Вось стаім: мы і яны. Тут адзін народ, там іншы. Гэта дзіўна выглядала… Адны з плакатамі і партрэтамі, а іншыя — у баявым парадку і ў поўнай экіпіроўцы, са шчытамі і дубінкамі. Стаялі плячыстыя хлопцы. Прыгажуны рэальныя! Ну як гэта яны пачнуць нас біць? Мяне біць? Мае аднагодкі, кавалеры. Факт! Сярод іх ёсць знаёмыя хлопчыкі з маёй вёскі, яны, вядома, тут. У нас шмат хто з’ехаў у Мінск і служыць у міліцыі: Колька Латушка, Алік Казначэеў… Нармальныя хлопцы. Такія ж, як і мы, толькі з пагонамі. І яны пойдуць на нас? Не верылася… Ну ніяк… Смяяліся, фліртавалі з імі. Агітавалі: «Што, хлопцы, будзеце з народам ваяваць?» А снег ідзе і ідзе. І тут… Ну, быццам бы як на парадзе… Пачулася ваенная каманда: «Рассякайце натоўп! Трымайце шыхт!» Мозг не ўрубаўся ў рэчаіснасць, не адразу… бо такога не можа быць… «Рассякайце натоўп…» На нейкі момант цішыня. І тут жа грукат шчытоў… рытмічны грукат шчытоў… Яны пайшлі… шыхтамі ішлі і стукалі дубінкамі па шчытах, як паляўнічыя гоняць звера. Здабычу. Ішлі, ішлі і ішлі. Ніколі я не бачыла такой колькасці вайскоўцаў, толькі па тэлевізары. Я потым даведалася ад сваіх вясковых хлопцаў… Іх вучаць: «Самае страшнае, калі вы ўбачыце ў дэманстрантах людзей». Вымуштроўваюць, як сабак. (Маўчыць.) Крыкі… плач… Крыкі: «Б’юць! Б’юць!» Я ўбачыла — б’юць. Ведаеце, яны з азартам білі. З задавальненнем. Я запомніла, што білі з задавальненнем… як быццам на трэніроўцы… Дзявочы віск: «Што ты робіш, вырадак!» Высокі-высокі голас. Сарваўся. Было так страшна, што я на нейкі момант заплюшчыла вочы. На мне белая куртка, белая шапачка. Стаю ўся ў белым.
«мордай у снег, сука!»
Аўтазак… Цуд-машына. Я ўпершыню яе там убачыла. Гэта спецыяльны фургон для перавозкі зняволеных. Усё абабіта сталлю.
«Мордай у снег, сука! Толькі кранешся — заб’ю!» Я ляжу на асфальце… Я ляжу не адна, усе нашыя тут… пуста ў галаве… думак няма… Адзінае рэальнае адчуванне — холад. Штурхаюць, б’юць дубцамі, падымаюць і пхаюць у аўтазакі. Цяжэй за ўсё падлеткам, іх стараюцца біць па прамежнасцях: «Ты па яйцах яго бі, па яйцах! Па ябалу!» «Бі ў костку!», «Мачы іх!» Білі і па ходу справы філасофствавалі: «П…ц вашай рэвалюцыі!», «За колькі долараў ты прадаў Радзіму, гад?» Аўтазак — два на пяць метраў — разлічаны на дваццаць чалавек, як сказалі дасведчаныя людзі, нас жа ўтрамбавалі больш за пяцьдзясят. Трымайцеся, сардэчнікі і астматыкі! «У вокны не глядзець! Галовы ўніз!» Мацюкі… мацюкі… Праз нас, «прыдуркаў недаробленых», якія «прадаліся амерыкосам», яны сёння не паспелі на футбол. Іх цэлы дзень трымалі ў крытых машынах. Пад брызентам. Яны сцалі ў цэлафанавыя пакеты і прэзерватывы. Выскачылі галодныя, злосныя. Можа, яны самі па сабе неблагія людзі, але яны працуюць катамі. Нармальныя з выгляду хлопцы. Маленькія шрубкі сістэмы. Біць — не біць, вырашаюць не яны, але б’юць яны… Спачатку б’юць, а потым думаюць, а можа, і не думаюць. (Маўчыць.) Доўга некуды ехалі, то наперад, то разварочваемся назад. Куды? Поўная невядомасць. Калі адчынілі дзверы, на пытанне: «Куды нас вязуць?» — атрымалі адказ: «У Курапаты» (месца масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій). Такія ў іх садысцкія жарты. Нас доўга вазілі па горадзе, бо ўсе турмы былі перапоўненыя. Начавалі ў аўтазаку. На вуліцы дваццаць градусаў ніжэй за нуль, а мы ў жалезнай скрыні. (Маўчыць.) Я павінна іх ненавідзець. А я нікога не хачу ненавідзець. Я да гэтага не падрыхтаваная.