…У шаснаццаць гадоў мяне, як належыць, выклікалі ў ваенкамат: «У якія войскі хочаш?» Я заявіў ваенкаму, што закончу школу і буду прасіцца ў Афганістан. «Дурань», — сказаў ваенкам. Але я доўга рыхтаваўся: скакаў з парашутам, вывучыў аўтамат… Мы — апошнія піянеры Краіны Саветаў. Будзь гатовы!
…З нашага класа з’язджаў у Ізраіль адзін хлопчык… Склікалі агульнашкольны сход, яго пераконвалі: калі твае бацькі хочуць з’ехаць, няхай з’язджаюць, але ў нас ёсць добрыя дзіцячыя дамы, ты там давучышся і застанешся жыць у СССР. Для нас ён быў здраднікам. Яго выключылі з камсамола. Назаўтра ўвесь клас ехаў у калгас «на бульбу», ён таксама прыйшоў, яго вывелі з аўтобуса. Дырэктар школы ўсіх на лінейцы папярэдзіла: хто, маўляў, пачне з ім ліставацца, таму будзе цяжка скончыць школу. Калі ён з’ехаў, мы ўсе сталі дружна яму пісаць… …У перабудову… Тыя ж настаўнікі нам сказалі: забыць усё, што мы раней вучылі, і чытаць газеты. Вучыліся па газетах. Выпускны экзамен па гісторыі наогул адмянілі, не прыйшлося зубрыць з’езды КПСС усякія. На апошняй кастрычніцкай дэманстрацыі нам яшчэ раздавалі плакаты і партрэты правадыроў, але для нас гэта ўжо было, як карнавал для бразільцаў.
…Памятаю, як людзі хадзілі з мяшкамі савецкіх грошай па пустых крамах…
Паступіў ва ўніверсітэт… Чубайс у гэты час агітаваў за ваўчары, ён абяцаў, што адзін ваўчар будзе каштаваць дзве «Волгі», тады як цяпер ён каштуе дзве капейкі. Драйвовы час! Я раздаваў улёткі ў метро… Усе марылі пра новае жыццё… Марылі… Марылі, што каўбасы на прылаўках стане навалам, па савецкіх коштах, і члены Палітбюро будуць стаяць па яе ў агульнай чарзе. Каўбаса — пункт адліку. У нас экзістэнцыйная любоў да каўбасы… Пагібель багоў! Фабрыкі — рабочым! Зямлю — сялянам! Рэкі — бабрам! Бярлогі — мядзведзям! Шэсці на вуліцах і трансляцыя З’езду народных дэпутатаў выдатна замянялі мексіканскія серыялы… Правучыўся я два курсы… І кінуў універсітэт. Шкада было бацькоў, ім наўпрост сказалі: вы — нікчэмныя саўкі, ваша жыццё знікла ні за нюх табакі, вы вінаватыя ва ўсім, пачынаючы з Ноева каўчэга, вы цяпер нікому не патрэбныя. Усё жыццё шмат працаваць, і ў выніку — нічога. Усё гэта іх падкасіла, разбурыла іх свет, яны так і не аднавіліся, не ўпісаліся ў круты паварот. Малодшы брат пасля ўрокаў мыў машыны, гандляваў у метро жуйкамі і ўсякай фігнёй, і ён зарабляў больш за нашага бацьку… Бацька быў вучоны. Доктар навук! Савецкая эліта! У камерцыйных крамах з’явілася каўбаса, усе пабеглі глядзець. Убачылі кошты! Так у нашае жыццё ўвайшоў капіталізм…
Я стаў грузчыкам. Гэта было шчасце! Разгрузім з сябрам фуру з цукрам — нам дадуць грошы і па мяху цукру. А што такое ў дзевяностыя мех цукру? Цэлае багацце! Грошы! Грошы! Пачатак капіталізму… У адзін дзень ты мог стаць мільянерам або атрымаць кулю ў лоб. Зараз успамінаюць… Палохаюць: магла быць грамадзянская вайна… Стаялі ў кроку ад бездані! Я гэтага не адчуў. Памятаю, што вуліцы спусцелі, на барыкадах — нікога. Газеты перасталі выпісваць і чытаць. Мужыкі ў двары спачатку лаялі Гарбачова, а потым Ельцына за тое, што гарэлка падаражэла. Замахнуліся на святое! Дзікі, невытлумачальны азарт ахапіў усіх. У паветры лунаў пах грошай. Вялікіх грошай. І абсалютная свабода — ні партыі, ні ўрада. Усе хацелі рабіць «бабло», і тыя, хто рабіць «бабло» не ўмеў, зайздросцілі тым, хто ўмеў. Хтосьці гандляваў, хтосьці купляў… нехта прыкрываў, хтосьці «дахаваў»… Я зарабіў першыя «бабкі»… Пайшоў з сябрамі ў рэстаран. Замовілі «Марціні» і «Раяль» — тады гэта было супер! Хацелася патрымаць у руках келіх. Пакрасавацца. Закурылі «Мальбара». Усё — як чыталі ў Рэмарка. Доўга жылі па малюначках. Новыя крамы… рэстараны… як дэкарацыі з чужога жыцця… …Гандляваў смажанымі сасіскамі. Шалёныя «бабкі» намываліся… …Вазіў гарэлку ў Туркменію… Тыдзень прасядзеў з напарнікам у закрытым таварным вагоне. Сякеры былі напагатове. І лом. Даведаліся б, што мы вязём, — забілі б! Назад загрузіліся махровымі ручнікамі… …Прадаваў дзіцячыя цацкі… Адзін раз забралі ў мяне оптам цэлую партыю і расплаціліся фурай з газаванымі напоямі, якія я абмяняў на грузавік семак, на маслабойні ў абмен на семкі атрымаў алей, які часткова прадаў, а часткова абмяняў на тэфлонавыя патэльні і прасы… …Зараз у мяне кветкавы бізнес… Навучыўся «саліць» ружы… У кардонную скрынку засыпаеш напаленую соль — пластам не менш сантыметра, укладваеш туды напаўраспушчаныя кветкі і зверху яшчэ раз пасыпаеш соллю. Зачыняеш вечкам — і ў вялікі поліэтыленавы пакет. Моцна завязаць. Праз месяц… праз год дастаў, абмыў вадой… Прыходзьце ў любы дзень і гадзіну. Вось візітовачка…