Выбрать главу

На савецка-амерыканскіх перамовах па раззбраенні амерыканцы заўсёды атрымлівалі тое, што хацелі менавіта яны. Ахрамееў апісвае ў кнізе «Вачыма маршала і дыпламата», як ішлі дэбаты па ракеце «Ака» (на Захадзе яе называлі СС-23). Ракета новая, ні ў кога больш такой не было, і амерыканскі бок меў на мэце яе знішчыць. Але пад пункты дамовы яна не трапляла: знішчэнню падлягалі ракеты сярэдняй дальнасці ад 1000 да 5500 км і менш — ад 500 да 1000 км. Баявы радыус «Акі» — 400 км. Савецкі Генштаб прапаноўваў амерыканцам: вось жа, давайце сумленна — забаронім усе ракеты ў дыяпазоне не з 500, а з 400 да 1000 км. Але тады амерыканцам давялося б ахвяраваць сваёй мадэрнізаванай ракетай «Лэнс-2» з дальнасцю 450–470 км. Доўгая закулісная барацьба… Таемна ад вайскоўцаў Гарбачоў асабіста прыняў рашэнне аб знішчэнні «Акі». Менавіта тады Ахрамееў сказаў сваю знакамітую фразу: «Можа быць, нам адразу папрасіць палітычны прытулак у нейтральнай Швейцарыі і не вяртацца дадому?» Не мог ён удзельнічаць у развале таго, чаму аддаў усё сваё жыццё… (Паўза.) Свет стаў аднапалярным, цяпер ён належыць Амерыцы. Мы сталі слабымі, нас адразу ж засунулі на перыферыю. Ператварылі ў другарадную, пераможаную краіну. У Другой сусветнай вайне мы перамаглі… Трэцюю сусветную прайгралі…

(Паўза.) Вось ён… яму гэта было невыносна… …14 снежня 1989 года… Пахаванне Сахарава. На вуліцах Масквы тысячы людзей. Па міліцэйскіх звестках, ад сямідзесяці да ста тысяч. Каля труны стаяць Ельцын, Сабчак, Старавойтава… Амерыканскі амбасадар Джэк Мэтлак напісаў у сваіх мемуарах, што прысутнасць гэтых людзей на пахаванні «сімвала рускай рэвалюцыі», «галоўнага дысідэнта краіны» для яго было заканамерным, а здзівіўся ён, калі «ўбачыў трохі ў баку самотную постаць Маршала С. Ахрамеева». Пры жыцці Сахарава яны былі ворагамі, непрымірымымі апанентамі. (Паўза.) Але Ахрамееў прыйшоў развітацца. З Крамля нікога, акрамя яго, там не было… і з Генштаба… …Далі трохі свабоды, і адусюль адразу вылезла мяшчанскае мурло. Для Ахрамеева, аскета і бяссрэбраніка, гэта быў удар. У самае сэрца. Ён не мог паверыць, што ў нас можа быць капіталізм. З нашымі савецкімі людзьмі, з нашай савецкай гісторыяй… (Паўза.) У мяне да гэтага часу перад вачыма кадры: як па дзяржаўным лецішчы, дзе Ахрамееў жыў з сям’ёй з васьмі чалавек, бегае бялявая дзяўчына і крычыць: «Паглядзіце — два халадзільнікі і два тэлевізары! А хто ён такі, гэты маршал Ахрамееў, каб у яго было два тэлевізары і два халадзільнікі?» Сёння маўчаць… ані гуку… А ўсе ранейшыя рэкорды, што да лецішчаў, кватэр, машын і іншых прывілеяў даўно пабітыя. Раскошныя аўтамабілі, заходняя мэбля ў кабінетах, адпачынак не ў Крыме, а ў Італіі… У нас у кабінетах стаяла савецкая мэбля і на машынах мы ездзілі на савецкіх. Насілі савецкія касцюмы і чаравікі. Хрушчоў з шахцёрскай сям’і… Касыгін з сялян… Усе, як я ўжо казаў, з вайны. Досвед жыцця, вядома, абмежаваны. Не толькі народ, але і лідары жылі за «жалезнай заслонай». Усе жылі, як у акварыуме… (Паўза.) Зноў жа… можа, гэта прыватная рэч, але пасляваенная няміласць да маршала Жукава была звязана не толькі з рэўнасцю Сталіна да ягонай славы, але і з колькасцю вывезеных з Германіі дываноў, мэблі, паляўнічых стрэльбаў, якія захоўваліся ў яго на лецішчы. Хоць усё гэтае дабро ўлезла б у дзве легкавушкі. Але бальшавік не можа мець столькі барахла… Па цяперашніх часах смешна… (Паўза.) Гарбачоў любіў раскошу… У Фаросе яму пабудавалі дачу… Мармур з Італіі, плітка з Германіі… пясок для пляжа з Балгарыі… Ні адзін заходні лідар не меў у сябе нічога падобнага. Крымская дача Сталіна, калі параўнаць яе з гарбачоўскай, нагадвала інтэрнат. Генсекі мяняліся… асабліва іх жонкі…