Выбрать главу

— За нашу Радзіму! За Перамогу! Да дна! (Стукаюцца чаркамі.)

— Цяпер зоркі на помніках… А я ўспамінаю, як мы нашых хлопцаў хавалі… Зверху ў яму што пад руку патрапіла накідаем, пяском прысыплем, і зараз жа каманда: наперад — наперад! Пабеглі далей. Новы бой. І зноў поўная яма. Адступалі і наступалі ад ямы да ямы. Прывязуць падмацаванне, праз два-тры дні гэта ўжо трупы. Лічаныя людзі заставаліся. Шчасліўчыкі! Да канца сорак трэцяга года мы ўжо навучыліся ваяваць. Ужо правільна ваявалі. Стала менш людзей гінуць… Тады ў мяне з’явіліся сябры…

— Усю вайну на перадавой, і ніводнай драпіны, нічога! А я — атэіст. Да Берліна дайшоў… убачыў звераў бярлог…

— Ішлі ў бой з адной вінтоўкай на чацвярых. Першага заб’юць, другі вінтоўку падхоплівае, другога — наступны… А ў немцаў новенькія аўтаматы.

— Спачатку немцы былі ганарыстыя. Яны ўжо скарылі Еўропу. Увайшлі ў Парыж. За два месяцы планавалі вырашыць пытанне з СССР. Калі яны параненыя траплялі да нас у палон, то плявалі ў твар нашым сястрычкам. Зрывалі бінты. Крычалі «Хайль Гітлер!» А напрыканцы вайны ўжо: «Рускі, не страляй! Гітлер капут!»

— Больш за ўсё я баяўся ганебнай смерці. Калі хто збаяўся, пабег — камандзір на месцы расстрэльваў… Гэта было звычайнай справай…

— Ну як сказаць… Выхоўвалі нас па-сталінску: ваяваць будзем на чужой тэрыторыі, і

«…от тайги до британских морей Красная армия всех сильней…»

Літасці ворагу не будзе! Першыя дні вайны… Узгадваю, як суцэльны кашмар… Патрапілі ў акружэнне… Ва ўсіх адно пытанне: у чым справа? Дзе Сталін? Ніводнага нашага самалёта ў небе… Закапалі свае партыйныя і камсамольскія білеты і блукалі па лясных дарогах… Добра, хопіць… Вам не варта пра гэта пісаць… (Адсоўвае ад сябе дыктафон.) Немцы агітавалі, дынамікі ў іх працавалі цэлымі днямі: «Рускі Іван, здавайся! Нямецкая армія гарантуе табе жыццё і хлеб». Я гатовы быў застрэліцца. А няма чым! Няма чым! Патронаў няма… Салдацікі… нам па васямнаццаць-дзевятнаццаць гадоў… Камандзіры вешаліся адзін за адным. Хто на рамяні, хто… па-ўсякаму… Віселі на соснах… Канец свету, тваю маць!

— Радзіма альбо смерць!

— У Сталіна быў план — сем’і тых, хто здаўся ў палон, высылаць у Сібір. Тры з паловай мільёны палонных! Усіх не павысылаеш! Вусаты людаед!

— Сорак першы пракляты год…

— Гавары ўсё… цяпер можна…

— Звычкі такой няма…

— Мы і на фронце баяліся адзін з адным гаварыць адкрыта. Людзей саджалі да вайны… і ў вайну саджалі… Мая маці працавала на хлебазаводзе, там была праверка, і ў яе на пальчатках знайшлі крыхі хлеба, а гэта ўжо было шкодніцтва. Далі дзесяць гадоў турмы. Я на фронце, бацька на фронце, малыя брат і сястра засталіся з бабуляй, яны прасілі яе: «Бабуля, ты не памірай раней, як тата і Сашка (гэта я) з вайны вернуцца». Бацька прапаў без вестак.

— Якія мы героі? З намі ніколі не абыходзіліся як з героямі. Дзяцей мы з жонкай гадавалі ў бараку, пасля далі камуналку. Цяпер атрымліваем капейкі… слёзы, а не пенсію… Па тэлевізары паказваюць, як немцы жывуць. Добра жывуць! Прайгралі, а жывуць у сто разоў лепш за пераможцаў.

— Бог не ведае, што такое быць маленькім чалавекам.

— Я быў, ёсць і застануся камуністам! Без Сталіна і без партыі сталінскай мы б не перамаглі. Дэмакратыя, тваю маць! Баюся баявыя ордэны надзець. «Маразматык стары, дзе служыў? На фронце ці па турмах і лагерах?» — вось што я чую ад маладых. Смокчуць піва і кпяць.

— Прапаную вярнуць помнікі нашаму правадыру, вялікаму сталінскай, на ранейшыя месцы. Хаваюць на задворках, як смецце.

— Пастаў у сябе на лецішчы…

— Хочуць перапісаць вайну. Чакаюць, калі мы ўсе паздыхаем.

— Цяпер мы, карацей, «саветыкус-дэбілус»…

— Выратавала Расію тое, што яна вялікая. Урал… Сібір…

— Найбольш страшна — падняцца ў атаку. Першыя дзесяць хвілін… пяць хвілін… У таго, хто падымаўся першым, шанцаў застацца ў жывых не было. Куля дзірачку знойдзе. Камуністы, наперад!

— За ваенную моц нашай Радзімы! (Стукаюцца чаркамі.)

— Карацей… забіваць нікому ахвоты не было. Непрыемна. Але прывыкаеш… вучышся…

— Пад Сталінградам я ўступіў у партыю. Напісаў у заяве: «Хачу быць у першых шэрагах абаронцаў Радзімы… Не пашкадую свайго маладога жыцця…» У пяхоце ўзнагароджвалі рэдка. Маю адзін медаль «За адвагу».

— Ваенныя кантузіі адгукнуліся… Я стаў інвалідам, але пакуль трымаюся.

— Памятаю: узялі ў палон двух уласаўцаў… Адзін кажа: «Я помсціў за бацьку…» Бацьку расстраляла энкавэдэ… Другі: «Я не хацеў здохнуць у нямецкім канцлагеры». Маладыя хлопцы, як мы, аднаго з намі ўзросту. Калі ты пагаварыў з чалавекам, у вочы паглядзеў… цяжка яго забіць… Назаўтра ўсіх нас дапытвалі ў асобым аддзеле: «Чаму ўступілі ў размовы са здраднікамі? Чаму не расстралялі адразу?» Я стаў апраўдвацца… асабіст наган на стол: « Ты, б…, яшчэ правы качаеш?! Яшчэ адно слова вякнеш — і…» Уласаўцаў ніхто не шкадаваў. Танкісты прывязвалі іх да танкаў, уключалі матор — і ў розныя бакі… раздзіралі на кавалкі… Здраднікі! А ці ўсе яны былі здраднікамі?