Выбрать главу

Гэта ў вас там рэвалюцыя, а ў нас савецкая ўлада». У доме пахла валяр’янкай.

Я даведалася пра вясковыя навіны… Па Юрку Шведа, фермера, ноччу прыехала машына і двое ў цывільным, як у трыццаць сёмым па нашага дзеда. Увесь дом перавярнулі. Камп’ютар забралі. Звольнілі медсястру, Аню Н. — яна ездзіла ў Мінск на мітынг, запісалася ў апазіцыйную партыю. У яе дзіцятка маленькае. Муж напіўся і пабіў: апазіцыянерка! А маці хлопцаў, якія служаць у мінскай міліцыі, выхваляюцца, што іх сыны вялікія прэміі атрымалі. Прывезлі падарункі. (Маўчыць.) Падзялілі народ на дзве паловы… Я пайшла ў клуб на танцы, за ўвесь вечар мяне ніхто не запрасіў танцаваць. Бо… тэрарыстка… Мяне баяліся…

«…ён можа ператварыцца ў чырвоны колер»

Сустрэліся выпадкова праз год у цягніку «Масква–Мінск». Усе ўжо даўно спалі, а мы размаўлялі.

— Вучуся ў Маскве. Хаджу на маскоўскія мітынгі з сябрамі. Клёва так! Мне падабаюцца твары людзей, якія бачу я там. Памятаю падобныя твары ў нас, калі мы выйшлі на плошчу ў Мінску. Я не пазнавала свой горад, людзей не пазнавала. Гэта былі іншыя людзі. Сумую па дому, моцна сумую па дому.

Сяду ў беларускі цягнік і ніяк не магу заснуць. Паўсон… паўява… То я ў турме, то ў інтэрнаце, то… Усё ўспамінаецца… Мужчынскія і жаночыя галасы… «…Ставілі на расцяжку, ногі задзіралі за галаву…»

«…Паклалі аркуш паперы на ныркі, каб не засталося слядоў, і білі пластыкавай бутэлькай з вадой…»

«…Ён насоўваў мне на галаву цэлафанавы пакет або процівагаз. Ну, а далей… самі разумееце, праз пару хвілін я губляў прытомнасць… А ў яго дома жонка і дзеці. Добры муж. Добры бацька…».

«…Б’юць, б’юць, б’юць, б’юць… ботамі, чаравікамі, красоўкамі…»

«…Ты думаеш, што іх вучаць толькі скакаць з парашутам, дэсантавацца па канаце з верталёта? Іх вучаць па тых жа падручніках, што і пры Сталіне…»

«…У школе нам казалі: «Чытайце Буніна, Талстога, гэтыя кнігі ратуюць людзей». У каго спытаць: чаму гэта не перадаецца, а дзвярная ручка ў анус і цэлафанавы пакет на галаву — перадаецца?»

«…Ім падвысяць заробак у два-тры разы… Баюся, яны будуць страляць…»

«…У войску я зразумеў, што люблю зброю. Прафесарскі хлопчык, які вырас сярод кніг. Я хачу мець пісталет. Прыгожая рэч! За сотні гадоў яго добра прыстасавалі да рукі. Трымаць прыемна. Мне падабалася б яго даставаць, чысціць. Змазваць. Люблю гэты пах».

«…Як ты думаеш, рэвалюцыя будзе?»

«…Аранжавы — гэта колер сабачай мачы на снезе. Але ён можа ператварыцца ў чырвоны…»

«…Мы ідзём…»

ЗАЎВАГА АБЫВАТАЛЯ

— Што ўспомніць? Жыву як усе. Была перабудова… Гарбачоў… Паштальёнка прачыніла брамку: «Чула, камуністаў ужо няма?» — «Як няма?» — «Партыю закрылі». Ніхто не страляў, нічога. Цяпер кажуць, што была вялікая дзяржава і ўсё знікла. А што ў мяне знікла? Як жыла я ў доміку без усялякіх выгодаў — без вады, без каналізацыі, без газу — так і жыву. Шчыра працавала ўсё жыццё. Рабіла, рабіла, прывыкла працаваць. І заўсёды атрымлівала капейкі. Як ела макароны і бульбу, так і ем. Футра даношваю савецкае. У нас тут — снегу!

Найлепшы ў мяне ўспамін, як я замуж выходзіла. Каханне было. Памятаю, вярталіся з загса, і красаваў бэз. Бэз красаваў! У ім, вы паверыце, спявалі салаўі… Я так памятаю… Дружна пажылі мы пару гадоў, дзяўчынку нарадзілі… А потым Вадзік запіў і згарэў ад гарэлкі. Малады мужык, сорак два гады. Так і жыву адна. Дачка ўжо вырасла, выйшла замуж і з’ехала.

Узімку нас засыпае снегам, увесь пасёлак у снезе — і дамы, і машыны. Бывае, што тыднямі не ходзяць аўтобусы. Што там у сталіцы? Ад нас да Масквы — тысяча кіламетраў. Глядзім маскоўскае жыццё па тэлевізары, як кіно. Пуціна і Алу Пугачову ведаю… астатніх нікога… Мітынгі, дэманстрацыі… А мы тут — як жылі, так і жывём. І пры сацыялізме, і пры капіталізме. Нам што «белыя», што «чырвоныя» — аднолькава. Трэба дачакацца вясны. Бульбу пасадзіць… (Доўга маўчыць.) Мне шэсцьдзясят гадоў… Я ў царкву не хаджу, а пагаварыць з кім-небудзь трэба. Пагаварыць пра іншае… Пра тое, што старэць неахвота, старэць зусім не хочацца. А паміраць будзе шкада. Бачылі, які ў мяне бэз? Выйду ноччу — ён ззяе. Пастаю, пагляджу. Давайце я вам букет зраблю…

Алексіевіч С.