Я палюбіла Гарбачова адразу! Цяпер яго праклінаюць: «Здрадзіў СССР!», «Гарбачоў прадаў краіну за піцу!» А я памятаю нашае здзіўленне. Узрушанасць! Нарэшце ў нас нармальны лідар. Не сорамна за яго! Адзін аднаму пераказвалі, як у Ленінградзе ён спыніў картэж і выйшаў да народа, а на нейкім заводзе адмовіўся ад дарагога падарунка. Падчас традыцыйнага застолля выпіў толькі шклянку гарбаты. Усміхаецца. Выступае без паперкі. Малады. Ніхто з нас не верыў, што савецкая ўлада калі-небудзь скончыцца і ў крамах з’явіцца каўбаса, а па імпартныя бюстгалтары не будуць стаяць кіламетровыя чэргі. Прывыклі ўсё праз знаёмых даставаць: падпіску на «Всемирку», шакаладныя цукеркі і гэдээраўскія спартыўныя касцюмы. Сябравалі з мясніком, каб купіць кавалак мяса. Савецкая ўлада здавалася вечнай. Хопіць яшчэ дзецям і ўнукам! А яна нечакана для ўсіх скончылася. Цяпер ясна, што і сам Гарбачоў гэтага не чакаў, ён хацеў нешта змяніць, але не ведаў — як. Ніхто не быў гатовы. Ніхто! Нават тыя, хто дзёўб гэтую сцяну. Я — шараговы тэхнолаг. Не герой, не… і не камуністка… Дзякуючы свайму мужу, ён — мастак, я рана трапіла ў багемнае асяроддзе. Паэты, мастакі… Сярод нас не было герояў, ні ў каго не хапіла адвагі стаць дысідэнтам, адседзець у турме ці ў вар’ятні за свае перакананні. Жылі з дуляй у кішэні.
Сядзелі на кухнях, лаялі савецкую ўладу і баялі анекдоты. Чыталі самвыдат. Калі хтосьці даставаў новую кнігу, ён мог прыйсці ў дом да сяброў у любы час — нават а другой-трэцяй гадзіне ночы, усё роўна гэта быў жаданы госць. Я добра памятаю тое начное маскоўскае жыццё… асаблівае… Там былі свае героі… свае баязліўцы і здраднікі… Сваю захопленасць! Растлумачыць гэта чалавеку недасведчанаму немагчыма. Перш за ўсё нашую захопленасць я не магу растлумачыць. І не магу растлумачыць іншае… Вось гэта… Начное нашае жыццё… ну зусім яно не было падобнае да дзённага. Ні кроплі! Раніцай мы ўсе ішлі на працу і ператвараліся ў звычайных савецкіх людзей. Як і ўсе астатнія. Рабілі на рэжым. Альбо ты канфарміст, альбо табе трэба ісці ў дворнікі і вартаўнікі, іншага спосабу захаваць сябе не было. Вярталіся з працы дамоў… І зноў пілі гарэлку на кухнях, слухалі забароненага Высоцкага. Лавілі праз трэск глушылак «Голас Амерыкі». Я да гэтага часу памятаю той цудоўны трэск. Круцілі бясконцыя раманы. Кахаліся, разводзіліся. І многія пры гэтым адчувалі сябе сумленнем нацыі, лічылі, што мелі права павучаць свой народ. А што мы пра яго ведалі? Тое, што прачыталі ў «Запісках паляўнічага» Тургенева і ў нашых «дзеравеншчыкаў». У Распуціна… Бялова… Я нават свайго бацькі не разумела. Крычала яму: «Тата, калі ты не вернеш ім свой партбілет, то я з табой размаўляць не буду». Тата плакаў.
У Гарбачова было ўлады — як у цара. Неабмежаваная ўлада. А ён прыйшоў і сказаў: «Нельга так жыць». Яго знакамітая фраза. І краіна ператварылася ў дыскусійны клуб. Спрачаліся дома, на працы, у транспарце. Ад розных поглядаў сем’і распадаліся, дзеці сварыліся з бацькамі. Адна мая знаёмая так пасварылася з сынам і нявесткай пра Леніна, што выгнала іх на вуліцу, яны жылі зімой за горадам у хатцы на лецішчы. Тэатры пустыя, усе сядзелі дома перад тэлевізарам. Ішлі жывыя рэпартажы з Першага з’езда народных дэпутатаў СССР. Перад тым была цэлая гісторыя, як мы выбіралі тых дэпутатаў. Першыя свабодныя выбары! Сапраўдныя! Па нашай акрузе праходзілі дзве кандыдатуры: нейкі партыйны чыноўнік і малады дэмакрат, выкладчык універсітэта. Памятаю і цяпер яго прозвішча — Малышаў… Юры Малышаў. Цяпер ён, я выпадкова даведалася, займаецца аграбізнесам — памідорамі і гурочкамі гандлюе. А тады — рэвалюцыянер! Выступаў і казаў такую крамолу! Нечуваную! Марксісцка-ленінскую літаратуру называў малалітражнай… нафталіннай… Шосты артыкул Канстытуцыі патрабаваў скасаваць, а гэта артыкул — пра кіроўную ролю КПСС. Кутні камень марксізму-ленінізму… Я слухала і не магла сабе гэта ўявіць. Ахінея! Хто табе дасць… дазволіць зачапіць? Усё разваліцца… Гэта ж скрэпы… Настолькі мы былі ўсе замбаваныя. Я савецкага чалавека выціскала з сябе гадамі, вёдрамі вычэрпвала. (Маўчыць.) Нашая каманда… Нас набралося чалавек дваццаць добраахвотных памочнікаў, пасля працы мы абыходзілі кватэры ў сваім раёне і агітавалі. Малявалі плакаты: «Галасуй за Малышава!» І ўявіце сабе — ён перамог! З вялікай перавагай. Першая нашая перамога! Потым мы ўсе балдзелі ад жывых рэпартажаў са з’езду — дэпутаты выказваліся яшчэ больш адкрыта, чым мы на кухнях. Ці ў двух метрах ад кухні. Усе тырчалі каля тэлевізараў, як наркаманы. Не маглі адарвацца. Вось цяпер Траўкін ім дасць! Да-а-аў!! А Болдыраў? Цяпер ён… Во малайчына!