Выбрать главу

Да самагубства я падыходзіў разоў пяць… А як? Павесіцца? Будзеш у гаўне сваім вісець, язык вываліцца… назад у горла не запхаюць… Як у таго хлопца ў цягніку, калі нас у часць везлі. Абмацюкаюць… свае ж… Саскочыць з вышкі — фарш атрымаецца! Узяць аўтамат і ў часе дазору — у галаву… расколе, як кавун. Маму ўсё-ткі шкада. Камандзір прасіў: «Толькі не страляйцеся. Людзей спісаць лягчэй, чым патроны». Жыццё салдата таннейшае за табельную зброю. Ліст ад дзяўчыны… Гэта вельмі шмат значыць у арміі. Рукі трасуцца. Лісты захоўваць нельга. Праверка тумбачак: «Бабы вашы, будуць нашы. А вам яшчэ служыць, як медным чайнікам. Нясі сваю макулатуру ва ўнітаз». Належыць табе набор: брытва, аўтаручка і нататнік. Сядзіш у сарціры і чытаеш апошні раз: «Люблю… Цалую…» Бляааа! Абаронцы Радзімы! Ліст ад бацькі: «Ідзе вайна ў Чачні… Ты мяне разумееш!» Папа героя дадому чакае… А ў нас прапаршчык адзін быў у Афгане, паехаў добраахвотнікам. Вайна прайшлася па ягонай галаве моцна. Нічога не расказваў, баяў толькі «афганскія» анекдоты. Ё-маё! Усе гігікалі… Салдат цягне на сабе цяжка параненага сябра, той сплывае крывёй. Даходзіць. Просіць: «Страляй! Больш не магу!» — «У мяне патронаў няма. Скончыліся». — «А ты купі». — «Дзе я іх табе куплю? Вакол горы, няма нікога». — «А ты ў мяне купі». (Смяецца.) «Таварыш афіцэр, чаму вы папрасіліся ў

Афган?» — «Хачу стаць маёрам». — «А генералам?» — «Не, генералам я не стану — у генерала свой сын ёсць». (Паўза.) У Чачню ніхто не прасіўся. Ніводнага добраахвотніка не памятаю… Бацька прыходзіў да мяне ў сне: «Ты прысягу прыняў? Стаяў пад Чырвоным сцягам: «Клянуся свята прытрымлівацца… строга выконваць… мужна абараняць… А калі я парушу гэтую маю ўрачыстую прысягу, дык хай мяне спасцігне суровая кара… усеагульная нянавісць і пагарда…» У сне я ўцякаў кудысьці, ён цэліўся ў мяне… цэліўся…

Стаіш на варце. У руках — зброя. І адна думка: секунда-дзве — і ты вольны. Не бачны нікому. Ужо, сукі, не дастанеце! Ніхто… Ніхто! Калі шукаць прычыну, трэба пачынаць з таго часу, калі мама хацела дзяўчынку, а тата, як заўсёды, аборт. Сяржант сказаў, што ты — мяшок з гаўном… дзірка ў прасторы… (Паўза.) Афіцэры былі розныя: адзін — інтэлігент, які спіўся, гаварыў па-ангельску, а ў асноўным — шэрыя п’яніцы. Напіваліся да глюкаў… Маглі ўначы падняць усю казарму і прымусіць бегаць па пляцы, пакуль салдаты не падалі. Афіцэраў называлі шакаламі. Дрэнны шакал… добры шакал… (Паўза.) Хто вам раскажа, як дзесяць чалавек гвалцяць аднаго… (Злосны смех.) Гэта не цацкі і не літаратура… (Паўза.) На самазвале, як быдла, вазілі на камандзірскае лецішча. Цягалі бетонныя пліты… (Злосны смех.) Барабаншчык! Валі гімн Савецкага Саюза!

Я ніколі не хацеў быць героем. Я ненавіджу герояў! Герой мусіць ці шмат забіваць… ці прыгожа паміраць… Забіць ворага ты мусіш: спачатку выкарыстоўвай боекамплект; калі патроны і гранаты скончацца — змагайся нажом, прыкладам, сапёрнай рыдлёўкай. Рві хоць зубамі. Сяржант Валерыян: «Вучыся працаваць з нажом. Кісць рукі — рэч вельмі добрая, яе лепш не рэзаць, а калоць… зваротным хватам… Так… так… Кантралюйце руку, сыход за спіну… не захапляйся складанымі рухамі… Выдатна! Выдатна! Цяпер выверні нож у праціўніка… Так… так… Ты яго забіў. Малайчына! Забіў! Крычы: «Памры, сука!» Чаго ты маўчыш?» (Спыняецца.) Увесь час табе дзяўбуць: зброя — гэта прыгожа… страляць — сапраўдная мужчынская справа… Практыкаваліся на жывёлах, нам адмыслова завозілі валацужных сабак, катоў, каб потым рука не дрыжэла, калі ўбачыш чалавечую кроў. Мяснікі! Я не вытрымліваў… ноччу плакаў… (Паўза.) У дзяцінстве мы гулялі ў самураяў. Самурай мусіў па-японску памерці, не меў права ўпасці тварам уніз, закрычаць. Я заўсёды крычаў… Мяне не любілі браць у гэтую гульню… (Паўза.) Сяржант Валерыян: «Запомніце… аўтамат працуе так: раз, два, тры — і цябе няма…» А пайшлі вы ўсе!! Раз, два…