Выбрать главу

Можна, вядома, сказаць, што не мае рацыі ветэран — не ўсе бізнесмены «зладзюгі і спекулянты». Але паглядзім ягонымі вачыма на нашую посткамуністычную краіну… На пыху новых гаспадароў жыцця, на іх гідлівасць да «людзей учорашняга дня», ад якіх, як пішуць у гламурных часопісах, ідзе «пах нішчымніцы». Так, на думку аўтараў гэтых выданняў, пахнуць урачыстыя сходы ў вялікіх залах у Дзень Перамогі, куды раз на год запрашаюць ветэранаў і кажуць у іх гонар крывадушныя хваласпевы. А на самой справе яны сёння нікому не патрэбныя. Наіўныя іх думкі аб справядлівасці. І іх адданасць савецкаму ладу жыцця…

У пачатку свайго прэзідэнцтва Ельцын кляўся, што ляжа на рэйкі, калі дапусціць зніжэнне ўзроўню жыцця народа. Узровень гэты не проста панізіўся, а скаціўся, можна сказаць, у прорву. Аднак Ельцын на рэйкі не лёг. А лёг пад цягнік у знак пратэсту восенню 1992-га стары салдат Цімяран Зінатаў…»

Сайт газеты «Правда». 1997 г.

за памінальным сталом

Паводле нашага звычаю: мёртвыя ў зямлю — жывыя за стол. Сабралася шмат людзей, некаторыя прыехалі здалёк: з Масквы, Кіева, Смаленска… Усе з ордэнамі і медалямі, як у Дзень Перамогі. Пра смерць казалі — як пра жыццё.

— За загінулага нашага таварыша! Горкі глыток. (Усе ўстаюць.)

— Зямля яму пухам…

— Эх Цімяран… Цімяран Хабулавіч… Крыўда ў яго была. Усе мы моцна пакрыўджаныя. Прывыклі да сацыялізму. Да савецкай Радзімы — СССР. А жывём цяпер у розных краінах, пры іншым ладзе. Пад іншымі сцягамі. Не пад нашым пераможным чырвоным сцягам… Я ўцёк на фронт у сямнаццаць гадоў…

— Нашыя ўнукі Вялікую Айчынную прайгралі б. Няма ў іх ідэі, няма ў іх вялікай мары.

— Яны іншыя кніжкі чытаюць і глядзяць іншыя фільмы.

— Расказваеш… а ім гэта ўжо як казка… Задаюць пытанні: «Навошта байцы гінулі, ратуючы палкавы сцяг? Можна было пашыць новы». Ваявалі, забівалі — а за каго? За Сталіна? Ды за цябе, дурань!

— Трэба было здацца, вылізаць боты немчуры… Прынеслі пахаронку на бацьку, і я адразу папрасіўся на фронт.

— Раскрадаюць савецкую нашу Радзіму… прадаюць… Калі б мы ведалі, што так атрымаецца, яшчэ падумалі б…

— Мама памерла ў вайну, а тата яшчэ раней памёр ад сухотаў. З пятнаццаці гадоў я пайшла працаваць. На заводзе давалі паўбохана хлеба ў дзень і больш нічога, цэлюлоза, клей у гэтым хлебе. Адзін раз страціла з голаду прытомнасць… другі… Пайшла ў ваенкамат: «Не дайце памерці. Адпраўце на фронт». Просьбу задаволілі. У тых, хто ад’язджаў, і ў тых, хто праводзіў, вочы былі шалёныя! Набілася поўная цяплушка дзяўчат. Спявалі:

«Девушки, война дошла аж до Урала, Ах, девушки, что молодость пропала!»

На станцыях цвіў бэз… адны дзяўчыны смяяліся, а іншыя плакалі…

— Усе мы былі за перабудову. За Гарбачова. Але не за тое, што з гэтага атрымалася…

— Гарбач — агент…

— Я не разумеў, што Гарбачоў казаў… нейкія незразумелыя словы, я ніколі раней іх не чуў… Што за цукерку ён нам абяцаў? Але слухаць мне падабалася… Толькі слабаком ён аказаўся, без бою здаў ядзерны чамаданчык. Нашу камуністычную партыю…

— Рускаму чалавеку патрэбна такая ідэя, ад якой мароз па скуры і мурашкі па хрыбетніку.

— Мы былі вялікай краінай…