Звычайная камуналка… Жывуць разам пяць сем’яў — дваццаць сем чалавек. Адна кухня і адзін сарцір. Дзве суседкі сябруюць: у адной дзяўчынцы пяць гадоў, а другая — адзінокая. У камуналках, звычайная справа, сачылі адзін за адным. Падслухоўвалі. Тыя, у каго пакой — дзесяць метраў, зайздросцілі тым, у каго ён — дваццаць пяць метраў. Жыццё… яно такое… І вось ноччу прыязджае «чорны воран»… Жанчыну, у якой маленькая дзяўчынка, арыштоўваюць. Перад тым, як яе адвялі, яна паспела крыкнуць сяброўцы: «Калі не вярнуся, вазьмі маю дачку да сябе. Не аддавай у дзіцячы дом». І тая забрала дзіця. Перапісалі ёй другі пакой… Дзяўчынка стала клікаць яе мамай… «мамай Аняй»… Прайшло сямнаццаць гадоў… Праз сямнаццаць гадоў вярнулася сапраўдная мама. Яна цалавала рукі і ногі сваёй сяброўцы. Казкі звычайна канчаюцца на гэтым месцы, а ў жыцці была іншая канцоўка. Без хэпі-энду. Пры Гарбачове, калі адкрылі архівы, у былой лагерніцы спыталі: «Вы хочаце паглядзець сваю справу?» — «Хачу». Узяла яна сваю тэчку… адкрыла… Зверху ляжаў данос… знаёмы почырк… Суседка… «мама Аня»… напісала данос… Вы што-небудзь разумееце? Я — не. І тая жанчына — яна таксама не змагла зразумець. Прыйшла дадому і павесілася. (Маўчыць.) Я — атэістка. У мяне да Бога шмат пытанняў… Я памятаю… Я ўспамінаю татавы словы: «Лагер перажыць можна, а людзей не». Яшчэ ён казаў: «Памры ты сёння, а я заўтра — гэтыя словы я не ў лагеры першы раз пачуў, а ад нашага суседа. Ад Карпушы…» Карпуша ўсё жыццё сварыўся з бацькамі з-за нашых курэй, якія хадзілі па яго градах. Бегаў пад нашымі вокнамі з паляўнічай стрэльбай… (Маўчыць.) Дваццаць трэцяга жніўня… Арыштавалі членаў ГКЧП. Застрэліўся міністр унутраных справаў Пуга… Перад гэтым ён застрэліў сваю жонку… Людзі радаваліся: «Пуга застрэліўся!» Павесіўся ў сваім крамлёўскім кабінеце маршал Ахрамееў. Яшчэ было некалькі дзіўных смерцяў… Кіраўнік спраў ЦК Мікалай Кручына выпаў з акна пятага паверха… Самагубствы або забойствы? Думаюць дагэтуль… (Маўчыць.) Як жыць? Як выйсці на вуліцу? Вось проста выйсці на вуліцу і каго-небудзь сустрэць. Я тады… Ужо некалькі гадоў я жыла адна. Дачка выйшла замуж за афіцэра, з’ехала ва Уладзівасток. Муж памёр ад раку. Увечары вярталася ў пустую кватэру. Я не слабы чалавек… Але думкі ўсякія… страшныя… яны з’яўляліся… Шчыра скажу… Былі, так… (Маўчыць.) Яшчэ нейкі час мы хадзілі на працу ў райкам. Зачыняліся там у сваіх кабінетах. Глядзелі навіны па тэлевізары. Чакалі. На нешта спадзяваліся. Дзе нашая партыя? Нашая непераможная ленінская партыя! Свет паваліўся… Званок з аднаго калгаса: мужыкі з косамі і віламі, з паляўнічымі стрэльбамі — у каго што было, сабраліся каля канторы абараняць савецкую ўладу.
«Першы» загадаў: «Скажыце, каб ішлі дамоў». Спалохаліся… мы ўсе спалохаліся… А людзі былі настроеныя рашуча. Я некалькі такіх фактаў ведаю. А мы спалохаліся… І вось… гэты дзень… Патэлефанавалі з райвыканкама: «Мы абавязаны апячатаць вашыя кабінеты. У вас дзве гадзіны, каб сабраць свае рэчы». (Не можа ад хвалявання гаварыць.) Дзве гадзіны… дзве… Кабінеты апячатвала спецыяльная камісія… Дэмакраты! Нейкі слесар, малады журналіст, маці пяці дзяцей… Я яе ўжо ведала па мітынгах. Па лістах у райкам… у нашую газету… Жыла яна з вялікай сям’ёй у бараку. Усюды выступала і патрабавала кватэру. Праклінала камуністаў. Я запомніла яе твар… Яна ў гэты момант была поўная трыумфу… Калі яны прыйшлі да «першага», ён запусціў у іх крэслам. У мяне ў кабінеце адна з членаў камісіі падышла да акна і дэманстратыўна разарвала штору. Каб я дадому яе не забрала, ці што? Бог мой! Прымусілі адкрыць сумачку… Праз некалькі гадоў я сустрэла на вуліцы гэтую маці пяці дзяцей. Нават імя яе зараз успомніла — Галіна Аўдзей. Я яе спытала: «Ці атрымалі вы кватэру?» Яна паказала кулак у бок будынка абласной адміністрацыі: «І гэтыя падлюгі мяне падманулі». Далей… Далей — што? На выхадзе з будынка райкама нас чакаў натоўп: «Камуністаў — пад суд! Адразу іх — у Сібір!», «Узяць бы зараз кулямёты і прайсціся па вокнах». Абарочваюся — за спіной у мяне два мужчыны нападпітку — гэта яны… пра кулямёт… Адказваю: «Толькі прыміце пад увагу, я буду адстрэльвацца». Побач стаяў міліцыянт і рабіў выгляд, што ён нічога не чуе. Знаёмы міліцыянт.