Выбрать главу

Ён тады махнуў са скрухаю рукой. Гаварылі ў ягоным вялікім непрытульным кабінеце, дзе ён амаль ніколі не сядзеў. I ўжо зусім дзіўна было, што суровы, аніяк не схільны да распівання спіртнога ў рабочы час, шэф паставіў на стол бутэльку каньяку і дзве чаркі. Паставіў, і яны выпілі па адной і па другой, і гэтым свядома зглумілі цэлы дзевь, бо ні адзін, ні другі не маглі працаваць, узяўшы хаця б грам. А пасля шэф, які нікому ніколі не казаў таго, што сказаў зараз яму, заторкнуў бутэльку і ўздыхнуў.

– Вось так. Дастукаўся. Я разумею. Цяжка. Што, нервы, сны, кашмары?

Будрыс моўчкі кіўнуў галавою. I тут бутэлька стрэльнула коркам у столь. З рэзкім гукам. I малады так здрыгануўся пры гэтым, што твар шэфаў абцягнуўся скураю і нешта дзіўнае, нешта такое, што трывожна і да канца асэнсоўвала, з'явілася ў вачах. Нешта птушынае, уважлівае і спалоханае. Ён адразу ж пастараўся прагнаць гэта. Ён усміхнуўся:

– Гэта яна намякае, каб яшчэ налілі. Ну і малайчына, што нагадала. Давай!

Выпіў і раптам сказаў з такой нечаканай пяшчотай, бояззю і перасцярогай, што малады дагэтуль не мог забыць:

– Як мага далей. Адпачывай. Беражы галаву, сынок. Злачынства – не берагчы такую галаву. Ну, з богам... Вяртайся.

I пацалаваў яго. I гэтага таксама не было з самага стварэння іхняга свету, дзе быў свой бог і свае пакутнікі.

...Ён уцёк далёка. Але пакуль што, здаецца яму, не ў той бок. Дзіўна, але толькі размова з шэфам дала яму зразумець, што з ім, Будрысам, сапраўды вельмі кепска, амаль непапраўна. Здаровае цела, фенаменальная галава (цяпер, калі ён часам не мог разблытаць самага простага і мог палову гадзіны сядзець над уразуменнем ідэі, формулы, схемы – ён не саромеўся думаць так пра сябе ранейшага), памяць, інтуіцыя – і вось усё сабаку пад хвост. Нешта разладзілася ў складанай машыне ягонага арганізма. Часам – ранейшыя ўзлёты, але часцей нервовасць, дзіўнае адчуванне непатрэбнасці і нават шкоднасці сваёй працы і сваёй навукі, цяжкая, чыгунная стома з самай раніцы, сны, з-за якіх страшна класціся ў ложак. Штовечар страшна класціся...

Ён ішоў пад кранамі "Сумітома", якія нібыта прыселі на напаўсагнутых нагах, адпачываючы ад штодзённага страшнага цяжару. У марскім смецці ля пірса плаваў, калыхаўся бліскучы, як велікоднае яйка, дзіцячы мячык. Тут ён упаў у ваду, ці яго аднекуль прынесла? I як прынесла, то адкуль? З Карэі? Ад берагоў Японіі? Ад туманных і суровых скал Цярнея?..

Чамусьці без усякай сувязі з гэтым і з мінулымі думкамі ён успомніў сваё роднае возера, раку і сябе, хлопца з невялічкага мястэчка. Што ты ні кажы, а непасільны цяжар лёг яму на плечы, гэтаму правінцыялу. "Вундэркінд", "незвычайныя здольнасці"... Чым ён вінен, што акрамя ўсяго гэтага прырода дала яму вочы, якія прагна бачаць усё на зямлі, ногі, якія жадаюць абшару, сэрца, якое хоча чагосьці незвычайнага? Трэба было, відаць, даць волю сэрцу, а не галаве, якая ў барацьбе з гэтым сэрцам (а напэўна ж, так) знемагла ў той самы момант, калі ён ганарліва лічыў, што для ягонага мозгу амаль няма немагчымага. I ці не быў бы ён шчаслівейшы, каб аддаў кесарава кесару, а божае богаві? Хіба кепска было б стаць капітанам вось такога гандлёвага судна (як жа яго назва? "Орша"? Бог ты мой, "Орша"!), быць заўсёды ля машын і лічбаў, заўсёды думаць, вынаходзіць, паляпшаць (і задавальняцца гэтым) і адначасова быць адзін на адзін з абшарам, з акіянам, з простымі чалавечымі адносінамі, з сустрэчным суднам, якое мінае тваё і доўга яшчэ свеціць праз ноч топавымі агнямі... I вось – чужыя астравы... Гавань пад залатой поўняй... I на ўсім рабізна... Залатая па чорным (гэта адбіваюцца ліхтары ў чарнільнай вадзе, якая спіць у цяні караблёў) і блакітная па густым нябесна-сінім (месяц, вялізная поўня, дрыжыць блікамі на вадзе).

Пры сузіранні зямной прыгажосці ён заўсёды нямеў. Выліць бы ўсё гэта, аддаць іншым. Але ніколі ў жыцці ён не мог скласці нават звычайнага вершаванага радка. I таму адчуваў сябе так, як, напэўна, адчувае сябе сабака: хоча сказаць пра важлівае і не можа. I таму ўсё гэта, нявылітае, нявыказанае, зберагалася ў душы, перапаўняла яе і, не знаходзячы выхаду, прымушала ўтрапёна марыдь аб іншых берагах, аб вышэйшай справядлівасці, аб незвычайных жанчынах, аб праўдзе, простай, як вялікі верш, аб нейкіх нязнаных джунглях, лясах, стэпах, што пахнуць, як сады, аб нязменнай чалавечнасці, аб шчасці. I нічога з гэтага не збылося, і ўсё гэта, урэшце, задушыла яго. Нельга бясконца стрымліваць самае святое – урэшце адбудзецца выбух...