Выбрать главу

З гэтымі словамі рыцар напоўніў рог канарскім віном і падняў яго, збіраючыся выпіць за здароўе свайго выхаванца.

— Сэлдэн… — пачаў Дзік, запінаючыся. — Сэлдэн…

І замоўк.

Сэр Дэніэл адкінуў рог, не выпіўшы віна.

— Што? — усклікнуў ён дрыготкім голасам. — Сэлдэн? Кажы! Што здарылася з Сэлдэнам?

Дзік расказаў, як трапіў у засаду і як быў знішчаны атрад, пасланы сэрам Дэніэлам.

Рыцар слухаў моўчкі, але твар яго падрыгваў ад гневу і гора.

— Клянуся маёй правай рукой, я адпомшчу! — закрычаў ён. — Калі мне не ўдасца адпомсціць, калі я не заб'ю дзесяць ворагаў за кожнага з маіх забітых воінаў, няхай гэтая рука адсохне. Я зламаў гэтага Дэкуорта, як чарацінку, я выгнаў яго з дому, я спаліў дах над яго галавой, я прагнаў яго з гэтай краіны; і цяпер ён вярнуўся, каб шкодзіць мне? Ну, Дэкуорт, гэтым разам табе давядзецца дрэнна.

Ён замоўк, толькі твар яго працягваў падрыгваць.

— Што ж вы не ядзіце! — крыкнуў ён раптоўна. — А ты, — звярнуўся ён да Мэтчэма, — пакляніся мне, што пойдзеш са мной у замак Мот.

— Клянуся маім гонарам, — адказаў Мэтчэм.

— Што я буду рабіць з тваім гонарам? — крыкнуў рыцар. — Пакляніся мне шчасцем тваёй маці!

Мэтчэм пакляўся шчасцем маці. Сэр Дэніэл закрыў твар мяшком, узяў званочак і палку. Убачыўшы яго зноў у гэтым жахлівым уборы, хлопчыкі адчулі якісьці страх. Але рыцар быў ужо на нагах.

— Ешце хутчэй, — сказаў ён, — і ідзіце за мною следам у мой замак.

Ён павярнуўся і пабрыў у лес, званочак адлічваў яго крокі. Хлопчыкі не дакрануліся да ежы, пакуль гэты страшны звон не змоўк удалечыні.

— Дык што, ты ідзеш у Тэнстол? — спытаў Дзік.

— Што ж рабіць, — сказаў Мэтчэм, — давядзецца ісці! Я храбрэйшы за спіною сэра Дэніэла, чым у яго на вачах.

Яны наспех паелі і пайшлі па сцяжынцы, якая вяла іх усё вышэй пад гару. Велізарныя букі раслі пасярод зялёных лужкоў; вавёркі і птушкі весела пераскоквалі з галінкі на галінку. Праз дзве гадзіны яны былі ўжо на другім баку грады пагоркаў і ішлі ўніз; неўзабаве за вяршалінамі дрэў паказаліся чырвоныя сцены і дах Тэнстолскага замка.

— Развітайся тут са сваім сябрам Джонам, якога ты ніколі больш не ўбачыш, — сказаў Мэтчэм і спыніўся. — Даруй Джону ўсё, што ён табе зрабіў благога, і ён таксама з радасцю і любоўю даруе табе.

— Навошта? — спытаў Дзік. — Мы абодва ідзём у Тэнстол і будзем бачыцца там вельмі часта.

— Ты ніколі больш не ўбачыш беднага Джона Мэтчэма, які быў такі баязлівы і надакучлівы, але ўсё-такі выцягнуў цябе з ракі. Ты больш не ўбачыш яго, Дзік, клянуся маім гонарам!

Ён растуліў абдымкі. Хлопчыкі абняліся і пацалаваліся.

— Я прадчуваю бяду, Дзік, — працягваў Мэтчэм. — Ты зараз убачыш зусім новага сэра Дэніэла. Да гэтага часу яму ўсё ўдавалася, шчасце само ішло ў рукі, але цяпер лёс павярнуўся супраць яго, і ён будзе кепскім валадаром для нас абодвух. Ён храбры на полі бою, але ў яго хлуслівыя вочы. Зараз у вачах яго спалох, а страх, Дзік, яшчэ люцейшы за воўка! Мы ідзём у яго замак. Святая Марыя, выведзі нас адтуль!

Яны моўчкі спусціліся з пагорка і нарэшце падышлі да лясной цвярдыні сэра Дэніэла — нізкага змрочнага будынка з круглымі вежамі, з мохам і плесенню на сценах і з глыбокім ровам, поўным вады, у якім плавалі гарлачыкі. Пры іх з'яўленні брама расчынілася, пад'ёмны мост апусціўся, і сэр Дэніэл, у суправаджэнні Хэтча і свяшчэнніка, выйшаў ім насустрач.

Кніга другая

ЗАМАК МОТ

Раздзел I

Дзік задае пытанні

Замак Мот стаяў недалёка ад лясной дарогі. Гэта быў чырвоны мураваны прамавугольны будынак, па баках якога ўзвышаліся круглыя вежы з байніцамі і зубцамі. Усярэдзіне замка быў вузкі двор. Праз роў, які меў футаў дванаццаць у шырыню, быў перакінуты пад'ёмны мост. Вада сцякала ў роў па канаве, што злучала яго з лясной сажалкай; уся канава знаходзілася пад аховай дзвюх паўднёвых вежаў. Абараняцца ў такім замку было дужа зручна. Крыху псавалі справу толькі два высокія галіністыя дрэвы паблізу, якія чамусьці забылі ссекчы. Залезшы на іх, варожыя стралкі маглі пагражаць абаронцам замка.