Выбрать главу

«…я была адданай камсамолкай… са шчырым сэрцам уступіла ў партыю. Цяпер хачу сказаць, што партыя больш не мае ніякай улады нада мной…»

«…час увёў мяне ў зман… Я верыла ў Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю. Прачытаўшы Салжаніцына, я зразумела, што «выдатныя ідэалы камунізму» усе ў крыві. Гэта падман…»

«…мяне прымусіў уступіць у партыю страх… Ленінскія бальшавікі расстралялі майго дзядулю, а сталінскія камуністы знішчылі ў мардоўскіх лагерах маіх бацькоў…»

«…ад свайго імя і ад імя майго нябожчыка-мужа заяўляю аб сваім выхадзе з партыі…»

Гэта трэба было перажыць… не здохнуць ад жаху… У райкаме стаялі чэргі, як у краме. Чэргі ахвотнікаў здаць партбілет. Да мяне прабілася простая жанчына. Даярка. Яна плакала: «Што мне рабіць? У газетах пішуць, што партбілеты трэба выкідаць». Апраўдвалася яна тым, што ў яе трое дзяцей, яна за іх баіцца. Хтосьці распускаў чуткі, што камуністаў будуць судзіць. Высылаць. Ужо рамантуюць у Сібіры старыя баракі… у міліцыю паступілі кайданкі… нехта бачыў, як іх згружаюць з грузавікоў, крытых брызентам. Жахлівыя рэчы, так! Але я запомніла і сапраўдных камуністаў. Адданых ідэі. Маладога настаўніка… Незадоўга да ГКЧП яго прынялі ў партыю, але білет не паспелі ўручыць, ён прасіў: «Вас хутка апячатаюць. Выпішыце мне партбілет, а то я яго ніколі не атрымаю». У гэты момант людзі асабліва ярка праявіліся. Прыйшоў франтавік… Увесь у баявых ардэнах. Іканастас на грудзях! Вярнуў ён партбілет, які яму ўручылі на фронце, са словамі: «Не хачу быць у адной партыі з гэтым здраднікам Гарбачовым!» Ярка… ярка… людзі паказвалі сябе. І чужыя, і знаёмыя. І нават сваякі. Раней сустрэнуць: «Ах, Алена Юр’еўна!», «Як вашае здароўе, Алена Юр’еўна?» А тут убачаць здалёк і пераходзяць на другі бок вуліцы, каб не вітацца. Дырэктар лепшай школы ў раёне… Надоечы мы праводзілі ў яго школе навуковую партканферэнцыю па кнігах Брэжнева «Малая зямля» і «Адраджэнне». Тады ён выступіў з бліскучым дакладам аб кіроўнай ролі камуністычнай партыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны… і асабіста таварыша Брэжнева… Я яму ўручыла грамату райкама партыі. Верны камуніст! Ленінец! Божа мой! Месяца не прайшло… Сустрэў мяне на вуліцы і пачаў абражаць: «Скончыўся ваш час! За ўсё адкажаце! Перш-наперш — за Сталіна!» Я задыхнулася ад крыўды… Гэта ён — мне! Мне? Мне, у якой бацька ў лагеры сядзеў…

(Некалькі хвілінаў супакойваецца.) Сталіна я ніколі не любіла. Бацька дараваў, а я не. Я не прабачыла… (Маўчыць.) Рэабілітацыю «палітычных» пачалі пасля дваццатага з’езда. Пасля даклада Хрушчова… А гэта… А гэта ўжо было пры Гарбачове… Мяне прызначылі старшынёй раённай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. Я ведаю, што спачатку прапаноўвалі іншым: нашаму пракурору і другому сакратару райкама партыі. Адмовіліся. Чаму? Можа, пабаяліся. У нас да гэтага часу баяцца ўсяго, што звязана з КДБ. А я ні хвіліны не вагалася — так, я згодная. У мяне бацька пацярпеў. Чаго мне баяцца? Аднойчы павялі кудысьці ў падвал… Дзясяткі тысячаў тэчак… Адна «справа» — два аркушыкі, а іншая — том. Як у трыццаць сёмым годзе быў план… размеркаванне… па «выяўленні і выкарчоўванні ворагаў народа», так у васьмідзясятыя гады па раёнах і абласцях спускалі лічбы па рэабілітацыі. План трэба было выканаць і перавыканаць. Стыль сталінскі: нарады, накачкі, вымовы. Давай-давай… (Круціць галавою.) Па начах сядзела і чытала, пераварочвала тамы. Шчыра… шчыра скажу… Валасы ўставалі на галаве… Брат пісаў на брата, сусед на суседа… Пасварыліся з-за агарода, з-за пакоя ў камуналцы. Праспяваў на вяселлі прыпеўку: «Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну». Гэтага было дастаткова. З аднаго боку, сістэма раструшчвала чалавека, а з другога — людзі не шкадавалі адзін аднаго. Чалавек мог…