Выбрать главу

— Не спяшайцеся, хлопцы, — працягваў ён. — Нас чакае справа. Да перавозу падышоў атрад стралкоў. Адзенне на іх чырвонае з сінім; кожны з іх — мішэнь, кожны зведае нашы стрэлы, ніводзін не выйдзе з лесу жывы. Нас тут пяцьдзесят чалавек, і кожны з нас пакрыўджаны: у аднаго ўкралі зямлю, у другога — сяброў; аднаго абняславілі, другога выгналі. Мы ўсе пакрыўджаныя! Хто ж нас пакрыўдзіў? Сэр Дэніэл, клянуся распяццем! Няўжо мы яму дазволім спакойна карыстацца ўкрадзеным у нас дабром? Сядзець у нашых дамах? Араць наша поле? Есці мяса нашых быкоў? Не, не дазволім! Яго абараняе закон; пёры судзейскіх пісак заўсёды на яго баку. Але я збярог для яго ў сябе за поясам такія пёры, з якімі яму не саўладаць!

Кухар Лоўлес піў ужо другі рог элю; ён прыўзняў яго як бы вітаючы прамоўцу.

— Майстар Эліс, — сказаў ён, — вы думаеце толькі аб помсце. Ну што ж, вам так і належыць. Але ў нас, у вашых бедных братоў па зялёным лесе, ніколі не было ні земляў, ні сяброў, і нам аплакваць няма чаго; мы людзі маленькія і думаем мы не аб помсце, а аб прыбытку. Самай салодкай помсце ў свеце мы аддаём перавагу высакароднаму золату і мяху з канарскім віном.

— Лоўлес, — пачуўся адказ, — каб вярнуцца ў замак Мот, сэр Дэніэл павінен прайсці праз лес. Мы паклапоцімся аб тым, каб гэты шлях абышоўся яму даражэй за ўсялякую бітву. Усе вядомыя сябры яго разбіты, і ніхто яму не дапаможа. Мы акружым старога ліса з усіх бакоў, і ён загіне. Гэта тлустая здабыча! Яе хопіць на абед нам усім.

— Багата я ўжо еў такіх абяцаных абедаў, — сказаў Лоўлес. — Але гатаваць іх — справа цяжкая, добры майстар Эліс, можна апячыся. А чым мы займаемся ў чаканні гэтага тлустага абеду? Мы майструем чорныя стрэлы, мы сачыняем вершыкі, мы п'ём чыстую халодную ваду — самы непрыемны напітак.

— Ты няверны чалавек, Уіл Лоўлес. Ад цябе ўсё яшчэ пахне манастырскай кладоўкай. Прагнасць загубіць цябе, — адказаў Эліс. — Мы забралі дваццаць фунтаў у Эпльярда. Мы забралі сем марак у ганца ўчора ноччу. Трэцяга дня мы забралі пяцьдзесят у купца…

— А сягоння, — сказаў адзін з малайцоў, — я спыніў каля Халівуда тлустага гандляра індульгенцыямі. Вось яго кашалёк.

Эліс пералічыў грошы ў кашальку.

— Сто шылінгаў! — прабурчаў ён. — Дурань, у яго, напэўна, намнога больш было схавана ў чаравіках або зашыта ў капюшон. Ты немаўля, Том К'юкоў, ты выпусціў рыбку.

Тым не менш Эліс неяк нядбайна сунуў кашалёк сабе ў кішэню. Ён стаяў, абапіраючыся на рагаціну, і разглядваў сваіх таварышаў. Яны прагна глыталі поліўку з аленіны, запіваючы яе элем. Дзень выдаўся слаўны, ім пашанцавала; аднак іх чакалі тэрміновыя справы, і яны не затрымліваліся над ядой. Тыя, хто прыйшоў першы, ужо адпалуднавалі і або паваліліся ў траву і адразу заснулі, як сытыя ўдавы, або балбаталі паміж сабою, або прыводзілі зброю ў парадак. Адзін весялун падняў рог з элем і заспяваў:

Прывольна вясной пад шатай лясной -

Вясёлы і добры ідзеш!

Пах дзіўны і свежы сяброўскае ежы,

Калі ты аленя заб'еш!

Нагоніць дажджоў, халодных вятроў -

Не рады зімоваму дню.

З гульбой развітайся, дадому вяртайся,

Сядзі да вясны ля агню.

Хлопчыкі ляжалі і слухалі. Рычард зняў свой арбалет і трымаў напагатове жалезны кручок, каб нацягнуць цеціву. Яны баяліся паварушыцца; уся гэтая сцэна з ляснога жыцця прайшла перад іх вачыма, быццам у тэатры. Але тут раптам настаў антракт: пачуўся пранізлівы свіст, затым гулкі трэск, і абломкі стралы ўпалі да ног хлопчыкаў. Над тым самым месцам, дзе яны затаіліся, узвышаўся комін; яго, мабыць, і выбраў сваёй мішэнню нябачны стралок — гэта быў вартавы, якога яны бачылі на хвоі. Мэтчэм ціхенька ўскрыкнуў; нават Дзік уздрыгнуў і выпусціў кручок. Аднак людзей, якія сядзелі на палянцы, страла гэтая не спалохала; для іх яна была ўмоўным сігналам, а яго яны даўно чакалі. Яны ўсе разам падхапіліся на ногі, зацягваючы паясы, правяраючы цецівы, выцягваючы з похваў мячы і кінжалы. Эліс падняў руку; твар яго асвяціўся нястрымнай энергіяй, бялкі вачэй ярка паблісквалі на загарэлым твары.

— Хлопцы, — сказаў ён, — вы ўсе ведаеце сваю справу. Няхай ніводная душа не выслізне жывой з вашых рук! Эпльярд — гэта быў усяго толькі глыток віскі перад абедам; а зараз пачнецца самы абед. Я павінен адпомсціць за трох: за Гары Шэлтана, за Саймона Мэлмсбэры і… — тут ён стукнуў сябе кулаком у шырокія грудзі, — і за Эліса Дэкуорта. І, клянуся небам, я адпомшчу!

Якісьці чалавек, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, прадзёрся праз кусты і выбег на паляну.

— Гэта не сэр Дэніэл! — прамовіў ён, цяжка дыхаючы. — Іх усяго сем чалавек. Страла даляцела да вас?