Выбрать главу

Фронт усё бліжэй і бліжэй. Па начах ужо кананаду чуваць. Уначы — госці. «Хто?» — «Партызаны». Уваходзіць мой залётнік… і з ім яшчэ адзін… Мой залётнік паказвае мне пісталет: «Вось з гэтага пісталета я забіў твайго мужа». — «Няпраўда! Няпраўда!» — «Цяпер у цябе мужа няма». Я думала, што я яго заб’ю… што я… вочы яму выкалупаю… (Маўчыць.) А раніцай прывезлі майго Івана… На санках… на шынялі… Вочы заплюшчаныя, твар дзіцячы. Ён жа нікога не забіў… Я яму верыла! І цяпер веру! Каталася па падлозе, выла. Мая мама баялася, што я звар’яцею і дзіцятка мёртвым або ненармальным народзіцца, пабегла да шаптухі. Да бабкі Стасі. «Я ведаю тваю бяду, — сказала яна маме, — але я тут не дапамагу. Няхай дачка Бога просіць». І навучыла, як прасіць… Калі Івана павязуць хаваць, я мусіла пайсці не за труной, як усе людзі ідуць, а паперадзе. Да самых могілак. А гэта праз усю вёску… Да канца вайны ўжо шмат мужчын сышло ў лес. Партызанілі. У кожнай хаце хтосьці загінуў. (Плача.) І я ішла… перад труной паліцая… Я паперадзе, а мама ззаду. Усе людзі павыходзілі з хат, стаялі каля брам, але ніхто злога слова не кінуў. Глядзелі і плакалі.

Вярнуліся Саветы… Мяне зноў знайшоў гэты хлопец… Прыехаў на кані: «Табой ужо цікавяцца». — «Хто?» — «Хто-хто? Органы». — «А мне ўсё роўна, дзе знайду сваю смерць. Няхай гоняць у Сібір». — «Што ты за маці? У цябе дзіця». — «Ты ведаеш, чыё…» — «Я цябе і такую вазьму». І я выйшла за яго замуж. За забойцу свайго мужа. Нарадзіла яму дзяўчынку… (Плача.) Ён аднолькава дзяцей любіў: і майго сына, і сваю дачку. Не буду нагаворваць. А я… я… у сіняках, у крывавых пісягах хадзіла. Ноччу б’е, а раніцай на каленях стаіць, прабачэння просіць. Яго выпальвала нейкая жарсць… Раўнаваў да мёртвага… На досвітку людзі ўсе спяць, а я ўжо ўстаю. Мне трэба раней, каб ён не прачнуўся… не абняў… Уначы ніводнае акно ўжо не свеціцца, а я яшчэ на кухні. Каструлі мае блішчалі. Чакаю, калі ён засне. Пражылі мы з ім пятнаццаць гадоў, і ён цяжка захварэў. Памёр за адну восень. (Плача.) Я не вінаватая… я яму смерці не жадала. Прыйшла тая хвіліна… апошняя… То тварам да сцяны ляжаў, а тут павярнуўся да мяне: «Ты мяне кахала?» Прамаўчала. Засмяяўся, як тады ноччу, калі пісталет паказаў… «А я цябе адну ўсё жыццё кахаў. Так кахаў, што хацеў забіць, калі даведаўся, што памру. У Яшкі (наш сусед, ён звярыныя скуркі вырабляе) атруты прасіў. Не магу перажыць: я памру, а ў цябе яшчэ нехта будзе. Ты — прыгожая».

Ляжаў у труне… і нібыта смяяўся… Баялася да яго падысці. А трэба было пацалаваць.

(Хор.)

«Вставай, страна огромная,  Вставай на смертный бой…  Пусть ярость благородная вскипает, как волна.  Идет война народная,  Священная война…»

— Пакрыўджаныя сыходзім…

— Я дочкам сказала: калі памру, каб была толькі музыка, а людзі няхай маўчаць.

— Пасля вайны палонныя немцы камяні цягалі. Адбудоўвалі горад. Галодныя. Прасілі хлеба. А я не магла даць ім кавалачак хлеба. Часам менавіта гэты момант успамінаю… гэты… Дзіўна, што такія рэчы ў памяці застаюцца…

На стале стаялі кветкі і вялікі партрэт Цімярана Зінатава. Мне ўвесь час здавалася, што ў гэтым хоры я чую і ягоны голас, ён з намі.

З аповеду жонкі Зінатава:

— Я мала што магу ўспомніць… Дом, сям’я… яго ніколі не цікавілі. Усё крэпасць ды крэпасць. Вайну не забываў… Дзяцей вучыў, што Ленін добры, будуем камунізм. Прыходзіць аднойчы з працы, газетка ў руцэ: «Паедзем на вялікую будоўлю. Радзіма кліча». Дзеці ў нас яшчэ былі маленькія. Паедзем — і ўсё. Радзіма загадвае… Так мы з ім на БАМ патрапілі… на будоўлю камунізму… Будавалі! Верылі: усё ў нас наперадзе! Моцна верылі савецкай уладзе. Ад душы. Цяпер пастарэлі. Галоснасць, перабудова… Сядзім і слухаем радыё. Камунізму ўжо няма… Дзе той камунізм? І камуністаў няма… не зразумець, хто там наверсе… Гайдар зусім абабраў… бамжуе народ… Хто ўкрадзе што-небудзь на заводзе ці ў калгасе… Хто падмане… Так і выжываюць… А мой… У аблоках жыў… заўсёды дзесьці высока… Дачка працуе ў аптэцы, прынесла яна аднойчы дэфіцытныя лекі, каб прадаць і якую капейку зарабіць. Як ён даведаўся? Разнюхаў?