Кірмаш стаў нашым універсітэтам… Гэта гучна сказана — універсітэтам, але пачатковай школай жыцця — дакладна. Сюды прыходзілі, як у музей. Як у бібліятэку. Хлопчыкі і дзяўчынкі як зомбі хадзілі сярод прылаўкаў… Як ашалелыя… Вось пара спыняецца каля кітайскіх эпілятараў… І яна яму тлумачыць важнасць эпіляцыі: «Ты ж гэтага хочаш, так? Ты хочаш, каб я была як…» Імя актрысы я не памятаю… ну, Марына Уладзі, да прыкладу, або Катрын Дэнёў. Мільёны нейкіх новых скрыначак, слоічкаў. Іх прыносілі дадому як святыя кнігі, выкарыстаўшы змесціва, слоічкі не выкiдалi, ставілі на ганаровае месца на кніжных паліцах або ў серванце за шклом. Першыя глянцавыя часопісы чыталі як класіку, таямнічая вера, што за гэтай абгорткай, за гэтай лухтою — іншае, цудоўнае жыццё. У першы «Макдональдс» кіламетровыя чэргі… Рэпартажы па ТБ. Дарослыя інтэлігентныя людзі бераглі скрыначкі і сурвэткі адтуль. З гонарам дэманстравалі гасцям.
Мой добры знаёмы… Жонка на дзвюх працах шчыруе, а ў яго гардыня: «Я — паэт. Каструлі прадаваць не пайду. Гіджуся». Калісьці мы з ім, як усе, хадзілі па вуліцах і крычалі: «Дэмакратыя! Дэмакратыя!» І ўяўлення не мелі, што будзе пасля. Каструлі прадаваць ніхто не збіраўся. А цяпер… Выбару няма: або ты корміш сям’ю, або трымаешся за саўковыя ідэалы. Або-або… без варыянтаў… Пішаш вершы, брынкаеш на гітары, цябе пляскаюць па плячы: «Ну, давай! Давай!», а ў кішэні пуста. Тыя, хто з’ехаў з краіны? Там яны і каструлі прадаюць, і піцу развозяць… на кардоннай фабрыцы скрынкі клеяць… Там не сорамна.
Вы мяне зразумелі? Я пра Ігара расказваў… Пра наша страчанае пакаленне — камуністычнае дзяцінства і капіталістычнае жыццё. Ненавіджу гітару! Магу падарыць.
ПРА ІНШУЮ БІБЛІЮ І ІНШЫХ ВЕРНІКАЎ
Васіль Пятровіч Н. — сябра камуністычнай партыі з 1922 года, 87 гадоў
— Ну так… хацеў… Урачы вярнулі адтуль… Хіба яны ведаюць, адкуль вяртаюць? Я, вядома, атэіст, але ў старасці ўжо ненадзейны атэіст. Ты сам-насам з гэтым… з думкай, што трэба сыходзіць… кудысьці… Ну так… іншы погляд… та-а-ак… На зямлю… на пясок… Не магу спакойна глядзець на звычайны пясок. Я даўно стары. Сядзім з коткай каля акна. (Котка на каленях. Гладзіць.) Тэлевізар уключым… І вядома… Ніколі я не думаў, што дажыву да часоў, калі пачнуць ставіць помнікі белым генералам. Раней героі — хто? Чырвоныя камандзіры… Фрунзэ, Шчорс… А цяпер — Дзянікін, Калчак… Хоць жывыя яшчэ тыя, хто памятае, як калчакаўцы нас вешалі на ліхтарах. «Белыя» перамаглі… Так атрымліваецца? А я ваяваў, ваяваў, ваяваў. За што? Будаваў, будаваў… Што? Быў бы я пісьменнікам, сам узяўся б за мемуары. Слухаў нядаўна па радыё перадачу пра свой завод. Я быў першым дырэктарам. Пра мяне гаварылі, як быццам мяне ўжо няма — я памёр. А я… я жывы… Яны ўявіць сабе не маглі, што я яшчэ тут… Так! Ну так… (Смяёмся ўтрох. З намі сядзіць унук. Слухае.) Я адчуваю сябе забытым экспанатам у музейным запасніку. Запыленым чарапком. Вялікая была імперыя — ад мора да мора, ад Запаляр’я да субтропікаў. Дзе яна? Пераможаная без бомбы… без Хірасімы… Перамагла Яе Вялікасць каўбаса! Добрая жратва перамагла! «Мерседэс-бэнц». Больш нічога чалавеку не трэба, не прапаноўвайце яму нічога больш. Няма сэнсу. Толькі хлеба і відовішчаў! І гэта найвялікшае адкрыццё дваццатага стагоддзя. Адказ усім вялікім гуманістам. І крамлёўскім летуценнікам. А мы… маё пакаленне… у нас былі вялікія планы. Марылі пра сусветную рэвалюцыю:
Пабудуем новы свет, зробім усіх шчаслівымі. Нам здавалася, што гэта магчыма, я шчыра верыў! Цалкам шчыра! (Задыхаецца ад кашлю.) Астма замучыла. Пачакайце… (Паўза.) Вось, я дажыў… дажыў да будучыні, пра якую марылі. Паміралі дзеля яе, забівалі. Крыві было шмат… і сваёй, і чужой…
(Здзіўлена.) Памятаю… не забыўся! Не ўсё вытравіў з памяці склероз. Не канчаткова. Вершы мы вучылі на ўроках палітграматы… Колькі ж гэта гадоў мінула? Сказаць страшна…
Чым я ўзрушаны? Агаломшаны чым? Ідэя растаптаная! Камунізм аддалі анафеме! Усё рассыпалася дашчэнту! Я — стары вар’ят. Крывавы маньяк… серыйны забойца… Так, выходзіць? Я занадта доўга жыву, так доўга жыць не трэба. Нельга… не… нельга… Небяспечна жыць доўга. Мой час скончыўся раней за маё жыццё. Трэба паміраць разам са сваім часам. Як мае таварышы… Яны гінулі рана, у дваццаць-трыццаць гадоў… Шчаслівыя паміралі… З верай! З рэвалюцыяй у сэрцы, як тады казалі. Я ім зайздрошчу. Вы не зразумееце… я ім зайздрошчу… «Погиб наш юный барабанщик…» Слаўна загінуў! За вялікую справу! (Задумаўся.) Я ўвесь час жыў побач са смерцю, але мала думаў пра смерць. А гэтым летам звазілі мяне на лецішча. Я глядзеў і глядзеў на зямлю… яна жывая…