Мыем разам каня на рацэ. Сонца! Сушым разам сена, і яно мне так пахне! Я нічога гэтага не ведала, я так раней не адчувала. Без кахання я была простая дзяўчынка, звычайная, пакуль не пакахала. Бачу прарочы сон… Рэчка ў нас невялікая, а я тану ў гэтай рэчцы, мяне зацягвае падводнай плынню, ужо я пад вадой. Не зразумела як, якім чынам, але нехта мяне падымае, штурхае наверх, толькі я чамусьці напаўапранутая. Плыву да берага. Тады была ноч, а то ўжо раніца. На беразе стаяць людзі, уся наша вёска. Выходжу з вады голая… зусім голая…
У адным доме быў патэфон. Збіралася моладзь. Танчылі. Варажылі на нарачонага, варажылі па Псалтыры, на смале… па фасолі… Па смалу дзяўчына мусіла сама пайсці ў лес і знайсці старую хвою, маладое дрэва не падыходзіла, у ім няма памяці. Моцы няма. Усё гэта праўда… Я ў гэта і цяпер веру… А фасолю раскладвалі па кучках і лічылі: цот-няцот. Мне васямнаццаць гадоў… Зноў жа, вядома… У кніжках пра гэта не пішуць… Пры немцах жыць нам стала лепей, як пры Саветах. Немцы адчынілі цэрквы. Закрылі калгасы і раздалі зямлю — на аднаго чалавека два гектары, адзін конік на двух гаспадароў. Усталявалі цвёрды падатак: увосень мы здавалі збожжа, гарох, бульбу і па адным кабанчыку з двара. Здавалі, і нам заставалася. Усе былі задаволеныя. Пры Саветах гаравалі. Брыгадзір ставіў у сшытку «палачкі» — працадні. Увосень за гэтыя працадні — атрымай дулю! А тут у нас і мяса, і алей. Іншае жыццё! У людзей радасць, што волю атрымалі. Надышоў нямецкі парадак… Не накарміў каня — адлупяць пугаю. Ці не падмёў ля двара… Памятаю размовы: да камуністаў прызвычаіліся, і да немцаў прывыкнем. Навучымся па-нямецку жыць. Так было… усё ў памяці жывое… Ноччу ўсе баяліся «лясных» людзей, наведвалі яны без запрашэння. Адзін раз і да нас зайшлі: у аднаго — сякера, у другога — вілы: «Сала, маці, давай. Самагонкі. І не шумі моцна». Я вам распавядаю, як яно ў жыцці было, а не як у кніжках пішуць. Партызанаў па першым часе не любілі…
Прызначылі дзень нашага вяселля… Пасля дажынак. Калі скончацца палявыя работы і апошні сноп бабы кветкамі абкруцяць… (Маўчыць.) Памяць слабее, а душа ўсё памятае… Пачаўся дождж пасля абеду. Усе бягуць з поля, і мама вяртаецца. З плачам: «Божа! Божа! Твой Іван запісаўся ў паліцыю. Будзеш жонкай паліцая». — «Не хачу-у-у!» Плачам з мамай удзвюх. Увечары прыходзіць Іван, сеў і вачэй не падымае. «Іван, мой міленькі, што ж ты пра нас не падумаў?» — «Любка… Любачка мая…» Гэта дзед яго прымусіў. Чорт стары! Напалохаў: «Не запішашся ў паліцыю, адправяць у Германію. Не ўбачыш ты сваёй Любкі! Забудзься!» Дзед марыў… Хацеў, каб нявестка ў яго была немка… Немцы круцілі фільмы пра Германію, якое там выдатнае жыццё. Многія дзяўчаты і хлопцы верылі. З’язджалі. Перад адпраўкай ладзілі гулянні. Іграў духавы аркестр. Грузіліся ў цягнікі ў туфліках… (Дастае таблеткі з сумкі.) Дрэнныя мае справы… Лекары кажуць, што медыцына не дапаможа… памру неўзабаве… (Маўчыць.) Хачу, каб каханне маё засталося. Мяне не будзе, а людзі хай чытаюць…
Вакол вайна, а мы шчаслівыя. Год пражылі — муж і жонка. Я цяжарная. Ад нас чыгуначная станцыя была зусім блізка. То ехалі на фронт нямецкія саставы, салдаты ўсе маладыя, вясёлыя. Песні гарлалі. Убачаць: «Мэдхэн! Кляйнэ мэдхэн!» Смяюцца. А тут стала менш маладых, болей людзей ва ўзросце. То былі ўсе вясёлыя, а гэтыя едуць сумныя. Весялосці няма. Савецкая армія перамагае.
«Іван, — пыталася я, — што з намі будзе?» — «На мне крыві няма. Я ні разу ў чалавека не стрэліў». (Маўчыць.) Мае дзеці нічога гэтага не ведаюць, я ім не прызналася. Можа, перад самым канцом… перад смерцю… Адно скажу: каханне — атрута…
Праз два дамы ад нас жыў хлопец, якому я таксама падабалася, ён мяне на танцах заўсёды запрашаў. Толькі са мной танчыў. «Я пайду цябе праводзіць». — «У мяне ёсць праважаты». Прыгожы хлопец… Пайшоў у лес. Да партызан. Казалі, хто бачыў, што носіць кубанку з чырвонай стужкай. Ноччу стук у дзверы: «Хто?» — «Партызаны». Уваходзіць гэты хлопец і яшчэ адзін, старэйшы. Залётнік мой пачынае так: «Як жывеш, паліцаечка? Даўно хацеў цябе наведаць. А мужык дзе?» — «Адкуль мне ведаць? Сёння не прыехаў. У гарнізоне, відаць, застаўся». Тут ён хапае мяне за руку і кідае да сценкі: нямецкая лялька… і падсцілка… і на б… пасылае і на х… Нямецкага халуя, кулацкага вырадка выбрала, а са мной цэлачку з сябе строіла. І нібы як пісталет з-за пазухі вымае. Мама ўпала перад імі на калені: «Страляйце, хлопчыкі, страляйце. Я з вашымі мамкамі ў дзеўках гуляла. Няхай і яны потым паплачуць». Неяк маміны словы на іх падзейнічалі. Пагаманілі паміж сабой і сышлі. (Маўчыць.) Каханне — гэта горка-горка…