Між тым шум удалечыні ўсё ўзмацняўся; вецер даносіў ляскатанне вазоў, конскі тупат, крыкі воінаў. Зразумела было, што цэлая армія, быццам паводка, хлынула на дарогу.
Дзік нахмурыўся. Па гэтай дарозе ён збіраўся ісці да павароту на Халівуд, а зараз трэба было шукаць іншы шлях. А галоўнае, ён пазнаў сцягі графа Райзінгэма і зразумеў, што прыхільнікі Ланкастэрскай ружы пацярпелі поўнае паражэнне. Ці паспеў сэр Дэніэл далучыцца да ланкастэрцаў? Няўжо і ён таксама разбіты? Няўжо і ён уцёк? Ці, можа, ён запляміў свой гонар здрадай і перайшоў на бок Йорка? Невядома, што горш.
— Хадзем, — панура сказаў Дзік.
І пабрыў назад у гушчар. Мэтчэм стомлена калдыбаў за ім.
Яны моўчкі ішлі па лесе. Ужо было позна; сонца апускалася ў балота за Кэтлі; вяршаліны дрэў барвянелі ў яго промнях, але цені рабіліся ўсё гусцейшымі, і ў паветры павеяла начным холадам.
— Эх, каб паесці! — усклікнуў Дзік, спыніўшыся.
Мэтчэм сеў на зямлю і заплакаў.
— Вось з-за вячэры ты плачаш, затое, калі трэба было ратаваць людзей, ты быў спакойны, — пагардліва сказаў Дзік. — На тваім сумленні сем чалавек, майстар Джон; і гэтага я табе ніколі не дарую.
— На маім сумленні? — усклікнуў Мэтчэм люта. — На маім? А на тваім кінжале чырвоная чалавечая кроў! За што ты забіў бедака? Ён узняў лук, але не выстраліў; ён мог цябе забіць, але пашкадаваў! Вялікая храбрасць — забіць бяззбройнага, як кацяня!
Дзік аслупянеў ад знявагі.
— Я забіў яго ў сумленным баі. Я кінуўся на яго, калі ён падняў лук! — усклікнуў ён.
— Ты забіў яго, як баязлівец, — запярэчыў Мэтчэм. — Ты крыкун і выхваляка, майстар Дзік! У кожнага, хто мацнейшы за цябе, ты будзеш валяцца ў нагах! Ты не ўмееш помсціць. Смерць твайго бацькі засталася неадпомшчанай, і яго няшчасны дух дарэмна моліць аб адплаце. А вось калі якая-небудзь слабая істота, якая не ўмее біцца, пасябруе з табой, яна загіне.
Дзік быў занадта разлютаваны, каб звярнуць увагу на слова «яна».
— Лухта! — крыкнуў ён. — Вазьмі любых двух чалавек, і заўсёды высветліцца, што адзін дужэйшы, а другі слабейшы. Моцны перамагае слабага, і гэта правільна. А цябе, майстар Мэтчэм, за тваё свавольства і няўдзячнасць варта адлупцаваць папружкай, і я цябе адлупцую.
І Дзік, які ўмеў у самым моцным гневе здавацца спакойным, пачаў расшпільваць свой пояс.
— Вось што ты атрымаеш на вячэру, — сказаў ён, змрочна ўсміхаючыся.
Мэтчэм перастаў плакаць; ён быў белы як палатно, але цвёрда глядзеў Дзіку ў твар і не рухаўся. Дзік ступіў уперад, падняў папружку. Але тут жа спыніўся, збянтэжаны вялікімі вачыма і асунутым, стомленым тварам свайго таварыша. Дзік завагаўся.
— Прызнайся, што ты несправядлівы, — запінаючыся, прамовіў ён.
— Не, я справядлівы, — сказаў Мэтчэм. — Бі мяне! Я кульгаю; я стаміўся; я не супраціўляюся; я не зрабіў табе нічога кепскага. Дык бі ж мяне, баязлівец!
Пачуўшы гэтыя зневажальныя словы, Дзік узмахнуў папружкай, але Мэтчэм так уздрыгнуў, так сцяўся ўвесь ад страху, што ў Дзіка зноў не хапіла рашучасці нанесці ўдар. Рука з папружкай апусцілася; ён не ведаў, што рабіць, і адчуваў сябе дурнем.
— Каб ты здох ад чумы! — сказаў ён. — Калі ў цябе слабыя рукі, дык прытрымай свой язык. Але біць я цябе не магу, хай мяне лепш павесяць. — І ён падперазаў свой пояс. — Біць я цябе не буду, — працягваў ён, — але дараваць табе я ніколі не дарую. Я цябе не ведаў. Ты быў ворагам майго валадара; я аддаў табе свайго каня; я аддаў табе свой абед, а ты казаў, што я зроблены з дрэва. Ты абазваў мяне баязліўцам і выхвалякам. Не, мера майго цярпення перапоўнена, клянуся! Цяпер я ўжо бачу, як выгадна быць слабым: ты можаш здзяйсняць самыя брыдкія ўчынкі, і ніхто цябе не пакарае; ты можаш украсці ў чалавека зброю, калі яму пагражае небяспека, і чалавек гэты не пасмее запатрабаваць яе ў цябе, — ты ж такі слабы! Значыць, калі хто-небудзь скіруе на цябе дзіду і крыкне табе, што ён слабы, ты павінен дазволіць яму пранізаць цябе? Лухта! Глупства!
— А ўсё-такі ты мяне не лупцуеш, — сказаў Мэтчэм.
— Чорт з табой! — адказаў Дзік. — Я займуся тваім выхаваннем. Ты кепска выхаваны, але ўсё ж у табе ёсць штосьці добрае, і галоўнае, — ты выцягнуў мяне з ракі. Зрэшты, аб гэтым я згадваць не хачу. Я вырашыў быць гэтакім жа няўдзячным, як ты. Аднак трэба ісці. Калі ты хочаш трапіць у Халівуд сягоння ноччу або хоць бы заўтра раніцой, мы павінны спяшацца.