Жывёлы! Маглі прымусіць бегаць па казарме голым… танцаваць… У маладога салдата ніякіх правоў… Тата: «Савецкая армія — лепшая ў свеце…»
І… надыходзіць такі момант… З’яўляецца думка, такая подлая думка: я ім трусы, анучы памыю, потым сам выб’юся ў жывёлы, і ўжо мне будуць трусы мыць. Гэта я дома думаў пра сябе, што я такі белы і пухнаты. Мяне не зламаеш і маё «я» не заб’еш. Гэта «да таго»… (Паўза.) Есці хацелася заўсёды, асабліва салодкага. У арміі ўсё крадуць, замест належных сямідзесяці грамаў салдату застаецца трыццаць. Сядзелі аднойчы тыдзень без кашы — вагон пярлоўкі хтосьці на станцыі спёр. Снілася булачная… кексы з разынкамі… Стаў майстрам абірання бульбы. Віртуозам! За гадзіну магу начысціць тры вядры бульбы. Салдатам прывозяць нестандарт, як на ферму. Сядзіш у шалупінні… Бляааа! У нарадзе на кухні падыходзіць сяржант да салдата: «Начысціць тры вядры бульбы». Салдат: «У космас ужо даўно лётаюць, а машынку для абірання бульбы не вынайшлі». Сяржант: «У войску, радавы… усё ёсць. І машынка для абірання бульбы таксама. Гэта — ты. Найноўшая мадэль». Салдацкая сталовая — поле цудаў… Два гады: каша, квашаная капуста і макароны, суп з мяса, якое захоўвалі на ваенных складах на выпадак вайны. Колькі яно там ляжала? Пяць-дзесяць гадоў… Усё запраўляецца камбітлушчам, вялікія пяцілітровыя, такія аранжавыя бляшанкі. На Новы год у макароны ўлівалі згушчонку — ласунак! Сяржант Валерыян: «Печыва дома будзеце есці і частаваць сваіх блядзей…» Ані відэльца, ані чайнай лыжачкі паводле статуту салдату мець нельга. Лыжка — адзіны прыбор. Камусьці даслалі з дому пару чайных лыжачак. Божа мой! З якім задавальненнем мы сядзелі і размешвалі гарбату ў шклянках. Цывільны кайф! Трымаюць за быдла, і раптам — чайная лыжачка. Божа мой! Недзе ж у мяне ёсць дом… Заходзіць дзяжурны капітан… Убачыў: «Што? Што такое! Хто дазволіў? Неадкладна ачысціць памяшканне ад хламу!» Якія лыжачкі! Салдат — не чалавек. А прадмет… прыстасаванне… прылада для забойства… (Паўза.) Дэмбель. Нас… чалавек дваццаць… Прывезлі на машыне на чыгуначную станцыю і выгрузілі: «Ну што, пакуль! Пакуль, хлопцы! Шчасліва на гражданцы». Мы стаім. Паўгадзіны прайшло — стаім. Гадзіна прайшла… Стаім! Азіраемся. Чакаем загаду. Хтосьці павінен нам даць каманду: «Бягом! У касу па квіткі!» Загаду няма. Не памятаю, колькі часу прайшло, пакуль мы зразумелі, што каманды не будзе. Самім трэба вырашаць. Ё-маё! За два гады мазгі адбілі…