Выбрать главу

Але калі да Дзіка і вярнулася яго лагоднасць, Мэтчэм не дараваў яму нічога. Нялёгка яму было забыць і грубасць Дзіка, і забойства ляснога зуха, і, самае галоўнае, узнятую папружку.

— Дзеля прыстойнасці дзякую табе, — сказаў Мэтчэм. — Але, бадай, я і без цябе знайду дарогу, добры майстар Шэлтан. Лес шырокі; ты кроч налева, а я пайду направа. Я ў цябе ў даўгу: ты накарміў мяне абедам і прачытаў мне натацыю; пры выпадку я аддзячу цябе. Усяго добрага!

— Ну і ідзі! — крыкнуў Дзік. — І чорт з табой!

Яны пайшлі ў розныя бакі, не клапоцячыся аб напрамку і думаючы толькі аб сваёй спрэчцы. Але не прайшоў Дзік і дзесяці крокаў, як Мэтчэм аклікнуў яго і пабег за ім.

— Дзік, — сказаў ён, — мы нядобра з табой развіталіся. Вось табе мая рука і вось табе маё сэрца. За ўсё, што ты зрабіў для мяне, за тваю дапамогу мне я дзякую табе, і не з прыстойнасці толькі, а ад усёй душы. Усяго табе добрага!

— Ну што ж, дружа, — сказаў Дзік, ціснучы працягнутую руку, — жадаю, каб табе шанцавала ва ўсім. Але баюся, што не пашанцуе. Надта ўжо ты любіш спрачацца.

Яны рассталіся другі раз. І зноў разлука іх не адбылася. Але цяпер ужо не Мэтчэм пабег за Дзікам, а Дзік за Мэтчэмам.

— Вазьмі мой арбалет, — сказаў ён. — Бо ў цябе няма ніякай зброі.

— Арбалет? — усклікнуў Мэтчэм. — Ды мне не хопіць сілы нацягнуць яго. Да таго ж я і цэліцца не ўмею. Арбалет не прынясе мне ніякай карысці, добры хлопчык. Дзякуй табе.

Набліжалася ноч, і ў цяні галін яны ўжо з цяжкасцю адрознівалі твар адзін аднаго.

— Пачакай, я крыху правяду цябе, — сказаў Дзік. — Ноч цёмная. Я давяду цябе хоць бы да сцяжынкі, а то адзін ты можаш заблудзіцца.

Ён не сказаў больш ні слова і пайшоў уперад, а Мэтчэм зноў пабрыў за ім. Рабілася ўсё цямней і цямней; толькі зрэдку праз густыя галіны бачылі яны неба, усыпанае дробнымі зоркамі. Шум разбітай арміі ланкастэрцаў усё яшчэ далятаў да іх, але з кожным крокам ён чуўся слабей і цішэй.

Прыкладна праз паўгадзіны яны выйшлі на вялікую паляну, зарослую верасам. Дзе-нідзе, быццам астраўкі, над ёю ўзвышаліся нетры цісаў, слаба асветленыя пабліскваннем зорак. Хлопчыкі спыніліся і паглядзелі адзін на аднаго.

— Ты стаміўся? — спытаў Дзік.

— Я так стаміўся, — адказаў Мэтчэм, — што хацеў бы легчы і памерці.

— Я чую журчанне ручая, — сказаў Дзік. — Дойдзем да яго і нап'ёмся; мяне мучыць смага.

Мясцовасць прыкметна паніжалася, і, сапраўды, на дне даліны яны знайшлі маленькі бруісты ручаёк, які бег паміж вербамі. Яны ўпалі ніцма на зямлю і, выцягнуўшы губы, удосталь напіліся вады, у якой адбіваліся зоркі.

— Калі мы спускаліся сюды, я бачыў якуюсьці яму, — сказаў Дзік. — Залезем у яе і заснём.

— Ах, як я хачу спаць! — усклікнуў Мэтчэм.

Яма была пясчаная і сухая; галіны кустоў, быццам павець, схіляліся над ёю. Хлопчыкі залезлі ў яму, леглі і моцна прыціснуліся адзін да аднаго, каб сагрэцца; сварка іх была забыта. Сон ахінуў іх, як воблака, і яны мірна заснулі пад расою і зоркамі.

Раздзел VII

Чалавек з закрытым тварам

Яны прачнуліся ў перадсвітальных прыцемках. Птушкі яшчэ не спявалі, а толькі няўпэўнена шчабяталі; і сонца яшчэ не паднялося, але ўвесь усходні край неба быў ахоплены ўрачыстай шматколернай зарой. Галодныя, змучаныя, яны нерухома ляжалі ў салодкай млявасці. І раптам пачулі дзвынканне званочкаў.

— Звоняць! — сказаў Дзік, прыўзнімаючыся. — Няўжо мы так блізка ад Халівуда?

Званочак дзвынкнуў зноў і на гэты раз намнога бліжэй; надтрэснуты гук яго, які парушыў ранішнюю цішыню, ужо не змаўкаў, увесь час набліжаючыся.

— Што гэта? — спытаў Дзік, канчаткова прачынаючыся.

— Хтосьці ідзе, — адказаў Мэтчэм, — і пры кожным яго кроку звініць званочак.

— Я гэта і сам разумею, — сказаў Дзік. — Але хто можа блукаць тут са званочкам? Каму патрэбен званочак у Тэнстолскім лесе? Джон, — дадаў ён, — смейся нада мной, калі хочаш, але мне гэты звон не падабаецца.

— Але, — сказаў Мэтчэм і ўздрыгнуў, — у гэтым звоне ёсць штосьці журботнае. Калі б не світанне…

Але тут званочак зазвінеў намнога мацней і раптам змоўк.

— Можна падумаць, што нехта бег са званочкам, прачытаў «Ойча наш» і з разгону скочыў у ваду, — заўважыў Дзік.

— А цяпер ён зноў ідзе марудна, — дадаў Мэтчэм.