Выбрать главу

«Ганьба! Якая ганьба!» — крычаў. З дому яе выганяў. Не магла ніяк яго супакоіць. Іншыя ветэраны карыстаюцца прывілеямі… Ім прызначылі… «Схадзі, — папрасіла. — Можа, і табе што-небудзь дадуць». Раскрычаўся: «Я за Радзіму ваяваў, а не за прывілеі». Ляжыць уначы з расплюшчанымі вачыма і маўчыць. Гукну — не адказвае. Перастаў размаўляць з намі. Моцна перажываў. Не за нас перажываў, не за сям’ю, а за ўсіх. За краіну. Такі быў чалавек. Нагаравалася я з ім… Прызнаюся вам шчыра — як жанчыне, а не як пісьменніцы… Я яго не разумела…

Выкапаў бульбу, апрануўся лепей і паехаў у сваю крэпасць. Хоць бы кавалак паперы нам пакінуў. Напісаў дзяржаве, чужым людзям. А нам нічога… ніводнага слова…

ПРА СЛОДЫЧ ПАКУТАЎ І ФОКУС РУСКАГА ДУХУ

гісторыя аднаго кахання

Вольга Карымава, музыка, 49 гадоў

— Не… не, гэта немагчыма… немагчыма для мяне. Я думала, некалі… каму-небудзь распавяду… але не цяпер… Не цяпер. Усё ў мяне пад забаронай, замуравала, затынкавала. Вось… Пад саркафагам… накрыла ўсё саркафагам… там ужо пажару няма, але нейкая рэакцыя ідзе. Нейкія крышталі ствараюцца. Я баюся зачапіць. Баюся…

Першае каханне… Ці можна гэта так назваць? Мой першы муж… Гэта цудоўная гісторыя. Два гады ён да мяне заляцаўся. Я вельмі хацела за яго замуж, таму што мне патрэбны быў ён цалкам, каб ён нікуды не падзеўся. Увесь мой! Нават не ведаю, навошта ён мне так вось цалкам быў патрэбны. Вось ніколі не расставацца, увесь час бачыцца і ўсчыняць нейкія скандалы, і трахацца, трахацца, без канца трахацца. Ён быў першым мужчынам у маім жыцці. Першы раз гэта наогул была такая… м-м-м… цікаўнасць проста — што ж такое адбываецца? Яшчэ раз — таксама… і ўвогуле… нейкая тэхніка… Ну, цела… цела, цела… цела і ўсё! І вось так працягвалася паўгода. А яму, наогул, не абавязкова было, каб я гэта была я, ён мог знайсці і некага іншага. Але чамусьці вось мы пабраліся… Мне дваццаць два гады. Разам вучымся ў музычным вучылішчы, у нас усё разам. А потым гэта здарылася… адкрылася нешта ўва мне… Але я абмінула гэты момант… калі я палюбіла мужчынскае цела… Вось яно ўсё табе належыць… Гэта была цудоўная гісторыя… Яна магла працягвацца бясконца, а магла за паўгадзіны скончыцца. Вось… Я сышла. Сышла сама. Ён мяне маліў застацца. Чамусьці я вырашыла, што пайду. Я так стамілася ад яго… Божа, як я ад яго стамілася! Ужо цяжарная, у мяне пуза… Навошта ён? Трахаліся, потым лаяліся, потым я плакала. Я не ўмела яшчэ цярпець. Дараваць не ўмела.

Выйшла з дому, зачыніла дзверы і раптам адчула радасць, што я зараз пайду. Пайду назаўсёды. Паехала да мамы, ён прыбег тут жа, уначы, і быў зусім збіты з панталыку: цяжарная, чамусьці ўвесь час незадаволеная, нешта ёй яшчэ трэба. Ну што табе яшчэ патрэбна? А я перагарнула гэтую старонку… Была вельмі рада, што ён у мяне быў, і вельмі рада, што яго больш няма. Маё жыццё — заўсёды як скарбонка. Было — і скончылася, было — і скончылася.

Ой, я так прыгожа нарадзіла Аньку… мне гэта так спадабалася… Па-першае, воды ў мяне адышлі… Я шмат хадзіла, і, здаецца, на нейкім кіламетры ў лесе ў мяне адышлі воды. Наогул неяк дрэнна разумела — ну што, мне зараз ужо збірацца ў бальніцу? Пачакала да вечара. Зіма была — цяпер ужо не верыцца — мароз сорак градусаў. Кара дрэў трашчала. Усё ж такі я вырашыла пайсці. Дакторка паглядзела: «Будзеш два дні нараджаць». Тэлефаную дадому: «Мама, прынясі шакалад. Мне яшчэ доўга ляжаць». Перад ранішнім абыходам забегла медсястра: «Слухай, ужо галоўка тырчыць. Паклічу доктара». І вось — я ў крэсле… Мне кажуць: «Вось-вось. Зараз-зараз». Не памятаю, колькі часу прайшло. Але хутка… вельмі хутка… Паказваюць мне нейкі камячок: «Дзяўчынка ў цябе». Узважылі — чатыры кілаграмы. «Слухайце, ніводнага разрыву. Пашкадавала маму». Ой, калі яе назаўтра прынеслі: вочы — адны зрэнкі, чорныя, плаваюць. І я ўжо болей нічога не бачу…

У мяне пачалося новае, зусім іншае жыццё. Мне спадабалася, як я стала выглядаць. Увогуле… Я стала прыгажэйшай адразу… Анька тут жа заняла сваё месца, я любіла яе, але вось неяк яна абсалютна не была ў мяне звязана з мужчынамі. З тым, што ў яе ёсць тата. З неба ўпала! З неба. Навучылася гаварыць, у яе пытаюцца: «Анечка, у цябе таты няма?» — «У мяне замест таты бабуля». — «А сабакі ў цябе няма?» — «У мяне замест сабакі хамячок». Мы з ёй удзвюх вось такія… Усё жыццё баялася, што я раптам стану не мной. Нават калі лячылі зуб, прасіла: «Не рабіце ўкол. Не абязбольвайце». Мае пачуцці — гэта мае пачуцці, добрыя і хворыя, не адключайце мяне ад мяне. Мы з Анькай падабаліся адна адной. І вось такія мы сустрэлі яго… Глеба…