Выбрать главу

— Смерць і забойства — хіба гэта адно і тое ж? Вы жылі сярод забойстваў.

— (Раздражнёна.) За такія пытанні… Быць бы вам лагерным пылам. Поўнач або расстрэл — выбар маленькі. У мой час такіх пытанняў не задавалі. Не было ў нас такіх пытанняў! Мы… Мы ўяўлялі сабе справядлівае жыццё, без бедных і багатых. Паміралі за рэвалюцыю, паміралі ідэалістамі… бяссрэбранікамі… Маіх сяброў даўно няма, я застаўся адзін. Няма маіх суразмоўцаў… Па начах я размаўляю з мёртвымі… А вы? Вы нашых пачуццяў і нашых слоў не ведаеце: харчразвёрстка, харчаатрад, лішэнец, камбед… паражэнец, паўторнік… Санскрыцкія пісьмёны для вас! Іерогліфы! Старасць — гэта, перш за ўсё, адзінота. Апошні знаёмы стары ў суседнім пад’ездзе памёр пяць гадоў таму, а можа, і больш… ужо сем… Вакол адны незнаёмыя людзі. Прыходзяць: з музея, з архіву… з энцыклапедыі… Я — даведнік… жывы архіў… А суразмоўцаў няма… З кім бы я хацеў пагаварыць? Мог бы з Лазарам Кагановічам… Нас мала ўжо засталося, а тых, хто не ў маразме, яшчэ менш. Ён старэйшы, яму ўжо дзевяноста. Чытаў у газетах… (Смяецца.) У газетах пішуць, што старыя ў двары адмаўляюцца гуляць з ім у даміно. У карты. Гоняць: «Душагуб!» І ён плача ад крыўды. Калісьці жалезны наркам. Расстрэльныя спісы падпісваў, дзясяткі тысяч людзей загубіў. Трыццаць гадоў быў побач са Сталінам. А на старасці гадоў яму няма з кім перакінуцца ў карты… забіць «казла»… Звычайныя рабацягі пагарджаюць… (Далей кажа ціха. Не магу разабраць. Вылучаю толькі некалькі слоў.) Страшна… жыць доўга страшна.

…Я не гісторык і нават не гуманітарый. Праўда, пэўны час я працаваў дырэктарам тэатра, нашага гарадскога тэатра. На які ўчастак кідала партыя, там і служыў. Адданы быў партыі. Жыццё мала памятаю, памятаю толькі працу. Краіна была будпляцоўкай… домнай… Кузняй! Так цяпер не працуюць. Я спаў па тры гадзіны ў суткі. Тры гадзіны… Мы адставалі ад перадавых краін на пяцьдзясят-сто гадоў. На цэлае стагоддзе. Сталінскі план — дагнаць за пятнаццаць-дваццаць гадоў. Знакаміты сталінскі скачок. І мы верылі — дагонім! Цяпер людзі ні ў што не вераць, а тады верылі. Лёгка верылі. Нашы лозунгі: «Ударым рэвалюцыйнымі марамі па індустрыяльным разбурэнні!», «Бальшавікі мусяць авалодаць тэхнікай!», «Дагонім капіталізм!» Я дома не жыў… жыў на заводзе… на будоўлі. Ну так… А другой… а трэцяй гадзіне ночы мог зазваніць тэлефон. Сталін не спаў, клаўся позна, і, адпаведна, мы не спалі. Кіраўнічыя кадры. Ад вярхоў да нізоў. Маю два ордэны і тры інфаркты. Быў дырэктарам шыннага завода, начальнікам будтрэста, адтуль перакінулі на мясакамбінат. Загадваў партархівам. Пасля трэцяга інфаркту далі тэатр… Наш час… мой… Вялікі час! Ніхто для сябе не жыў. Таму крыўдна… Брала ў мяне нядаўна інтэрв’ю адна мілая паненка. Пачала мяне «адукоўваць», у які страшны час мы жылі. Яна ў кніжках чытала, а я там жыў. Я сам адтуль родам. З тых гадоў. І яна мне распавядае: «Вы былі рабы. Сталінскія рабы». Смаркачка! Не быў я рабом! Не быў! Я цяпер сам не магу выкараскацца з сумневаў… Але рабом я не быў… У людзей каша ў галаве. Усё перамяшалася: Калчак і Чапаеў, Дзянікін і Фрунзэ… Ленін і цар… Бел-чырвоная салата. Халаднік. Чачотку на магілах таньчаць! Гэта быў вялікі час! Больш ніколі мы не будзем жыць у такой моцнай і вялікай краіне. Я плакаў, калі Савецкі Саюз разваліўся… Нас адразу праклялі. Абылгалі. Перамог абывацель. Вош. Чарвяк.

Мая Радзіма — Кастрычнік. Ленін… сацыялізм… Я любіў рэвалюцыю! Партыя — найдаражэйшае для мяне. Я семдзесят гадоў у партыі. Партбілет — мая біблія. (Дэкламуе.)

«Весь мир насилья мы разрушим  До основанья, а затем Мы наш, мы новый мир построим.  Кто был никем, тот станет всем…»

Хацелі пабудаваць Царства Божае на зямлі. Прыгожая, але нязбытная мара, чалавек яшчэ да гэтага не гатовы. Недасканалы ён. Ну так… Але ад Пугачова і дзекабрыстаў… да самога Леніна… усе марылі пра роўнасць і братэрства. Без ідэі справядлівасці будзе іншая Расія і іншыя людзі. Зусім іншая будзе краіна. Мы яшчэ не перахварэлі на камунізм. Не спадзявайцеся. І свет не перахварэў. Чалавек заўсёды будзе марыць пра Горад Сонца. Ён яшчэ ў скуры хадзіў, у пячоры жыў, а ўжо прагнуў справядлівасці. Успомніце савецкія песні і савецкія фільмы… Якая там мара! Вера… «Мерседэс» — гэта не мара…