Выбрать главу

— Асабістаў баяліся больш за немцаў. Генералы іх баяліся…

— Страх… усю вайну страх быў…

— А калі б не Сталін… Без «жалезнай рукі» Расія б не выжыла…

— Я не за Сталіна, я за Радзіму ваяваў. Клянуся сваімі дзецьмі і ўнукамі, я ні разу не чуў, каб крычалі: «За Сталіна!»

— Без салдата вайну не выйграць.

— Тваю маць…

— Баяцца трэба толькі Бога. Ён ёсць суд.

— Калі Божачка ёсць…

(Няроўны хор.)

«И значит, нам нужна одна победа! Одна на всех, мы за ценой не постоим…»

мужчынская гісторыя

— Усё жыццё рукі па швах! Баяўся піскнуць. Цяпер распавяду…

У маленстве… як сябе памятаю… я баяўся страціць тату… Татаў забіралі ўначы, і яны знікалі ў невараць. Так знік матчын родны брат Фелікс… Музыка. Яго ўзялі за глупства… за глупства… У краме ён гучна сказаў жонцы: «Вось ужо дваццаць гадоў савецкай улады, а прыстойных штаноў у продажы няма». Цяпер пішуць, што ўсе былі супраць… А я скажу, што народ падтрымліваў пасадкі. Узяць нашу маму… У яе сядзеў брат, а яна казала: «З нашым Феліксам адбылася памылка. Павінны разабрацца. Але саджаць трэба, вунь колькі бязладдзя дзеецца вакол». Народ падтрымліваў… Вайна! Пасля вайны я баяўся ўспамінаць вайну… Сваю вайну… Хацеў у партыю ўступіць — не прынялі: «Які ты камуніст, калі ты быў у гета?» Маўчаў… маўчаў… Была ў нашым партызанскім атрадзе Розачка, прыгожая габрэйская дзяўчынка, кніжкі з сабой вазіла. Шаснаццаць гадоў. Камандзіры спалі з ёй па чарзе… «У яе там яшчэ дзіцячыя валосікі… Ха-ха…» Розачка зацяжарала… Адвялі далей у лес і застрэлілі, як сабачку. Дзеці нараджаліся, ясная справа, поўны лес здаровых мужыкоў. Практыка была такая: дзіця народзіцца — яго адразу аддаюць у вёску. На хутар. А хто возьме габрэйскае дзіця? Габрэі нараджаць не мелі права. Я вярнуўся з задання: «Дзе Розачка?» — «А табе што? Гэтай няма — іншую знойдуць». Габрэй праз усё жыццё чагосьці баіцца. Куды б камень ні ўпаў, а габрэя закране.

Сысці з Мінска, які палаў, мы не паспелі, бо бабуля… Бабуля бачыла немцаў у 18-м годзе і ўсіх пераконвала, што немцы — культурная нацыя, і мірных людзей яны не крануць. У іх у хаце кватараваў нямецкі афіцэр, кожны вечар ён граў на піяніна. Мама пачала сумнявацца: сыходзіць — не сыходзіць? Праз гэтае піяніна, вядома… Так мы страцілі шмат часу. Нямецкія матацыклісты ўехалі ў горад. Нейкія людзі ў вышываных кашулях сустракалі іх з хлебам-соллю. З радасцю. Знайшлося шмат людзей, якія думалі: вось прыйшлі немцы, і пачнецца нармальнае жыццё. Многія ненавідзелі Сталіна і больш гэтага не хавалі. У першыя дні вайны было столькі новага і незразумелага…

Слова «жыд» я пачуў у першыя дні вайны… Нашыя суседзі пачалі стукаць нам у дзверы і крычаць: «Усё, жыды, канец вам! За Хрыста адкажаце!» Я быў савецкі хлопчык. Скончыў пяць класаў, мне дванаццаць гадоў. Я не мог зразумець, што яны кажуць. Чаму яны так кажуць? Я і цяпер гэтага не разумею… У нас сям’я была змяшаная: тата — габрэй, мама — руская. Мы святкавалі Вялікдзень, але асаблівым чынам: мама казала, што сёння дзень нараджэння добрага чалавека. Пякла пірог. А на Пэйсах (калі Гасподзь улітасцівіў габрэяў) бацька прыносіў ад бабулі мацу. Але час быў такі, што гэта ніяк не афішавалася… трэба было маўчаць…

Мама прышыла нам усім жоўтыя зоркі… Некалькі дзён ніхто не мог выйсці з дому. Было сорамна… Я ўжо стары, але я памятаю гэтае пачуццё… Як было сорамна… Паўсюль у горадзе валяліся ўлёткі: «Ліквідуйце камісараў і жыдоў», «Ратуйце Расію ад улады жыда-бальшавікоў». Адну ўлётку падсунулі нам пад дзверы… Неўзабаве… так… Папаўзлі чуткі: амерыканскія габрэі збіраюць золата, каб выкупіць усіх габрэяў і перавезці ў Амерыку. Немцы любяць парадак і не любяць габрэяў, таму габрэям давядзецца перажыць вайну ў гета… Людзі шукалі сэнс у тым, што адбываецца… нейкую нітку… Нават пекла чалавек хоча зразумець. Памятаю… Я добра памятаю, як мы перасяляліся ў гета. Тысячы габрэяў ішлі па горадзе… з дзецьмі, з падушкамі… Я ўзяў з сабой, гэта смешна, сваю калекцыю матылькоў. Гэта смешна цяпер… Мінчукі выбягалі на тратуары: адны глядзелі на нас з цікаўнасцю, другія са злараднасцю, але некаторыя стаялі заплаканыя. Я мала азіраўся па баках, я баяўся ўбачыць якога знаёмага хлапца. Было сорамна… пастаяннае пачуццё сораму памятаю…