Выбрать главу

Кацярына Захарэвіч

Час Вогненнага Птушкалова

© Захарэвіч К., тэкст, 2018

© ПУП «Кнігазбор», 2018

Нядобры дзень

Усё няправільна.

Гэткае відовішча мусіла адбывацца ў цэнтры горада, ля ратушы і княскага палаца. На яго маглі б прадаваць квіткі за шалёныя грошы ў першыя шэрагі і за яшчэ больш шалёныя – на галіны бліжэйшых дрэў, якія бясплатна і нахабна аблюбоўвае дзятва і бедната. Рамеснікі някепска нажыліся б на продажы малюнкаў з падзеі, скруткаў з апісаннем таго, што было і чаго не было, лялечных герояў, якіх пачалі б рыхтаваць за некалькі месяцаў. Гандляры ў такі гарачы і багаты на ўражанні дзень распрадалі б усе запасы веераў, нюхальных збораў і халодных напояў. Ды што там, і вада ўчарашняга дажджу, што застаялася ў ямінах, чагосьці каштавала б – на першыя рады падобных забавак зазвычай рвуцца тыя, каго трэба потым выносіць непрытомнымі.

Гэтым разам смяротнае пакаранне праходзіла інакш.

Вялікая зала ў сутарэннях пад палацам не памятае, ці бачыла калі-небудзь столькі святла, ці бывала тут так горача ад паходняў і людзей. Кожная дробязь рэзала вочы сваёй дакладнасцю. Кожны металічны інструмент на стале ў цэнтры адбіваў святло. Частка малаткоў, лёзаў, зубцоў, цвікоў заплямленая чырвоным. Акуратныя мазкі ці неахайныя кроплі ззялі, блікавалі, пакідалі радасныя водбліскі на змрочных сценах і тварах ганаровых гасцей, што размясціліся ў фатэлях уздоўж сцен. На самым пачэсным месцы сядзеў Яго Светласць князь – сухі дзядок з нервовым і амаль нерухомым тварам, нямогла-сінім на фоне багатай чырвані вопратак. Паходні, нягледзячы на капялюш з шырокімі палямі, бязлітасна вылучалі кожную княскую зморшчынку, таму паплечнікі, дарадчыкі і міністры старанна пазбягалі глядзець на яго твар. Рука ўладара адбівала няясны рытм, і сэрцы прыбліжаных тахкалі ў гэтым рытме.

Адзінай з яснавяльможных асоб, хто пачуваўся ў вязніцы па-будзённаму вольна, быў гетман княскага войска Аляксандр. Нечакана пругкія для бывалага воя рухі выглядалі як танец у чырвоных бліках жывога агню і нежывой крыві. Зрэшты, наўрад ці гетман мог бы тут танцаваць. Вось неяснавяльможная асоба – кат – павольна і натхнёна рухалася па зале, быццам па садзе, кранаючы кончыкамі пальцаў лёзы і голкі, як найчароўнейшыя кветкі. Твар ката ахоўвала шчыльная маска, а жыццё – праца, якая выклікае і павагу, і страх, і агіду.

У распластаных па падлозе анучах складана было заўважыць чалавека: натуральна-ружовая калісьці скура пабялела да сіняга, абвастрыліся выступы костак. Зрэшты, чалавекам падсуднага Якуба не лічылі. Дзіўна, што кроў у яго такая ж самая, чырвоная і гарачая, і пахне таксама – металам, які доўга трымалі ў руках.

Яснавяльможныя асобы стаміліся. Ад прыемнага нервовага казытання, з якім яны назіралі за першымі, лёгкімі ўколамі, парэзамі і сцісканнямі, засталася агіда. Кроў, грымасы, крык, які адбіваўся ад каменных сцен, узмацняўся шматкроць і расцягваўся. Гетман Аляксандр насцярожана пазіраў на шаноўных гасцей: ці вытрымаюць яны галоўную частку відовішча, дзеля якой сабраліся? Зрэшты, справу ўсё адно трэба скончыць.

Якуб заварушыўся. Рэдкі чалавек дажывае да другога паўтузіна катавальных прылад, а гэтае стварэнне вытрымала ўсе. Яшчэ адзін доказ таго, што да людзей агідная істота не мае ніякага дачынення.

Па незаўважным знаку гетмана на сярэдзіну залы выкацілі дзіўную машыну. У святле паходняў і зацікаўленых вачэй ззяла трохкутнае лязо, замацаванае высока над чалавечымі галовамі на двух драўляных слупах. Наспех габляваныя калодкі з круглай выемкай для шыі стаялі на драўляным услончыку.

– Дасканалы сродак забойства, які выключае выпадковасці, умяшанні Лёсу, памылкі і іншыя акалічнасці, – з гонарам абвясціў гетман Аляксандр. – Механізм наверсе трымае цяжкое вострае лязо, але варта захацець – і яно ляціць з дасканалай хуткасцю ў патрэбным напрамку і падае менавіта туды, куды мусіць упасці.

Кат паклікаў двух вояў-вартаўнікоў. Тыя, знайшоўшы ў істоты на падлозе рукі, схапілі за іх, усцягнулі чалавекападобнае цела на ўслон і замацавалі шыю паміж калодкамі. Даўгія чорныя валасы, мокрыя ад поту і крыві, звісалі і наліпалі на твар, нішчылі апошняе падабенства з чалавекам. Кат павольнай да грэблівасці хадой наблізіўся да прылады. Вось і пачалося: нейкая машына абясцэньвае само мастацтва забіваць. Кат і госці дрыжэлі – ад крыўды і хвалявання. Падатлівы механізм зрушыўся, лязо абрынулася на белую шыю ўнізе. Свіст рассечанага паветра змяшаўся з уздыхамі ўдзельнікаў і гледачоў. Калі ўсе адплюшчылі вочы, лязо павольна пагойдвалася, тарчма стоячы ў верхняй калодцы. З-пад чорных зваляных валасоў гучаў чысты залівісты смех.