Выбрать главу

З намі было не так… О-о! Вершы, вершы… словы, словы…

(Смяецца.) У дзясятым класе ў мяне быў раман. Ён жыў у Маскве. Я прыехала да яго толькі на тры дні. Раніцай на вакзале мы забралі ў яго сяброў ратапрынтнае выданне мемуараў Надзеі Мандэльштам, тады ўсе ёю зачытваліся. І на наступны дзень а чацвёртай раніцы кнігу трэба было вярнуць. Прынесці да цягніка, які ненадоўга спыняўся. Суткі мы без перапынку чыталі, адзін раз толькі збегалі па малако і батон. Нават забыліся цалавацца, перадавалі адно аднаму гэтыя лісточкі. У нейкім трызненні, у нейкіх дрыжыках усё адбывалася… ад таго, што ты трымаеш гэтую кнігу ў руках… што ты яе чытаеш… Праз суткі беглі па пустым горадзе да вакзала, транспарт яшчэ не хадзіў. Я добра памятаю гэты начны горад, як мы ідзём, і кніга ляжыць у мяне ў сумачцы. Мы неслі яе як нейкую сакрэтную зброю… Да таго мы верылі, што слова можа перакуліць свет.

Гарбачоўскія гады… Свабода і купоны. Талоны… купоны… На ўсё: ад хлеба да круп і шкарпэтак. Стаялі ў чарзе па пяць-шэсць гадзін… Але стаіш з кнігай, якую раней ты не магла купіць, і ведаеш, што ўвечары пакажуць фільм, які раней быў забаронены, дзесяць гадоў праляжаў на паліцы. Кайф! Ці ўвесь дзень у цябе ў галаве, што а 22:00 праграма «Взгляд»… Яе вядучыя Аляксандр Любімаў і Уладзіслаў Лісцьеў сталі народнымі героямі. Мы даведваліся праўду… што быў не толькі Гагарын, але і Берыя… На самой справе мне, дурніцы, хапіла б свабоды слова, таму што я, як хутка высветлілася, была савецкай дзяўчынкай, усё савецкае мы ўвабралі глыбей, як тое нам здавалася. Мне толькі б далі пачытаць Даўлатава і Віктара Някрасава, далі б Галіча паслухаць. І мне гэтага б хапіла. Я і не марыла паехаць у Парыж, прайсціся па Манмартры… ці ўбачыць «Святое сямейства» Гаўдзі… Толькі дайце нам пачытаць і пагаварыць. Пачытаць! Захварэла наша Волечка, ёй было ўсяго чатыры месяцы, а ў яе цяжкая бранхіяльная абструкцыя. Я вар’яцела ад страху. Забралі мяне з ёй у бальніцу, але яе нельга было ні на хвіліну пакласці, толькі стаячком, у мяне на руках, яна аціхала. Стаячком так. Хаджу і хаджу з ёй па калідорах. Калі яна на паўгадзіны засне, як вы думаеце, чым я займалася? Я… не выспаная, змучаная… Чым? У мяне заўсёды быў пад пахай «Архіпелаг ГУЛАГ» — я яго тут жа адгортвала. На адной руцэ памірае дзіця, а ў другой — Салжаніцын. Кнігі замянялі нам жыццё. Гэта быў наш свет.

Потым нешта адбылося… Мы селі на зямлю. Адчуванне шчасця і эйфарыі раптам знікла. Цалкам. Я зразумела, што гэты новы свет не мой, не для мяне. Яму патрэбныя нейкія іншыя людзі. Слабых бі ботамі па вачах! Наверх паднялі ніз… увогуле, яшчэ адна рэвалюцыя… Але мэты ў гэтай рэвалюцыі зямныя: кожнаму па катэджы і машыне. Ці не драбнавата для чалавека? Вуліцы запоўнілі нейкія «качкі» ў трэніках. Ваўкі! Затапталі ўсіх. Мая мама працавала майстрам на швейнай фабрыцы. Хутка… вельмі хутка закрылі фабрыку… мама сядзела дома і шыла майткі. Усе яе сяброўкі таксама шылі майткі, у якую кватэру ні зойдзеш. А жылі мы ў доме, які пабудавала фабрыка для сваіх работнікаў, вось усе і шылі майткі і станікі. Купальнікі. У масавым парадку на ўсіх старых рэчах — на сваіх… прасілі знаёмых — адразалі цэтлікі, этыкеткі, пажадана імпартныя, і прышывалі да гэтых купальнікаў. Потым жанчыны збіраліся групамі і ехалі з мяшкамі па Расіі, гэта называлася «трусовка». Я ў гэты час ужо вучылася ў аспірантуры. (Весела.) Памятаю… камедыя… ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ў кабінеце дэкана стаялі бочкі з салёнымі агуркамі і памідорамі, з грыбамі і капустай. Саленні прадавалі, і гэтымі грашыма плацілі выкладчыкам зарплату. А то раптам — увесь факультэт завалены апельсінамі. Ці ляжаць пакункі мужчынскіх кашуль… Вялікая руская інтэлігенцыя выжывала як магла. Узгадалі старыя рэцэпты… тое, што елі ў вайну… У далёкіх кутках паркаў… на чыгуначных адхонах саджалі бульбу… Есці тыднямі адну бульбу — голад гэта ці не голад? А адну квашаную капусту? Мяне да канца жыцця ад яе адвярнула. Навучыліся рабіць чыпсы з бульбяных лушпаек, перадавалі адзін аднаму гэты цудоўны рэцэпт: кінуць лупіны ў гатаваны алей і паболей солі. Малака не было, але прадавалася марозіва, манную кашу варылі на марозіве. Ела б я гэта цяпер?