Выбрать главу

23 жніўня Ахрамееў вярнуўся з працы не позна. Вячэрала сям’я разам. Купілі вялікі кавун і доўга сядзелі за сталом. Бацька, па словах дачкі, быў адкрыты. Прызнаўся, што чакае арышту. Ніхто ў Крамлі да яго не падыходзіць і не размаўляе. «Я разумею, — казаў ён, — вам будзе цяжка, цяпер на нашую сям’ю абрынецца столькі бруду. Але інакш паступіць я не мог». Дачка задала яму пытанне: «Ты не шкадуеш, што прыляцеў у Маскву?» Ахрамееў адказаў: «Калі б я гэтага не зрабіў, я праклінаў бы сябе ўсё жыццё».

Перад сном Ахрамееў паабяцаў унучцы, што заўтра павядзе яе ў парк на арэлі. Турбаваўся, хто сустрэне жонку, якая раніцай павінна была прыляцець з Сочы. Прасіў, каб яму адразу паведамілі аб яе прылёце. Замовіў для яе ў крамлёўскім гаражы машыну…

Дачка патэлефанавала бацьку раніцай у 9.35. Голас у яго быў звычайны… Ведаючы характар бацькі, у самазабойства дачка не верыць…»

з апошніх запісаў

«…Я прысягаў Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік… і ўсё жыццё яму праслужыў. Дык што цяпер я павінен рабіць? Каму я павінен служыць? Так, пакуль я жывы, пакуль я дыхаю, я і буду змагацца за Савецкі Саюз… «

Тэлепраграма «Взгляд». 1990 г.

«Усё цяпер ператвараюць у чарноцце… адмаўляюць усё, што адбывалася ў краіне пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі… Так, тады быў Сталін, быў сталінізм. Так, тады былі рэпрэсіі, гвалт над народам, я гэтага не адмаўляю. Усё гэта было. І тым не менш, гэта трэба даследаваць і ацаніць аб’ектыўна і справядліва. Мяне, напрыклад, у гэтым пераконваць няма чаго, я сам родам адтуль, з гэтых гадоў. Я сам бачыў, як людзі працавалі, з якой верай… Задача не ў тым, каб нешта згладзіць ці схаваць. Хаваць, утойваць няма чаго. На фоне таго, што адбылося ў краіне і пра што ўсе ўжо ведаюць, якія могуць быць гульні ў хованкі? Але вайну з фашызмам мы выйгралі, а не прайгралі. У нас ёсць Перамога.

Я памятаю трыццатыя гады… Выраслі такія, як я. Дзясяткі мільёнаў. І мы будавалі сацыялізм свядома. Мы гатовыя былі на любыя ахвяры. Я не згодны, што ў перадваенныя гады існаваў толькі сталінізм, як піша генерал Валкагонаў. Ён — антыкамуніст. Але сёння ў нас слова «антыкамуніст» ужо не з’яўляецца лаянкавым. Я — камуніст, ён — антыкамуніст. Я — антыкапіталіст, а ён — не ведаю, хто: абаронца капіталізму ці не? Гэта не больш за звычайную канстатацыю факту. І ідэйную спрэчку. Мяне не толькі крытыкуюць, але адкрыта лаюць за тое, што я называю яго круцялём… Да нядаўняга часу Валкагонаў абараняў савецкі лад, камуністычныя ідэалы разам са мной. І раптам рэзкі паварот. Хай скажа, чаму ён здрадзіў вайсковай прысязе…

Многія страцілі сёння веру. Першым сярод іх я назваў бы Барыса Мікалаевіча Ельцына. Расійскі прэзідэнт быў жа сакратаром ЦК КПСС, кандыдатам у члены Палітбюро. А цяпер вось адкрыта кажа, што не верыць у сацыялізм і камунізм, лічыць няправільным усё, што рабілі камуністы. Стаў ваяўнічым антыкамуністам. Ёсць і іншыя. Іх, дарэчы, не так ужо й мала. Але вы ж звяртаецеся да мяне… Я ў прынцыпе не згодны… Я бачу пагрозу для існавання нашай краіны, яна — відавочная. Яна цяпер такая самая, як у сорак першым годзе…»

Н. Зенкович. ХХ век. Высший генералитет в годы потрясений. М. : Олма-пресс, 2005.

«СССР у 70-я гады вырабляў у 20 разоў больш танкаў, чым ЗША. Пытанне Г. Шахназарава, памочніка генеральнага сакратара КПСС

М. Гарбачова (1980-я гады): «Навошта вырабляць столькі зброі?» Адказ начальніка Генштаба С. Ахрамеева: «Таму што цаной вялікіх ахвяр мы стварылі першакласныя заводы, не горшыя за амерыканскія. Вы што, загадаеце ім спыніць працу і вырабляць каструлі?»

Егор Гайдар. Гибель империи. М. : Российская политическая энциклопедия, 2007.

«На дзявяты дзень працы Першага з’езда народных дэпутатаў СССР у зале з’явіліся ўлёткі, у іх паведамлялася, што Сахараў у інтэрв’ю адной з канадскіх газет заявіў: «У часе афганскай вайны з савецкіх верталётаў расстрэльвалі сваіх жа салдат, якія трапілі ў акружэнне, каб тыя не маглі здацца ў палон»…