Адразу пасля путчу я паехала да дзеда ў вёску… Радыё з рук не выпускала. Раніцай пайшлі грады капаць. Пяць-дзесяць хвілін пройдзе, і я кідаю рыдлёўку: дзед, ты паслухай… Ельцын выступае… І зноў: дзед… ідзі сюды… Дзед трываў-трываў і не вытрымаў: «Ты капай глыбей і не слухай, што яны там гавораць. Нашае выратаванне ў зямлі — уродзіць бульба ці не ўродзіць». Мудры быў дзед. Увечары прыйшоў сусед. Я ім падкінула тэму пра Сталіна. Сусед: «Харошы быў чалавек, але доўга жыў». Мой дзед: «А я яго, нягодніка, перажыў». А я ўсё з прыёмнікам хадзіла. Мяне трэсла ад захаплення. Найвялікшае гора — дэпутаты сыходзяць на абед. Дзеянне перапынялася.
…Што ў мяне ёсць? З чым я засталася? У мяне ёсць велізарная бібліятэка і фанатэка — усё! І ў маёй мамы, яна кандыдат хімічных навук, таксама кнігі і рэдкая калекцыя мінералаў. Да яе залез злодзей… Ноччу яна прачынаецца, а пасярод кватэры (кватэра аднапакаёвая) стаіць малады бугай. Адкрыў шафу і вышпурвае ўсё адтуль. Кідае рэчы на падлогу са словамі: «Інтэлігенцыя клятая… нават футра прыстойнага няма…» Потым ён проста ляснуў дзвярыма і пайшоў. Браць жа яму не было чаго. Вось такая ў нас інтэлігенцыя. З гэтым мы засталіся. А вакол хтосьці будуе катэджы, купляе дарагія машыны. Я ніколі не бачыла брыльянт…
Жыццё ў Расіі — гэта белетрыстыка. Але я хачу жыць тут… з савецкімі людзьмі… І глядзець савецкія фільмы. Хай гэта хлусня, хай рабіліся яны па замове, але я іх люблю. (Смяецца.) Не дай Бог, муж убачыць мяне па тэлевізары…»
«Я — афіцэр…
Цяпер я… Прашу слова. (Малады хлопец — гадоў дваццаці пяці.) Запісвайце: я — праваслаўны рускі патрыёт. Служу Госпаду нашаму. Служу старанна… з дапамогай малітваў… Хто прадаў Расію? Габрэі. Бязродныя. Ад жыда і Бог шмат разоў плакаў.
Сусветная змова… Мы маем справу са змовай супраць Расіі. План ЦРУ… І не хачу слухаць… Не кажыце мне, што гэта фальшыўка! Маўчаць! План дырэктара ЦРУ Алена Далеса… «Пасеяўшы хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя. Мы знойдзем сваіх аднадумцаў, сваіх саюзнікаў у самой Расіі… Мы зробім з маладых людзей цынікаў, пашлякоў, касмапалітаў. Вось так мы зробім…» Зразумела? Габрэі і амерыкосы — нашыя ворагі. Тупыя янкі. Прамова прэзідэнта Клінтана на закрытай нарадзе амерыканскіх палітычных вярхоў: «Мы дабіліся таго, што збіраўся зрабіць прэзідэнт Трумэн з дапамогай ядзернай бомбы… Мы здолелі бяскроўна вывесці з вайны за сусветнае панаванне дзяржаву, якая складае асноўную канкурэнцыю Амерыцы…» Дакуль ворагам нашым узносіцца над намі? Ісус сказаў: не бойцеся і не жахайцеся, будзьце цвёрдымі і мужнымі. Гасподзь памілуе Расію і прывядзе яе шляхам пакут да вялікай славы…