Выбрать главу

Але вось маленькі атрад зноў рушыў у дарогу і хутка дабраўся да адкрытай паляны, якая зарасла верасам; лес уразаўся ў яе доўгім вузкім клінам, што даходзіў да самай сцежкі. Ледзь коннікі наблізіліся да яе, як у паветры мільганула страла. Адзін з вершнікаў пляснуў рукамі, конь яго ўздыбіўся, і абодва яны рухнулі на зямлю. Усе закрычалі так гучна, што хлопчыкі пачулі іх крык са свайго пагорка. Адтуль таксама было відаць, як тузануліся спалоханыя коні, і як адзін воін спрабаваў спешыцца, калі коннікі крыху акрыялі ад нечаканасці. Яшчэ адна страла, пушчаная з большай адлегласці, чым першая, апісала ў паветры шырокую дугу: другі вершнік таксама зваліўся ў пыл. Воін, які злез з каня, выпусціў аброць, і конь памчаўся галопам, цягнучы яго за нагу па зямлі, па камянях, топчучы капытамі. Астатнія чацвера, што засталіся ў сёдлах, падзяліліся — адзін, гучна крычучы, паскакаў назад да перавозу, а трое іншых, кінуўшы павады, панесліся на ўвесь мах уперад, да Тэнстола. З-за кожнага дрэва ў іх ляцелі стрэлы. Неўзабаве адзін конь упаў, але воін паспеў падхапіцца на ногі; ён бег услед за сваімі таварышамі, пакуль і яго не збіла страла. Яшчэ адзін чалавек упаў і яшчэ адзін конь. З усяго атрада ацалеў толькі адзін, але і ў яго ўжо не было каня. Удалечыні заціх тупат трох перапалоханых коней, якія страцілі сваіх седакоў.

За ўвесь гэты час ніводзін з нападаючых не паказаўся з засады. Толькі на сцежцы валяліся коні і людзі, якія курчыліся ў перадсмяротных пакутах. Але ў іх ворагаў не было міласэрнасці — ніхто не выйшаў з засады, каб пазбавіць іх мучэнняў.

Ацалелы вершнік спыніўся разгублена каля свайго мёртвага каня. Ён апынуўся ў канцы той самай паляны з гаёчкам, якую Дзік паказаў Мэтчэму, на адлегласці якіх-небудзь пяцісот ярдаў ад месца, дзе ляжалі хлопчыкі. Яны выразна бачылі, як ён трывожна азіраўся па баках, чакаючы смерці. Але ніхто яго не чапаў, і мала-памалу мужнасць вярнулася да яго. Раптам ён скінуў з пляча свой лук і нацягнуў цеціву. Дзік пазнаў яго па руху рук. То быў Сэлдэн. Пры такой спробе да супраціўлення ўвесь лес зарагатаў. Відаць, у гэтай жорсткай і несвоечасовай весялосці ўдзельнічала не менш дваццаці чалавек. Над плячом Сэлдэна праляцела страла. Ён уздрыгнуў і адхіснуўся. Другая страла торкнулася ў зямлю каля самых яго ног. Ён схаваўся за дрэвам. Трэцяя страла, накіраваная, здавалася, яму прама ў твар, упала за некалькі крокаў ад яго. Затым зноў пачуўся гулкі рогат, што перабягаў, як рэха, ад аднаго куста да другога.

Было зразумела, што нападаючыя проста дражняць няшчаснага, як у тыя часы дражнілі звычайна быка перад тым як забіць, або як кошка і па сённяшні дзень забаўляецца з мышшу. Змаганне даўно скончылася. Адзін з лясных зухаў ужо выйшаў на сцежку і спакойна падбіраў стрэлы, а яго таварышы цешылі свае жорсткія сэрцы відовішчам пакут бліжняга.

Сэлдэн зразумеў, што яго дражняць. З шалёным воклічам ён нацягнуў свой лук і наўздагад пусціў стралу ў гушчар лесу. Яму пашанцавала — хтосьці ўскрыкнуў ад болю. Сэлдэн кінуў свой лук і памчаўся ўгару па схіле, якраз туды, дзе ляжалі Дзік і Мэтчэм.

Лясныя зухі пачалі абстрэльваць яго не на жарты. Але яны позна спахапіліся, і як бы ў адплату за іх жорсткасць шчасце ад іх адвярнулася і цяпер ім даводзілася страляць супраць сонца. Сэлдэн на бягу кідаўся то ўправа, то ўлева, каб збіць іх і не даць ім прыцэліцца. Ужо тым, што кінуўся бегчы ўверх па схіле, ён зблытаў усе іх разлікі: з другога боку сцежкі ў іх не было ніводнага стралка, акрамя таго адзінага, якога Сэлдэн ці то забіў, ці то параніў. Шайка, відаць, разгубілася. Хтосьці тройчы свіснуў, потым яшчэ два разы. Здалёку даляцеў сустрэчны свіст. Увесь лес напоўніўся шумам крокаў і трэскам галін. Спалоханая лань выскачыла на паляну, пастаяла на трох нагах, панюхала паветра і зноў знікла ў нетры.

Сэлдэн працягваў бегчы, скачучы з боку на бок. Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але ніводная не трапляла ў яго. Яшчэ крыху, здавалася, і ён будзе выратаваны. Дзік трымаў напагатове свой арбалет, каб дапамагчы яму. Нават Мэтчэм, забыўшы аб сваёй нянавісці да сэра Дэніэла, у глыбіні душы спачуваў няшчаснаму ўцекачу. Сэрцы абодвух хлопчыкаў сутаргава біліся.

Сэлдэн быў усяго за пяцьдзесят ярдаў ад іх, як раптам у яго трапіла страла, і ён упаў. Праўда, праз імгненне ён ужо зноў быў на нагах; але цяпер ён хістаўся на кожным кроку і, быццам сляпы, пабег у іншы бок.

Дзік падхапіўся на ногі і замахаў рукой.

— Сюды! — крыкнуў ён. — Сюды! Мы дапаможам табе! Бяжы! Бяжы!