— Мне ўсё роўна, — прастагнаў Дзік. — Я зусім аслабеў, ногі ў мяне як салома. Хай ратуюць нас святыя!
— Няўжо ты так і будзеш тут ляжаць? — усклікнуў Мэтчэм. — Уцякайма назад, на паляну. Там бяспечней. Там яму не ўдасца падкрасціся да нас незаўважна.
— Я нікуды не пабягу, — сказаў Дзік. — У мяне няма сілы. Будзем спадзявацца, што ён пройдзе міма.
— Дык нацягні свой арбалет! — усклікнуў Мэтчэм. — Будзь мужчынам.
Дзік перахрысціўся.
— Няўжо ты хочаш, каб я страляў у пракажонага? — сказаў ён. — У мяне рука не падымецца. Будзь што будзе! — дадаў ён. — Я магу змагацца са здаровымі людзьмі, але не з прывідамі і пракажонымі. Не ведаю, ці прывід гэта, ці пракажоны, але няхай абароніць нас неба і ад таго і ад другога!
— Дык вось якая праслаўленая храбрасць мужчыны! — сказаў Мэтчэм. — Як мне шкада няшчасных мужчын! Ну што ж, калі ты нічога не хочаш рабіць, дык давай ляжаць ціха.
Званочак адрывіста дзвынкнуў.
— Ён знянацку адпусціў язычок, — шапнуў Мэтчэм. — Божа, як ён блізка!
Дзік нічога не адказаў, зубы яго ляскалі.
Пракажоны ўжо цьмяна бялеў за галінамі кустоў, потым з-за ствала высунулася яго галава, здавалася, ён уважліва вывучаў мясцовасць. Хлопчыкам ад страху мроілася, што кусты шаргацяць лісцямі і трашчаць галінамі, як жывыя; і кожнаму было чуваць, як б'ецца сэрца другога.
Раптам пракажоны з воклічам выскачыў з-за кустоў і пабег прама на хлопчыкаў. Моцна крычучы, яны кінуліся ў розныя бакі. Але іх страшны вораг хутка дагнаў Мэтчэма і моцна схапіў яго. Лясное рэха падхапіла адчайны крык Мэтчэма. Ён сутаргава затрапятаўся і страціў прытомнасць.
Дзік пачуў крык і павярнуўся. Ён убачыў, што Мэтчэм упаў, і да яго адразу вярнуліся сілы і мужнасць. З воклічам гневу і жалю ён зняў з пляча арбалет і нацягнуў цеціву. Але пракажоны спыніў яго, падняўшы руку.
— Не страляй, Дзікон! — пачуўся знаёмы голас. — Не страляй, храбрэц! Няўжо ты не пазнаў сябра?
Чалавек паклаў Мэтчэма на траву, скінуў з галавы мяшок, і Дзік убачыў твар сэра Дэніэла Брэклі.
— Сэр Дэніэл! — усклікнуў Дзік.
— Так, я сэр Дэніэл, — адказаў рыцар. — Ты ледзь не застрэліў свайго апекуна, шэльма! Але вось гэты… — ён кіўнуў на Мэтчэма. — Як ты яго называеш, Дзік?
— Я яго называю майстрам Мэтчэмам, — сказаў Дзік. — Хіба вы яго не ведаеце? А ён казаў, што вы яго ведаеце!
— Але, я яго ведаю, — адказаў сэр Дэніэл і ўсміхнуўся. — Ён самлеў, і, клянуся небам, яму ёсць ад чаго траціць прытомнасць. Прызнайся, Дзік, што я напалохаў цябе да смерці?
— Страшэнна напалохалі, сэр Дэніэл, — сказаў Дзік, уздыхнуўшы пры адным успаміне аб сваім спалоху. — Даруйце мне, сэр, за дзёрзкія словы, але мне падалося, што я сустрэў самога д'ябла. Сказаць шчыра, я да гэтага часу дрыжу. Чаму вы так прыбраліся, сэр?
Сэр Дэніэл гнеўна нахмурыўся.
— Чаму я так прыбраўся? — перапытаў ён. — Таму, Дзік, што нават у маім уласным Тэнстолскім лесе майму жыццю пагражае небяспека. Нам не пашанцавала, мы прыбылі на самы разгром. Дзе ўсе мае слаўныя воіны? Дзік, клянуся небам, я не ведаю, дзе яны! Мы былі адбіты. Стрэлы касілі нас, трох забілі ў мяне на вачах. З таго часу я не бачыў ніводнага майго воіна. Мне ўдалося цэлым і жывым дабрацца да Шорбі. Там, асцерагаючыся «Чорнай стралы», я прыкінуўся пракажоным і асцярожна пабрыў да замка Мот, пазвоньваючы званочкам. Гэта самы зручны ўбор на свеце; самы дзёрзкі разбойнік пусціцца наўцёкі, пачуўшы звон майго званочка. Гэты гук здольны сагнаць колер з любога твару. Я іду і раптам натыкаюся на цябе і Мэтчэма. Я вельмі дрэнна бачу праз мяшок і не быў упэўнены, вы гэта ці не вы. І па многіх прычынах я здзівіўся, сустрэўшы вас разам. Акрамя таго я баяўся, што на адкрытай паляне мяне могуць пазнаць. Але паглядзі, — перабіў ён сябе, — бядак ужо амаль ачуўся. Глыток добрага канарскага віна адразу яго ажывіць.
Рыцар выняў з-пад сваёй доўгай вопраткі вялікую бутэльку. Ён расцёр хвораму скроні і змачыў яму губы. Джон апрытомнеў і цьмяным позіркам глядзеў то на аднаго, то на другога.
— Якая радасць, Джон! — сказаў Дзік. — Гэта быў зусім не пракажоны, гэта быў сэр Дэніэл! Паглядзі сам!
— Выпі глыток, — сказаў рыцар. — Ты адразу станеш малайцом. Я вас накармлю, і мы ўтрох пойдзем у Тэнстол. Прызнаюся табе, Дзік, — працягваў ён, раскладваючы на траве хлеб і мяса, — я буду адчуваць сябе ў бяспецы толькі тады, калі апынуся ў чатырох сценах. З таго часу, як я ўпершыню сеў на каня, мне ніколі не было так кепска. Небяспека пагражае і майму жыццю, і маёй маёмасці, а тут яшчэ гэтыя лясныя бадзягі апалчыліся на мяне. Але я так лёгка не здамся! Некаторым маім воінам удасца дабрацца дахаты, ды ў Хэтча засталося дзесяць чалавек, і ў Сэлдэна шэсць. Не, мы хутка зноў будзем моцныя! І калі мне ўдасца купіць мір у шчаслівага і недастойнага лорда Йорка, мы з табою, Дзік, хутка зноў станем людзьмі і будзем раз'язджаць вярхом на конях!