Выбрать главу

…Прывык паміраць… Не баяўся гэтай маленькай смерці… Брыгадзіры-блатныя прадавалі іх пайкі хлеба, прайгравалі ў карты, і яны елі бітум. Чорны бітум. Многія гінулі — склейваўся страўнік. А ён проста перастаў есці, толькі піў.

…Адзін хлопчык пабег… спецыяльна пабег, каб яго застрэлілі… Па снезе… пад сонцам… Выдатна бачны. Стрэлілі ў галаву, прыцягнулі на вяроўцы і паставілі каля барака — глядзіце! Доўга ён там стаяў… да вясны… …Дзень выбараў… Канцэрт на выбарчым участку. Выступае лагерны хор. Стаяць палітычныя, уласаўцы, прастытуткі, злодзеі — і спяваюць песню пра Сталіна: «Сталин — наше знамя! Сталин — наше счастье».

…На перасылцы сустрэў дзяўчынку. Яна распавядала, як следчы ўгаворваў яе падпісаць пратакол: «Паедзеш у пекла… Але ты прыгожая, спадабаешся якому-небудзь начальніку. І так выратуешся».

…Вясной было асабліва страшна. Усё ў прыродзе змяняецца… усё пачынае жыць… Ні ў кога лепш не пытацца, колькі яму засталося сядзець. Увесну любы тэрмін — вечнасць! Птушкі лятуць — ніхто галавы не падымае. У неба вясной не глядзяць…

Азірнулася каля дзвярэй — памахаў рукой. Вяртаюся праз некалькі гадзін — ён ужо трызніць. Кагосьці просіць: «Пачакай. Пачакай». Потым аціх, проста ляжаў. Яшчэ тры дні. Я і да гэтага прывыкла. Ну вось, ён тут ляжыць, а я тут жыву. Мне паставілі ложак з ім побач. Вось… Трэці дзень… Ужо цяжка калоць унутрывенныя… Тромбы… Я павінна дазволіць дактарам усё спыніць, яму не будзе балюча, ён не пачуе. І мы з ім засталіся зусім удваіх. Ні прыбораў, ні дактароў, да яго ніхто больш не заходзіць. Я легла побач. Холадна. Залезла пад коўдру да яго і заснула. Прачнулася… на секунду мне здалося: мы спім у сябе дома, расчыніўся балкон… ён яшчэ не прачнуўся… Страшна расплюшчыць вочы… Расплюшчыла — усё ўспомніла… Тут я пачала кідацца… Устала, паклала рукі яму на твар: «А-а-ах…» — пачуў мяне. Пачалася агонія… і я так сядзела… руку яго трымала, апошні ўдар сэрца адчула. Яшчэ доўга так сядзела… Паклікала нянечку, яна дапамагла мне апрануць яму кашулю, блакітную, яго ўлюбёны колер. Я спытала: «Можна пасядзець?» — «Так, калі ласка. Не баіцеся?» Чаго ж мне баяцца? Я ведала яго… як маці ведае сваё дзіця… Да раніцы ён стаў прыгожы… Знік з твару страх, сышло напружанне, уся жыццёвая мітусня. І я ўбачыла тонкія, выкшталцоныя рысы. Твар усходняга прынца. Вось які ён! Вось які ён насамрэч! Такім я яго не ведала.

У яго была адзіная просьба: «Напішы на камені, які будзе ляжаць нада мною, што я быў шчаслівым чалавекам. Мяне кахалі. Самая страшная пакута, калі цябе не кахаюць». (Маўчыць.). Такое кароткае нашае жыццё… Імгненне! Я бачу, як глядзіць мая старэнькая мама ўвечары ў сад… якімі вачыма…

Доўга сядзім моўчкі.

Не магу… не ўмею без яго жыць… А да мяне зноў заляцаюцца.

Дораць кветкі.

Назаўтра — нечаканы званок.

Усю ноч плакала… выла ад болю… Я ўвесь час сыходзіла… сыходзіла… уцякала ў іншы бок. Я ледзь выжыла… А ўчора туды зноў вярнулася… мяне вярнулі… Хадзіла ўся забінтаваная, стала раскручваць гэтыя бінты, выходзіць, нічога не загаілася. Я думала, што пад гэтымі бінтамі ў мяне ўжо новая скура, а нічога гэтага няма. Нічога не зарасло. Нікуды яно не сышло… усё, што было… Я баюся гэта каму-небудзь аддаць. Ніхто не ўтрымае. Звычайнымі рукамі гэта не ўтрымаць…

Гісторыя аднаго дзяцінства

Марыя Вайцяшонак, пісьменніца, 57 гадоў

— Я — асадніца. Я нарадзілася ў сям’і ссыльнага польскага афіцэра-асадніка (osadnik — па-польску, «пасяленец», які атрымаў зямлю на Усходніх Крэсах пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1921 годзе). А ў 1939-м (сакрэтны пратакол пакта Молатава—Рыбентропа) Заходнюю Беларусь далучылі да СССР, і тысячы асаднікаў-каланістаў разам са сваімі сем’ямі былі высланы ў Сібір як «небяспечны палітычны элемент» (з цыдулкі Берыі — Сталіну). Але гэта вялікая гісторыя, а ў мяне свая… маленькая…