Чалавека шкада… А як коні паміраюць? Конь не хаваецца, як іншыя жывёлы: сабака там, кот, карова і тая ўцякае, конь стаіць і чакае, калі яго заб’юць. Цяжкая карціна… У кіно кавалерысты нясуцца з гікам і з шашкай над галавой. Бязглуздзіца! Фантазія! У нашым атрадзе нейкі час былі кавалерысты, іх хутка расфармавалі. Коні не могуць ісці па гурбах, тым больш скакаць, яны захрасаюць у сумётах, а ў немцаў матацыклы — двухколавыя, трохколавыя, узімку яны ставілі іх на лыжы. Ездзілі і з рогатам расстрэльвалі і нашых коней, і коннікаў. Прыгожых коней маглі пашкадаваць, відаць, сярод іх было нямала вясковых хлопцаў…
Загад: спаліць хату паліцая… Разам з сям’ёй… Сям’я вялікая: жонка, трое дзяцей, дзед, баба. Ноччу акружылі іх… закалацілі дзверы цвікамі… Аблілі газай і падпалілі. Крычалі яны там, галасілі. Хлапчук лезе праз акно… Адзін партызан хацеў яго прыстрэліць, а іншы не даў. Закінулі назад, у вогнішча. Мне чатырнаццаць гадоў… Я нічога не разумею… Усё, што я змог, — запомніў гэта. І вось расказаў… Не люблю слова «герой»… герояў на вайне няма… Калі чалавек узяў у рукі зброю, ён ужо не будзе добрым. У яго не атрымаецца.
Памятаю блакаду… Немцы вырашылі ачысціць свае тылы і дывізіі СС кінулі супраць партызан. Навешалі ліхтароў на парашутах і бамбілі нас дзень і ноч. Пасля бамбёжкі — мінамётны абстрэл. Атрад сыходзіў невялікімі групамі, параненых везлі з сабой, але закрывалі ім рот, а коням апраналі спецыяльныя наморднікі. Кідалі ўсё, кідалі хатнюю жывёлу, а яна бегла за людзьмі. Каровы, авечкі… Даводзілася прыстрэльваць… Немцы падышлі блізка, так блізка, што ўжо чутныя былі іх галасы: «о мутэр, о мутэр»… пах цыгарэт… У кожнага з нас захоўваўся апошні патрон… Але памерці ніколі не позна. Уначы мы… трое нас засталося з групы прыкрыцця… распаролі жываты забітым коням, выкінулі ўсё адтуль і самі туды залезлі. Праседзелі так двое сутак, чулі, як немцы хадзілі туды-сюды. Пастрэльвалі. Нарэшце наступіла поўная цішыня. Тады мы вылезлі: усе ў крыві, у вантробах… у гаўне… Адурэлыя. Ноч… месяц свеціць…
Птушкі, я вам скажу, нам таксама дапамагалі… Сарока пачуе чужога чалавека — абавязкова засакоча. Падасць сігнал. Да нас яны прывыклі, а немцы пахлі па-іншаму: у іх адэкалон, духмянае мыла, цыгарэты, шынялі з выдатнага салдацкага сукна… і добра змазаныя боты… У нас самаробны тытунь, абмоткі, лапці з валовай скуры, прыкручаныя да ног папружкамі. У іх ваўняная сподняя бялізна… Мёртвых мы распраналі да трусоў! Сабакі грызлі іх твары, рукі. Нават жывёлу ўцягнулі ў вайну…
Шмат гадоў прайшло… паўстагоддзя… А яе не забыўся… пра гэтую жанчыну… У яе было двое дзяцей. Маленькіх. Яна схавала ў склепе параненага партызана. Хтосьці данёс… Сям’ю павесілі пасярод вёскі. Дзяцей першымі… Як яна крычала! Так людзі не крычаць… так звяры крычаць… Ці павінен чалавек ісці на такія ахвяры? Я не ведаю. (Маўчыць.) Пішуць цяпер пра вайну тыя, хто там не быў. Я не чытаю… Вы не крыўдуйце, але я не чытаю…
Мінск вызвалілі… Для мяне вайна скончылася, у войска па ўзросце не ўзялі. Пятнаццаць гадоў. Дзе жыць? У нашай кватэры пасяліліся чужыя людзі. Гналі мяне: «Жыд пархаты…» Нічога не хацелі аддаваць: ні кватэры, ні рэчаў. Прывыклі да думкі, што габрэі не вернуцца ніколі…
(Няроўны хор.)
— Пасля вайны людзі ўжо не тыя былі. Я сам вярнуўся дадому азвярэўшы.
— Сталін не любіў нашае пакаленне. Ненавідзеў. За тое, што свабоду адчулі. Вайна — гэта была свабода для нас! Мы пабылі ў Еўропе, убачылі, як там людзі жывуць. Я ішоў на працу ля помніка Сталіну, і мяне халодны пот прабіваў: а раптам ён ведае, пра што я думаю?