Напаўгалодныя, напаўголыя… Але суботнікі ў нас круглы год, і ўзімку таксама. Мароз! У маёй жонкі лёгкі палітончык, яна цяжарная. Грузім на станцыі вугаль, дровы, цягаем тачкамі. Незнаёмая дзяўчына, якая працавала побач з намі, пытаецца ў жонкі: «У цябе такое паліто летняе. А цяплейшага няма?» — «Не». — «Ведаеш, а ў мяне два. Было добрае сваё, і ад Чырвонага крыжа атрымала новае. Ты скажы мне свой адрас, я вечарам прынясу». Увечары яна прынесла нам паліто, але не старое сваё паліто, а новае. Яна нас не ведала, дастаткова было: мы — члены партыі, і яна — член партыі. Мы былі як браты і сёстры. У нашым доме жыла сляпая дзяўчына, ад нараджэння сляпая, і яна плакала, калі яе не бралі на суботнікі. Хай яна мала дапаможа, але яна б паспявала з намі песні. Рэвалюцыйныя песні!
Мае таварышы… яны ляжаць пад каменнымі плітамі… На камянях высечана: член партыі бальшавікоў з дваццатага… дваццаць чацвёртага… дваццаць сёмага года… І пасля смерці было важна: якой ты веры? Хавалі партыйных асобна, труна ў чырвоным кумачы. Я памятаю дзень смерці Леніна… Як? Ленін памёр? Не можа быць! Ён жа святы… (Просіць унука, і той здымае з паліцы і паказвае мне маленькія ленінскія бюсты. З бронзы, чыгуну, фарфору.) Калекцыя сабралася. Усё падарункі. А ўчора… Па радыё сказалі: ад помніка Леніну ў цэнтры горада адпілавалі ноччу руку. На металалом… за капейкі… Быў абраз. Бог! Цяпер — каляровы метал. Прадаюць і купляюць на кілаграмы… А я яшчэ жывы… Камунізм праклялі! Сацыялізм ужо дрэнь! Мне кажуць: «Ну хто сёння сур’ёзна ўспрымае марксізм? Яго месца ў падручніках па гісторыі». А хто з вас можа сказаць, што чытаў позняга Леніна? Ведае ўсяго Маркса? Ёсць ранні Маркс… і Маркс напрыканцы жыцця… Тое, што сёння бэсцяць як сацыялізм, ніякага дачынення да сацыялістычнай ідэі не мае. Ідэя не вінаватая. (Праз кашаль зноў неразборліва.) Людзі страцілі сваю гісторыю… засталіся без веры… Пра што ні спытаеш — пустэча ў вачах. Начальнікі навучыліся хрысціцца, а свечку, як шклянку з гарэлкай, у правай руцэ трымаюць. Вярнулі пранафталіненага двухгаловага арла… харугвы з абразамі… (Раптам зусім выразна.) Маё апошняе жаданне — напішыце праўду. Але маю праўду… а не сваю. Каб застаўся мой голас…
Паказвае свае фотаздымкі. Часам нешта каментуе.
…Прывялі да камандзіра. «Колькі табе гадоў?» — спытаў камандзір. «Сямнаццаць», — схлусіў я. Мне было няпоўных шаснаццаць. Так я стаў чырвонаармейцам. Нам выдалі абмоткі і чырвоныя зорачкі на шапкі. Будзёнавак не было, а чырвоныя зорачкі выдалі. Што за Чырвоная армія без чырвоных зорачак! Далі вінтоўкі. І мы адчувалі сябе абаронцамі рэвалюцыі. Вакол — голад, эпідэміі. Зваротны тыф… брушны тыф… сыпняк… А мы — шчаслівыя… …З разбітага панскага дома нехта выцягнуў піяніна… Стаіць у садзе, мокне пад дажджом. Пастушкі падгоняць кароў бліжэй і граюць на ім палкамі. Сядзібу з п’яных вачэй спалілі. Разрабавалі. А каму з мужыкоў патрэбнае піяніна?