Выбрать главу

Мяне выклікалі ў райкам партыі: «На жаль, жонку вам вярнуць не можам. Жонка загінула. Але годнасць мы вам вяртаем…» Мне аддалі мой партбілет. І я быў шчаслівы! Я быў шчаслівы…

Кажу яму, што мне гэтага не зразумець — ніколі. Зрываецца.

Паводле законаў логікі нас судзіць нельга. Бухгалтары! Зразумейце ж! Нас можна судзіць толькі паводле законаў рэлігіі. Веры! Вы яшчэ нам пазайздросціце! Што ў вас ёсць вялікага? Нічога няма. Адзін камфорт. Усё для страўніка… для дванаццаціперснай кішкі… Набіць трыбух і абставіцца цацкамі… А я… маё пакаленне… Усё, што ў вас ёсць, гэта мы пабудавалі. Заводы, плаціны… электрастанцыі… А дзе ваша? І Гітлера мы перамаглі. Пасля вайны… Нарадзілася ў кагосьці дзіця — радасць! Радасць не такая, як да вайны. Іншая. Я мог і заплакаць… (Заплюшчыў вочы. Стаміўся.) А-а-а… Верылі… А цяпер нам вынеслі прысуд: вы верылі ва ўтопію… Верылі! Улюбёны мой раман «Што рабіць?» Чарнышэўскага… Цяпер яго ўжо не чытаюць. Сумна. Чытаюць толькі назву — вечнае рускае пытанне: што рабіць? Для нас гэта быў катэхізіс. Падручнік рэвалюцыі. Цэлыя старонкі вучылі на памяць. Чацвёрты сон Веры Паўлаўны… (Чытае, як вершы.) «Дамы з крышталю і алюмінію… Крыштальныя палацы! Лімонныя і апельсінавыя сады пасярод гарадоў. Старых амаль няма, людзі вельмі позна старэюць, бо жыццё цудоўнае. Усё робяць машыны, людзі толькі ездзяць і кіруюць машынамі… Машыны жнуць, ткуць… Нівы густыя і шчодрыя. Кветкі — як дрэвы. Усе шчаслівыя. Радасныя. Ходзяць у прыгожым адзенні — мужчыны і жанчыны. Вядуць вольнае жыццё працы і асалоды. Усім хапае месца, даволі працы. Няўжо гэта мы?

Няўжо гэта наша Зямля? І ўсе так будуць жыць? Будучыня светлая і выдатная…» Вунь… (Ківае на ўнука.) Пасмейваецца. Дурнаваты я для яго. Так і жывём.

— У Дастаеўскага ёсць адказ Чарнышэўскаму: «Будуйце, будуйце свой крыштальны палац, а я вось вазьму і кіну ў яго камень… І не таму, што галодны і жыву ў падвале, а проста так — ад свавольства…»

(Узлаваўся.) Вы лічыце, што нам камунізм, гэтую заразу, як пішуць у сённяшніх газетах, у запламбаваным вагоне з Германіі прывезлі? Што за глупства! Народ паўстаў. Не было таго «залатога веку» пры цары, пра якога цяпер раптам успомнілі. Казкі! І пра тое, што Амерыку хлебам кармілі, і што лёсы Еўропы вырашалі. Паміраў рускі салдат за ўсіх — гэта праўда. А жылі… У нас у сям’і на пецярых дзяцей былі адны боты. Елі бульбу з хлебам, а ўзімку — без хлеба. Адну бульбу… А вы пытаецеся: адкуль узяліся камуністы?

Я столькі памятаю… А навошта? Навошта, га? Што цяпер мне з гэтым рабіць? Мы любілі будучыню. Будучых людзей. Спрачаліся, калі гэтая будучыня паўстане. Праз сто гадоў — дакладна. Але нам гэта здавалася занадта далёкім… (Паўза.)

Я выключаю дыктафон.

Без дыктафона… Добра… Мне трэба камусьці вось гэта расказаць… Мне было пятнаццаць гадоў. Прыехалі да нас у вёску чырвонаармейцы. На конях. П’яныя. Харчатрад. Спалі яны да вечара, а ўвечары сабралі ўсіх камсамольцаў. Выступіў камандзір: «Чырвоная армія галадае. Ленін галадае. А кулакі хаваюць хлеб. Паляць». Я ведаў, што матчын родны брат… дзядзька Сямён… завёз у лес мяхі са збожжам і закапаў. Я — камсамолец. Клятву даваў. Уначы я прыйшоў у атрад і павёў іх да таго месца. Нагрузілі яны цэлы воз. Камандзір руку мне паціснуў: «Расці, браце, хутчэй». Раніцай я прачнуўся ад матчынага крыку: «Сямёнава хата гарыць!» Дзядзьку Сямёна знайшлі ў лесе… пасеклі яго чырвонаармейцы шашкамі на кавалкі… Мне было пятнаццаць гадоў. Чырвоная армія галадае… Ленін… Баяўся выйсці на вуліцу. Сядзеў у хаце і плакаў. Мамка пра ўсё здагадалася. Ноччу дала мне ў рукі торбачку: «Ідзі, сынок! Няхай Бог табе даруе, няшчаснаму». (Закрыў рукою вочы. Але я ўсё роўна бачу — плача.)

Хачу памерці камуністам. Апошняе маё жаданне…

У 90-я гады я апублікавала толькі частку гэтай споведзі. Мой герой даў аповед камусьці пачытаць, з кімсьці параіўся, і яго пераканалі, што поўная публікацыя «кіне цень на партыю». А гэтага ён баяўся больш за ўсё. Пасля яго смерці знайшлі тастамент: сваю вялікую трохпакаёвую кватэру ў цэнтры горада ён пакінуў не ўнукам, а «для патрэб любімай камуністычнай партыі, якой я абавязаны ўсім». Пра гэта нават напісалі ў вячэрняй гарадской газеце. Такі ўчынак быў ужо не зразумелы. Усе кпілі са старога вар’ята. Помнік на яго магіле так ніхто і не паставіў.

Цяпер вырашыла надрукаваць аповед цалкам. Усё гэта ўжо больш належыць часу, чым аднаму чалавеку.