На трыбуне першы сакратар Чаркаскага гаркама камсамола, ветэран афганскай вайны С. Чырвонапіскі, у яго няма ног, яму дапамагаюць дайсці да трыбуны. Ён зачытвае зварот ветэранаў-афганцаў: «Спадар Сахараў сцвярджае, што ёсць звесткі аб расстрэле савецкімі верталётамі савецкіх жа салдат… Нас сур’ёзна турбуе беспрэцэдэнтнае цкаванне Савецкай Арміі ў сродках масавай інфармацыі. Мы да глыбіні душы абураныя гэтай безадказнай, правакацыйнай выхадкай вядомага навукоўца. Гэта зламысны выпад супраць нашай арміі, прыніжэнне яе гонару і годнасці, чарговая спроба разарваць святое адзінства арміі, народа і партыі… (Авацыі.) У зале больш за 80 адсоткаў камуністаў. Але ні ад каго, у тым ліку і ў дакладзе таварыша Гарбачова, не прагучала слова — камунізм. Але тры словы, за якія, я лічу, усім светам нам трэба змагацца, я сёння назаву — гэта: Дзяржава, Радзіма, Камунізм…»
Апладысменты. Усе дэпутаты ўстаюць — акрамя дэмакратаў і мітрапаліта Алексія.
Настаўніца з Узбекістана:
«Таварыш акадэмік! Вы адным сваім учынкам перакрэслілі ўсю сваю дзейнасць. Вы нанеслі абразу ўсёй арміі, усім нашым загінулым. І я выказваю ўсеагульную пагарду вам…»
Маршал Ахрамееў:
«Тое, што сказаў акадэмік Сахараў, — гэта хлусня. Нічога падобнага ў Афганістане не было. Заяўляю гэта з поўнай адказнасцю. Папершае, я два з паловай гады праслужыў у Афганістане, па-другое, будучы першым намеснікам начальніка Генштаба, а потым начальнікам Генштаба, кожны дзень займаўся Афганістанам, ведаю кожную дырэктыву, кожны дзень баявых дзеянняў. Не было!»
«— Таварыш Маршал, што вы адчуваеце, ведаючы, што званне Героя Савецкага Саюза атрымалі за Афганістан? Акадэмік Сахараў агучыў лічбу: страты афганскага народа — адзін мільён чалавек…
— Вы думаеце, я шчаслівы, што атрымаў Зорку Героя? Загад я выконваў, але там адна кроў… бруд… Я не раз казаў, што вайсковае кіраўніцтва было супраць гэтай вайны, разумеючы, што нас уцягнуць у баявыя дзеянні ў цяжкіх, незнаёмых умовах. Супраць СССР падымецца ўвесь усходні ісламізм. Мы страцім перавагу ў Еўропе. Нам было жорстка сказана: «З якога гэта часу генералы ў нашай краіне сталі лезці ў палітыку?» Мы прайгралі барацьбу за афганскі народ… Але ў гэтым няма віны нашай арміі…»
«…дакладваю аб ступені майго ўдзелу ў злачынных дзеяннях так званага «Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы…» (ГКЧП).
6 жніўня г. г. па Вашым распараджэнні я з’ехаў у адпачынак у вайсковы санаторый г. Сочы, дзе знаходзіўся да 19 жніўня. Да ад’езду ў санаторый і ў санаторыі да раніцы 19 жніўня мне нічога не было вядома аб падрыхтоўцы змовы. Ніхто, нават намёкам, мне не казаў пра яе арганізацыю і арганізатараў, гэта значыць, у падрыхтоўцы і ажыццяўленні яе я ніяк не ўдзельнічаў. Раніцай 19 жніўня, пачуўшы па тэлебачанні дакументы названага «Камітэта», я самастойна прыняў рашэнне ляцець у Маскву. А 8-й гадзіне вечара я сустрэўся з Янаевым Г. І., сказаў яму, што згодны з праграмай, выкладзенай «Камітэтам» у яго Звароце да народа, і прапанаваў яму пачаць працу з ім у якасці дарадцы в. а. Прэзідэнта СССР. Янаеў Г.І. пагадзіўся з гэтым, але, спаслаўшыся на занятасць, вызначыў час наступнай сустрэчы прыкладна на 12-ю гадзіну 20 жніўня. Ён сказаў, што ў «Камітэта» не арганізавана інфармацыя аб становішчы і добра, калі б я заняўся гэтым…
Раніцай 20 жніўня я сустрэўся з Бакланавым А.Д., які атрымаў такое самае даручэнне. Вырашылі працаваць па гэтым пытанні сумесна… Сабралі працоўную групу з прадстаўнікоў ведамстваў і арганізавалі збор дадзеных і аналіз становішча. Практычна гэтая рабочая група падрыхтавала два даклады: да 9-й вечара 20 жніўня і да раніцы 21 жніўня, якія былі разгледжаныя на пасяджэнні «Камітэта».
Акрамя таго, 21 жніўня я працаваў над падрыхтоўкай даклада Янаева Г.І. на Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР. Увечары 20 жніўня і раніцай 21 жнiўня я ўдзельнічаў у пасяджэннях «Камітэта», дакладней, той яго часткі, якая вялася ў прысутнасці запрошаных. Вось праца, у якой я ўдзельнічаў 20 і 21 жніўня г. г. Акрамя таго, 20 жніўня, прыкладна а 3-й гадзіне дня, я сустракаўся ў міністэрстве абароны з Язавым Д. Ц. па яго просьбе. Ён сказаў, што сітуацыя ўскладняецца, і выказаў сумнеў у поспеху задуманага. Пасля размовы ён папрасіў прайсці з ім разам да намесніка міністра абароны генерала Ачалава В. А., дзе распрацоўваўся план захопу будынка Вярхоўнага Савета РСФСР. Ён слухаў Ачалава В. А. на працягу трох хвілін толькі наконт саставу войскаў і тэрмінах дзеянняў. Я нікому ніякіх пытанняў не задаваў… Чаму я прыехаў у Маскву па сваёй ініцыятыве — ніхто мяне з Сочы не выклікаў — і пачаў працаваць у «Камітэце»? Бо я быў упэўнены, што гэтая авантура пацерпіць паразу, а прыехаўшы ў Маскву, яшчэ раз пераканаўся ў гэтым. Справа ў тым, што, пачынаючы з 1990 года, я быў перакананы, як перакананы і сёння, што нашая краіна ідзе да згубы. Неўзабаве яна будзе падзеленая. Я шукаў спосаб гучна заявіць пра гэта. Палічыў, што мой удзел у забеспячэнні работы «Камітэта» і наступны звязаны з гэтым разбор дасць мне магчымасць наўпрост сказаць пра гэта. Гучыць, напэўна, непераканаўча і наіўна, але гэта так. Ніякіх карыслівых матываў у гэтым маім рашэнні не было…»