Выбрать главу

Яму пашанцавала. Дуб, на які ён залез, быў самым высокім у гэтай частцы лесу і ўзвышаўся над астатнімі на добрыя паўтара сажні. Калі Дзік залез на верхні сук і, разгойдваючыся на ветры, глянуў удалячынь, ён убачыў усю балотную раўніну да самага Кэтлі, убачыў Ціл, які віўся вакол лясістых астравоў, і проста перад сабой — белую паласу вялікай дарогі, што бегла праз лес. Лодку ўжо ўзнялі, перавярнулі, і яна плыла па рацэ да доміка перавозчыка. Акрамя гэтай лодкі, нідзе не было ні найменшай прыкметы прысутнасці чалавека; толькі вецер шумеў у галінах. Дзік ужо збіраўся спускацца, як раптам, кінуўшы апошні позірк навокал, заўважыў шэраг рухомых кропак пасярод балота. Відавочна, якісьці маленькі атрад ішоў па сцежцы і прытым даволі шпарка. Гэта яго затрывожыла; ён зараз жа саслізнуў на зямлю і вярнуўся праз лес да таварыша.

Раздзел IV

Малайцы з Зялёнага лесу

Мэтчэм паспеў адпачыць і ачухацца; і хлопчыкі, затрывожаныя тым, што ўбачыў Дзік, паспешліва выбраліся з нетры, паспяхова перасеклі дарогу і рушылі ўгару па схіле ўзгорыстага кража, на якім узвышаўся Тэнстолскі лес. Тут, паміж купкамі дрэў, прасціраліся пясчаныя лужкі, зарослыя верасам і жаўтазелем; сям-там сустракаліся старыя цісы. Глеба рабілася ўсё больш няроўнай; штохвіліны на шляху трапляліся выспы і лагчыны. Вецер дзьмуў усё мацней, прымушаючы ствалы дрэў гнуцца, як тонкія вудачкі.

Яны выйшлі на лужок. Раптам Дзік упаў на зямлю ніцма і паволі папоўз назад, да дрэў. Мэтчэм, які не заўважыў ніякай небяспекі і быў вельмі здзіўлены, паўтарыў, аднак, прыклад таварыша. І толькі калі яны схаваліся ў гушчары, ён спытаў, што здарылася.

Замест адказу Дзік паказаў яму пальцам на старую хвою, якая расла на другім канцы лужка, узвышаючыся над суседнім лесам, і выразна вылучалася на светлым небе сваёй змрочнай зелянінай. Унізе ствол яе быў прамы і тоўсты, як калона. Але на вышыні пяцідзесяці футаў ён раздвойваўся, утвараючы два тоўстыя сукі; паміж імі, быццам марак на мачце, стаяў чалавек у зялёным камзоле, апранутым паўзверх латаў, і зорка глядзеў удалячынь. Сонца зіхацела на яго валасах; прыкрыўшы вочы рукой, ён няспынна, як машына, марудна пакручваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Хлопчыкі пераглянуліся.

— Паспрабуем абысці яго злева, — сказаў Дзік. — Мы ледзь не папаліся, Джон.

Хвілін праз дзесяць яны выбраліся на добра ўтаптаную сцяжынку.

— Гэтай часткі лесу я зусім не ведаю, — прамовіў Дзік. — Куды прывядзе нас гэтая сцяжынка?

— Пабачым, — сказаў Мэтчэм.

Сцяжынка прывяла іх на вяршыню пагорка і пачала спускацца ў яр, што нагадваў вялікую чашу. Унізе, у густых зарасніках квітнеючага глогу, яны ўбачылі разваліны нейкага дома — некалькі абгарэлых драўляных зрубаў без дахаў ды высокі пячны комін.

— Што гэта? — спытаў Мэтчэм.

— Клянуся небам, не ведаю, — адказаў Дзік. — Я тут нічога не ведаю. Будзем рухацца асцярожна.

Чуючы, як б'юцца сэрцы, яны пачалі ціха спускацца, прадзіраючыся праз кусты глогу. Тут, відаць, яшчэ нядаўна жылі людзі. У гушчары трапляліся здзічэлыя фруктовыя дрэвы і сякая-такая гародніна; у траве ляжаў павалены сонечны гадзіннік. Відавочна, раней тут быў сад. Яны прайшлі яшчэ крыху і наткнуліся на разваліны дома.

Калісьці гэта быў прыгожы моцны будынак, акружаны глыбокім ровам; цяпер роў высах, на дне яго валяліся камяні, трухлявае бервяно было перакінута цераз яго, быццам мост. Дзве сцяны яшчэ стаялі, і сонца зіхацела праз іх пустыя вокны, але ўся астатняя частка будынка абрынулася і ляжала грудай задымленых абломкаў. Усярэдзіне ўжо зелянела некалькі маладзенькіх дрэўцаў, якія выраслі са шчылін.

— Я пачынаю згадваць, — прашаптаў Дзік. — Гэта, хутчэй за ўсё, Грымстан. Сядзіба належала калісьці Саймону Мэлмсбэры, але сэр Дэніэл загубіў яго. Пяць гадоў назад Бенет Хэтч спаліў гэты дом. І, сказаць па шчырасці, дарэмна: дом быў прыгожы.

Унізе, у яры, было цёпла і бязветрана. Мэтчэм крануў Дзіка за плячо і папераджальна ўзняў палец.

— Тсс! — сказаў ён.

Дзіўны гук парушыў цішыню. Ён паўтарыўся яшчэ некалькі разоў, перш чым яны здагадаліся, што ён азначае. Гэта адкашліваўся нейкі чалавек, хутчэй за ўсё магутнага складу. Затым хрыплы, фальшывы голас заспяваў: