Выбрать главу

Абразок на куце ў мяне, і сабачку трымаю, каб было з кім пагаварыць. Адна галавешка і ўночы не гарыць, а я стараюся. Во-о-о… Добра, што Бог даў чалавеку і сабаку, і ката… і дрэва, і птушку… Даў для таго ён гэта ўсё, каб чалавек радаваўся і жыццё не здалося яму доўгім. Ці не надакучыла. А мне адно, што не надакучыла, — глядзець, як пшаніца жоўкне. Нагаладалася я за сваё жыццё так, што больш за ўсё люблю, як збажына спее, каласы калышуцца. Мне гэта — як вам карціна ў музеі… І цяпер не ганюся за белай булкай, а смачней за ўсё чорны пасолены хлеб з салодкай гарбатай. Пачакай-пацярпі… ды пачакай-пацярпі… Ад усякага болю адзіны ў нас сродак — цярпенне. Так і жыццё прайшло. Вось і Сашка… наш Парфіравіч… Трываў, трываў, ды не вытрымаў. Прытаміўся чалавек. Гэта целу ў зямлі ляжаць, а душы на адказ ісці. (Выцірае слёзы.) Во як! Тут плачам… і калі сыходзім, таксама плачам…

Зноў людзі сталі ў Бога верыць, бо няма іншай надзеі. А калісьці мы ў школе вучылі, што Ленін — Бог, і Карл Маркс — Бог… Збожжа ў храмы ссыпалі, буракі звозілі. Так было, пакуль вайна не пачалася. Пачалася вайна… Сталін цэрквы адкрыў, каб малітвы правілі за перамогу рускага штыка, і звярнуўся да народа: «Браты і сёстры… сябры мае…» А да таго — хто мы былі? Ворагі народа… кулакі і падкулачнікі… У нас у вёсцы ўсе моцныя сем’і раскулачылі; калі два кані і дзве каровы ў двары — ужо гэта кулакі. У Сібір іх вывозілі, кідалі там у голы лес, у тайгу… Бабы душылі сваіх дзяцей, каб тыя не пакутавалі. Ой, гора… слёз чалавечых… было больш, як вады на зямлі. А тут Сталін папрасіў: «Браты і сёстры…» Паверылі яму. Даравалі. І Гітлера перамаглі! А Гітлер у брані да нас прыйшоў… у жалезе… Усё роўна перамаглі! А цяпер — хто я? Мы? Электарат… Я тэлевізар гляджу. Навіны не прапускаю… Цяпер мы — электарат. Наша справа — пайсці прагаласаваць правільна — і годзе. Я раз хварэла, не пайшла на ўчастак, дык яны самі да мяне прыехалі на машыне. З чырвонай скрыначкай. У гэты дзень пра нас успамінаюць… Та-а-ак… Як жывём, так і паміраем… Я і ў царкву хаджу, і крыжык нашу, а шчасця як не было, так і няма. Не сабрала я шчасця. І ўжо не дапросішся. Хутчэй бы памерці… Хутчэй бы царства нябеснае, надакучыла цярпець. Так і Сашка… Ляжыць цяпер на могілках… адпачывае… (Перахрысцілася.) З музыкай пахавалі, са слязамі. Усе плакалі. У гэты дзень шмат плачуць. Шкадуюць. А чаго каяцца? Пасля смерці хто пачуе? Засталося: два пакойчыкі ў бараку, адна градка, чырвоныя граматы і медаль «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва». У мяне такі ж медалёк у шафе ляжыць. І стаханаўкай была, і дэпутатам. Паесці не заўсёды хапала, а чырвоную грамату дадуць. Сфатаграфуюць. Нас тут тры сям’і ў гэтым бараку. Пасяліліся маладымі, думалі — на год-два, а пражылі ўсё жыццё. У бараку і памром. Хто дваццаць, хто трыццаць гадоў… стаялі ў чарзе на кватэру, чакалі… Цяпер аб’явіўся Гайдар і смяецца: ідзіце — купляйце. За якія шышы? Грошы нашы зніклі… адна рэформа, другая… абабралі нас! Такую краіну спусцілі ва ўнітаз! У кожнай сям’і — два пакойчыкі, хляўчук і градка. Аднолькавыя мы. Во зарабілі! Пабагацелі! Усё жыццё верылі, што калі-небудзь будзем добра жыць. Падман! Вялікі падман! А жыццё… лепш і не ўспамінаць… цярпелі, працавалі і пакутавалі. А зараз ужо не жывём, а дні праводзім.

Мы з Сашкам з адной вёскі… Тут… пад Брэстам… Бывала, сядзем з ім увечары на лавачцы і ўспамінаем. А пра што яшчэ казаць? Добры ён быў чалавек. Не піў, не п’яніца… Не-е-е… хоць адзін жыў. Што рабіць адзінокаму мужчыну? Выпіў — паспаў… выпіў… Хаджу па двары. Таўкуся. Хаджу і думаю: зямное жыццё — не ўсяму канец. Смерць — душы прастор… Дзе ён там? Напрыканцы пра суседзяў падумаў. Не забыўся. Барак стары, адразу пасля вайны пабудавалі, дрэва высахла і, як папера, загарэлася б, запалала. У адзін момант! У секунду! Згарэла б да травы… да пяску… Напісаў цыдулку дзецям: «Гадуйце ўнукаў. Бывайце» — і паклаў на заўважнае месца. Пайшоў у гарод… на сваю градку…