…Адчыняю дзверы ў ягоны пакой… На ўвесь рост ён стаяў на карнізе акна, карніз у нас нетрывалы, няроўны. Шосты паверх!
Замёрла. Нельга крыкнуць, як у дзяцінстве, калі ён залазіў на танюткую верхавіну дрэва або на высокую старую сцяну разбуранай царквы: «Калі адчуеш, што не ўтрымаешся, разлічвай, каб упасці на мяне». Не закрычала, не заплакала, каб не спалохаўся. Па сценцы папаўзла назад. Праз пяць хвілін, якія вечнасцю мне здаліся, зноў заходжу — ён ужо саскочыў з карніза і ходзіць па пакоі. Тут я на яго накінулася: і цалавала, і біла, і трэсла: «Навошта? Скажы мне, навошта?» — «Не ведаю. Паспрабаваў».
…Аднойчы каля суседняга пад’езда з раніцы ўбачыла жалобныя вянкі. Нехта памёр. Ну памёр — і памёр. Вярнулася з працы і даведваюся ад бацькі, што ён хадзіў туды. Пытаюся: «Навошта? Там жа незнаёмыя нам людзі». — «Гэта была маладая дзяўчына. Яна ляжала такая прыгожая. А я думаў, што смерць страшная». (Маўчыць.) Кружыў… кудысьці за край яго цягнула… (Маўчыць.) Але дзверы тыя зачыненыя… туды нам няма доступу.
…уткнецца ў калені: «Мама, а які я быў маленькі?» І я пачынаю… Як ён пільнаваў каля дзвярэй дзеда Мароза. Пытаўся, на якім аўтобусе можна паехаць у трыдзявятае царства ў трыдзясятую дзяржаву. Убачыў у вёсцы рускую печ, усю ноч чакаў, калі яна пойдзе-паедзе, як у казцы. Быў вельмі даверлівы… …на вуліцы ўжо, памятаю, снег… Прыбягае: «Мама! Я сёння цалаваўся!» — «Цалаваўся?!» — «Так. У мяне сёння было першае спатканне». — «І ты мне нічога не сказаў?» — «Не паспеў. Сказаў Дзімку і Андрэю, і мы выправіліся ўтрох». — «Хіба на спатканне ходзяць утрох?» — «Ай, адзін я неяк не адважыўся». — «Ну, і як вы ўтрох былі на спатканні?» — «Вельмі добра. Мы з ёй хадзілі вакол горкі пад ручку і цалаваліся. А Дзімка і Андрэй стаялі на варце». А Божа!
«Мама, а можна пяцікласніку ажаніцца з дзевяцікласніцай? Калі, вядома, гэта каханне…»
…А вось гэта… гэта… (Доўга плача.) Пра гэта не магу… …Улюбёны наш месяц — жнівень. Едзем за горад і цешымся павуціннем. Смяёмся… смяёмся… смяёмся… (Маўчыць.) Што я ўсё плачу? У нас жа было ажно чатырнаццаць гадоў… (Плача.)
Смажу-пару на кухні. Акно адкрыта. Чую, як яны з бацькам размаўляюць на балконе. Ігар: «Тата, што такое — цуд? Здаецца, я зразумеў. Вось паслухай… Жылі былі дзед і баба, і была ў іх курачка Раба. Знесла курачка яечка, ды не простае, а залатое. Дзед біў, біў — не разбіў. Баба біла, біла — не разбіла. Мышка бегла, хвосцікам махнула, яечка ўпала і разбілася. Плача дзед, плача баба…» Бацька: «З пункту гледжання логікі — абсалютны абсурд. Білі, білі — не разбілі, а потым раптам — у плач! Але колькі гадоў, ды што там гадоў — стагоддзяў — казку гэтую дзеці слухаюць, як вершы». Ігар: «А я, тата, раней думаў, што ўсё можна зразумець розумам». Бацька: «Шмат рэчаў нельга зразумець розумам. Напрыклад, каханне». Ігар: «І смерць».