Выбрать главу

Кароль спытаў лагодны ў вясёлых малайцоў:

«Навошта ж вы жывеце ў цяні густых лясоў?»

І Гамелін адказвае (яму нязнаны страх):

«Каму нялюбы горад, той блудзіць па лясах».

Спявак змоўк; дзесьці бразнула жалеза, і ўсё заціхла.

Хлопчыкі глядзелі адзін на аднаго. Іх нябачны сусед, хто б ён ні быў, знаходзіўся дзесьці непадалёку ад развалін дома. Мэтчэм раптоўна пачырванеў і рушыў наперад; па трухлявым бервяне ён перайшоў цераз роў і асцярожна палез на велізарную кучу смецця, што запаўняла сярэдзіну разбуранага дома. Дзік не паспеў яго затрымаць, і зараз яму заставалася толькі рухацца за ім.

У кутку разбуранага дома два бервяны ўпалі крыж-накрыж, адгарадзіўшы ад смецця пустую прастору, не большую за камору. Хлопчыкі спусціліся туды і схаваліся. Праз маленькую байніцу ім было відаць усё, што адбываецца ззаду дома.

Тое, што яны ўбачылі, прымусіла іх здранцвець ад жаху. Пайсці адсюль было немагчыма; яны ж і дыхаць амаль не маглі. Каля рова, футаў за трыццаць ад таго месца, дзе яны сядзелі, гарэла вогнішча; над кастром вісеў жалезны кацёл, з якога клубілася густая пара, а побач з вогнішчам стаяў высокі, абадраны, чырванатвары чалавек. У правай руцэ ён трымаў жалезную лыжку; з-за пояса ў яго тырчалі паляўнічы рог і палохаючых памераў кінжал. Здавалася, ён да чагосьці прыслухоўваецца; відаць, ён чуў, як яны прабраліся ў руіны дома. Гэта і быў, несумненна, спявак; ён, верагодна, памешваў у катле, калі да яго слыху даляцеў падазроны шоргат, які ўтварыўся ад неасцярожнага дотыку нагі да кучы смецця. Крыху воддаль ляжаў, захутаўшыся ў карычневы плашч, яшчэ адзін чалавек; ён моцна спаў. Матылёк пырхаў над яго тварам. Увесь лужок быў белы ад маргарытак. На квітнеючым кусце глогу віселі лук, калчан са стрэламі і кавалак аленевай тушы.

Нарэшце цыбаты чалавек перастаў прыслухоўвацца, паднёс лыжку да рота, лізнуў яе і зноў узяўся мяшаць у катле, напяваючы:

Каму нялюбы горад, той блудзіць па лясах, -

хрыпла праспяваў ён, вяртаючыся да тых самых слоў сваёй песні, на якіх спыніўся.

Нікому, сэр, на свеце мы не жадаем зла,

Ды ў ланей каралеўскіх падчас ляціць страла.

Час ад часу ён чэрпаў з катла сваё варыва, як заўзяты кухар, дзьмуў на яго і каштаваў. Нарэшце ён, відаць, вырашыў, што поліўка зварылася, выцягнуў з-за пояса рог і тройчы пратрубіў поклічны сігнал.

Сонны прачнуўся, павярнуўся на другі бок, адагнаў матылька і паглядзеў ва ўсе бакі.

— Чаго ты трубіш, брат? — спытаў ён. — Абедаць час, ці што?

— Але, дуралей, абедаць, — сказаў кухар. — Неважнецкі абед, без элю і без хлеба. Нявесела зараз у зялёных лясах. А бывалі часіны, калі добры чалавек мог тут жыць, як архіепіскап, не баючыся ні дажджоў, ні маразоў; і элю і віна было ўдосталь. Але цяпер дух адвагі пагас у людскіх сэрцах; а гэты Джон Помшчу-за-ўсіх, ратуй нас Бог і злітуйся, проста вароніна пудзіла.

— Табе абы наесціся і напіцца, Лоўлес, — адказаў яго суразмоўца. — Пачакай, яшчэ вернуцца добрыя часіны.

— Я з дзяцінства чакаю добрых часін, — сказаў кухар. — Быў я манахам-францысканцам, быў каралеўскім стралком; быў мараком і плаваў па салёным моры; даводзілася мне бываць і ў зялёным лесе, прыходзілася падстрэльваць каралеўскіх ланей. І чаго ж я дасягнуў? Нічога! Дарэмна я не застаўся ў манастыры. З ігуменам Джонам жыць было выгадней, чым з Джонам Помшчу-за-ўсіх. Клянуся Багародзіцай, вось і яны!

На паляне адзін за адным з'яўляліся рослыя, моцныя малайцы, у кожнага быў нож і кубак, зроблены з каровінага рога; зачэрпнуўшы варыва з катла, яны садзіліся на траву і елі. І апрануты і ўзброены яны былі па-рознаму; адны насілі грубатканыя сарочкі, і ўся зброя іх складалася з нажа ды старога лука; іншыя апраналіся, як сапраўдныя лясныя франты: шапкі і курткі з цёмна-зялёнага сукна, зграбныя стрэлы, упрыгожаныя пер'ем, за поясам — рог на перавязі, меч і кінжал на баку. Яны былі вельмі галодныя і таму гаварылі мала; ледзь прабурчаўшы прывітанне, кожны прагна накідваўся на яду.

Іх сабралася ўжо чалавек дваццаць, калі ў кустах глогу раптам пачуліся радасныя галасы і на паляне з'явіліся яшчэ пяцёра: рослы, дзябёлы чалавек з сівымі валасамі, з загарэлым, як правэнджаны кумпяк, тварам і за ім чацвера з насілкамі. Няцяжка было ўгадаць у першым начальніка: за плячыма ў яго вісеў лук, у руцэ ён трымаў рагаціну.

— Хлопцы! — крыкнуў ён. — Вясёлыя мае сябры! Вы тут елі ўсухама і свісталі ад голаду! Але я заўсёды казаў: пацярпіце, шчасце яшчэ ўсміхнецца нам. І яно пачало ўжо ўсміхацца. Вось першы пасланец шчасця — добры эль!

І пад гул радасных воклічаў насільшчыкі апусцілі насілкі, на якіх аказалася даволі вялікая бочачка.